banner

Традыцыя, якая выхоўвае і дысцыплінуе

27 Февраля’19
1270

У Поразаўскай сярэдняй школе прайшоў агляд-конкурс строю і песні. З цеплынёй сустракалі педагогі і навучэнцы гасцей: прадстаўнікоў ваеннага камісарыяту Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, членаў Ваўкавыскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, бацькоў школьнікаў.


Строй за строем ішлі навучэнцы ўсіх адзінаццаці класаў. Знешні выгляд, якасць здачы рапарта, выкананне страявых каманд і практыкаванняў, праходжанне ўрачыстым маршам, адказы на прывітанне, правільнасць дзеянняў камандзіра – усё ўлічвалася пры ацэнцы выступленняў команд. 


Кіраваў удзельнікамі агляду-конкурсу настаўнік фізічнай культуры і здароўя і дапрызыўнай падрыхтоўкі Віктар Бялава, старшы лейтэнант запасу. Стралкі, сувязісты, танкісты і іншыя віды войскаў былі прадстаўлены на конкурсе. На працягу мерапрыемства гучалі песні ваеннай тэматыкі. Пераможцы вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях: 2–4 класы, 5–8 класы і 9–11класы. Салодкія пачастункі ад гасцей і ад бацькоўскага камітэту ўстановы атрымалі ўсе ўдзельнікі. Аднак, пераходны кубак атрымала каманда 5 класа.


– Асновай падрыхтоўкі ваенных да сумесных дзеянняў быў, ёсць і застаецца строй. Ён, як ніякі іншы від навучання, выхоўвае хуткае, дакладнае і аднадушнае выкананне волі камандзіра. Упэўнены, што навучэнцы Поразаўскай школы з легкасцю будуць праходзіць тэрміновую службу, – адзначыў намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ігар Каско.

Воін-інтэрнацыяналіст Леанід Самушчык звярнуў увагу на тое, што страявая падрыхтоўка дысцыплінуе, вучыць адчуваць плячо таварыша, раўняцца на лепшых, загартоўвае волю, развівае ўважлівасць і назіральнасць навучэнцаў. Аб высокім ўзроўні падрыхтоўкі да конкурсу гаварыў “афганец” Эдуард Цвяткоў.

Агляд-конкурс строю і песні – сапраўды выдатная школьная традыцыя, якая будзе існаваць яшчэ доўгія гады. Мы можам пагрузіцца ў ваенную атмасферу, адчуць сябе як адзінае цэлае, разумеем, што ад кожнага з нас залежыць зладжанасць дзеянняў усёй каманды. Мы старанна трэніраваліся, працавалі – і ўсе гэтыя намаганні не толькі дзеля граматы,” – выказалася адзінаццацікласніца Крысціна Кабыляк, лідар школьнага самаўпраўлення.

На развітанне госці выказалі ўпэўненасць у тым, што навучэнцы заўсёды будуць верныя сваёй Айчыне, гатовыя да служэння роднай Беларусі.

Таццяна АСТАПЧЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай СШ

Предыдущая статья

Раскаялась в содеянном