banner
Усе разам – у новы навучальны год (+відэа)
16:45 01 Сентября’21
1270

Сёння, у першы дзень верасня, Дабравольскі ДС СШ зноў напоўніўся дзіцячым смехам. На святочную лінейку, прысвечаную пачатку навучальнага года, сабраліся вучні, іх бацькі, настаўнікі і ганаровыя госці.


Пышныя букеты кветак, прыбраныя дзеці, вясёлая музыка, усхваляваныя бацькі – усё гэта можна было назіраць на школьным двары, дзе праходзіла святочнае мерапрыемства.

Гучнымі апладысментамі сустракалі самых маленькіх школьнікаў – першакласнікаў з першай настаўніцай Наталляй Камаровай, якія патрапілі сёння ў краіну ведаў. Наперадзе іх чакае цікавае і пазнавальнае падарожжа, якое будзе доўжыцца 11 гадоў. З гэтай важнай падзеяй іх павіншавалі выпускнікі школы, далі наказ і ўручылі памятныя падарункі.



Ганаровае права даць першы званок і абвясціць пачатак новага навучальнага года было прадастаўлена вучню 11 класа Анатолію Ляховічу і першакласніцы Кацярыне Волчык.


З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі:


Вялікі дзякуй вам, педагогі, за тыя вынікі, якія вы дэманстравалі на працягу мінулага навучальнага года. Упэўнены, што гэты навучальны год будзе не горшы. Мне прыемна, што ў вашай школе працуе фіналістка рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020” Алена Каліноўская. Я задаволены, што вы даеце мне падставы для гонару за вас, за наш раён. Паважаныя першакласнікі, з сённяшняга дня ў вас пачынаецца новы шлях, які будзе пралягаць ад парога бацькоўскага дома да парога вось гэтай цудоўнай школы. Хачу, каб гэты шлях для вас быў шчаслівым і радасным. Для выпускнікоў гэты год вызначальны, таму жадаю вам зрабіць правільны выбар і не памыліцца з прафесіяй, дабіцца мэты, якую вы ставіце перад сабой. У добры шлях!

За ўдзел у конкурсе творчых літаратурных і даследчых работ “Свет праваслаўя” Аляксандр Людвігавіч уручыў дыпломы ІІ ступені вучням Анастасіі Урбановіч і Раману Барану, а настаўніку беларускай мовы і літаратуры Зое Урбановіч – Падзячны ліст. Першакласнікам ён перадаў прыгожыя кнігі – падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.





Павіншавала з новым навучальным годам начальнік аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Людміла Буяк. Яна адзначыла, што ў Дабравольскім ДС СШ працуюць вельмі таленавітыя, шматгранныя і паспяховыя настаўнікі. Кожны год на ліку школы не адзін дзясятак грамат у розных напрамках дзейнасці. Гэта сведчыць аб тым, што паспяхова ў тандэме працуюць і вучні, і іх бацькі, і настаўнікі, і адміністрацыя ўстановы адукацыі.

Дыплом ІІ ступені Свіслацкага райвыканкама Людміла Раманаўна ўручыла пераможцу раённай алімпіяды для навучэнцаў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі па фізічнай культуры і здароўю Максіму Семенчуку. Ганаровыя граматы за ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы з яе рук прымалі памочнік выхавацеля Надзея Турак і вадзіцель Сяргей Русак. Таксама Ганаровай граматы ўдастоена настаўніца пачатковых класаў і гісторыі Наталля Вітрук.


У мінулым годзе школьную скарбонку папоўнілі 58 раённых, 15 абласных і 9 рэспубліканскіх узнагарод. Дырэктар Людміла Петрасян упэўнена, што ў новым навучальным годзе іх будзе больш.

З цёплымі словамі віншаванняў выступілі старшыня Дабравольскага сельскага Савета Віктар Філіновіч, намеснік начальніка 13-й пагранічнай заставы “Тушамля” Ілля Патоніч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП “ВМК-АГРА” Алена Самасюк, бацькі.



Арыгінальна і відовішчна любоў да працы, да малой радзімы, да Беларусі выказалі настаўнікі школы, склаўшы прыгожае сэрца.



Усмешкі на тварах вызывалі вясёлыя вершы першакласнікаў, сум – лірычныя радкі выпускнікоў, для якіх свята першага званка стала апошнім.


Пад прыгожую музыку дзеці разам з настаўнікамі адправіліся на першы ўрок, які ў гэтым годзе прайшоў пад назвай “У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнасці краіны”.




Сняжана ЖУРНЕВІЧ

Фота і відэа аўтара

Предыдущая статья

Нотариусы подарили школе сертификат