Сёння апошні званок навучальнага года прагучаў для трыццаці васьмі вучняў Грынкаўскага ДС СШ, сярод якіх – пяць выпускнікоў. Гэты званок паклікаў малодшых рабят на доўгачаканыя канікулы, а адзінаццацікласнікам нагадаў пра выпускныя экзамены.
Правесці іх – віноўнікаў урачыстасці – у вялікую дарогу жыцця прыбылі пачэсныя госці: намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Сямён Заяц, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Кухарчык, першы намеснік дырэктара філіяла “Нязбодзічы” Аляксандр Бусько, старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Марыя Качко, першы намеснік начальніка РАНС Дзяніс Легенчук. Ад іх у адрас школьнікаў гучалі словы віншаванняў і наказу на дорогу.
– Сёння асаблівы дзень, – звярнуўся да прысутных Сямён Заяц. – Ва ўсіх школах Беларусі гучыць апошні званок. Як звычайна, гэты дзень напоўнены цэлым букетам пачуццяў. Хтосьці радуецца магчымасці адправіцца на канікулы, а для кагосьці званок гучыць апошні раз. Хочацца падзякаваць настаўнікам за іх працу, бацькам – за выхаванне дзяцей, пажадаць рабятам прыемнага адпачынку, а выпускнікам – выдатных адзнак на экзаменах, высокіх балаў на тэсціраванні і здзяйснення ўсіх мараў.
Слова мела і дырэктар установы Наталля Парамонова. Напрыканцы яна ўручыла лепшым школьнікам узнагароды за добрую вучобу і прыкладныя паводзіны, актыўны ўдзел у грамадскім і спартыўным жыцці школы, адзначыла Падзячнымі пісьмамі за супрацоўніцтва з установай адукацыі бацькоў.
Пранікнёна гаварыла з выпускнікамі першая настаўніца Ніна Трахімік.
Лірыкай напоўнілі свята апошняга званка першакласнікі, музыкай – малодшыя школьніцы, танцам – выпускнікі. Свой развітальны вальс, на які натхніла іх 75-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яны прысвяцілі Вялікай Перамозе.
Наталля ТУРКО
Фота і відэа аўтара