Кожны чалавек на працягу жыцця імкнецца знайсці сваё месца ў грамадстве. Нядзіўна, бо ад гэтага залежаць жыццёвы камфорт, поспехі і дасягненні грамадзяніна. Задумвацца на гэтую тэму неабходна ўжо з ранняга дзяцінства. Менавіта гэта і паспрабавалі зрабіць навучэнцы 5–7 класаў Поразаўскай сярэдняй школы падчас чарговага зянятка ў рамках рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна».
«Я і грамадства» – такой была тэма размовы. Дзеці разгледзелі тры тэматычныя блокі : «У прававой дзяржаве», «Сацыяльная роля ў грамадстве», «Цікавы госць».
У першым блоку навучэнцы ўспомнілі, што азначае тэрмін “грамадства”, даведаліся, якія правы маюць дзеці, якія дакументы ў Рэспубліцы Беларусь абараняюць іх правы, з якога ўзросту чалавек нясе адказнасць за свае ўчынкі.
Падчас другога блока вучні разгледзелі розныя сацыяльныя ролі. Маці папрасіла дапамагчы прыбрацца ў пакоі – вы добры сын ці дачка, пайшлі ў магазін па хлеб – вы пакупнік, сустрэліся з сябрам – вы сябар, адказваеце на ўроку – вы вучань, прыйшлі на прыём да ўрача – вы пацыент. І так да бясконцасці. Я і сям’я, я і клас, я і школа, я і грамадскія месцы – такія накірункі прапанавалі вучням. Яны зразумелі, што кожная сацыяльная роля прад’яўляе да чалавека пэўныя патрабаванні, парушаць якія нельга.
«Усе мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь» – такімі словамі пачаўся трэці тэматычны блок «Цікавы госць». Навучэнцы ўспомнілі, што азначаюць словы грамадзянін, патрыёт, Айчына. Вучні 7 класа яшчэ раз нагадалі ўсім пра абавязак кожнага грамадзяніна ведаць і паважаць сімвалы сваёй дзяржавы. Закончылі сваё выступленне вучні прыгожымі вершамі пра герб, гімн і сцяг. Падагульніла блок Алена Андрушка, загадчыца Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу, дэпутат Поразаўскага сельскага савета дэпутатаў. Алена Уладзіміраўна расказала дзецям пра гады сваёй вучобы, пра знакамітую аднакласніцу, алімпійскую чэмпіёнку Яніну Карольчык.
Мерапрыемства прайшло цікава. Дзеці не былі пасіўнымі слухачамі, яны адказвалі на пытанні, абмяркоўвалі сітуацыі, часам нават спрачаліся. Некаторыя, захопленыя расказам Алены Уладзіміраўны, зрабілі з ёй сэлфі і папрасілі дазволу размясціць фотаздымак ў сацыяльных сетках.
Хутка гэтыя дзеці стануць дарослымі. Яны стануць мужам ці жонкай, маці ці бацькам, спецыялістам у выбранай прафесіі. У іх з’явяцца новыя правы і абавязкі. Але самае галоўнае, каб яны сталі добрымі людзьмі, каб яны любілі і паважалі сваіх бацькоў.
Аксана КАРПОВІЧ, класны кіраўнік 7 класа Поразаўскай СШ