banner

Нашаму атраду 10 гадоў!

22 Ноября’20
519

На працягу дзесяці гадоў у Дабравольскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе дзейнічае валанцёрскі атрад “Шляхам дабрыні”.

Мы, валанцёры, падтрымліваем цесную сувязь з адзінокімі жыхарамі аграгарадка Дабраволі, пастаяльцамі Дабравольскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. На сённяшні дзень у гэтай установе пражываюць 27 чалавек, з іх 12 мужчын і 15 жанчын. У трох жанчын ёсць дзеці, але ў сілу розных абставін яны не могуць наладзіць догляд за свімі бацькамі.

Мэта нашай валанцёрскай дзейнасці – даць адчуць пастаяльцам інтэрната і адзінокім жыхарам аграгарадка, што яны не пакінутыя, не забытыя ўсімі, што яны камусьці патрэбны. Мы стараемся ўнесці свята ў іх будні, па магчымасці палепшыць умовы іх жыцця, а галоўнае – данесці да іншых людзей, што гэта – праблема актуальная, пра якую нельга забываць. У час дзейнасці мы набываем вопыт узаемаадносін з пажылымі людзьмі, усведамляць неабходнасць аказання добраахвотніцкай дапамогі другому чалавеку, гатоўнасць ахвяраваць сваімі інтарэсамі для набыцця новых жыццёвых каштоўнасцей.

За час дзеяння валанцёрскага атрада праведзена шмат розных мерапрыемстваў да Дня пажылых людзей, да Дня інвалідаў, да 23 лютага і да Дня жанчын, да Вялікадня, да Новага года і Каляд.   

Валанцёрамі і цімураўцамі наладжана шэфства над пахаваннямі былых жыхароў дома-інтэрната на могілках у аграгарадку Дабраволі. Таксама восенню і вясной мы аказваем дапамогу работнікам Дома-інтэрната ў навядзенні парадку на тэрыторыі вакол установы.

Мы прымаем актыўны удзел у конкурсах валанцёрскіх праектаў, якія праводзяцца ў нашай краіне. У 2014 годзе сталі пераможцамі абласнога конкурсу “Валанцёр. Добрае сэрца”. Актыўна паўдзельнічалі ў рэалізацыі абласнога праекта “Крок насустрач”, мэтай якога было рашэнне сацыяльных праблем і сацыяльнай падтрымкі адзінокіх людзей, пераадоленне сацыяльнай ізаляцыі і выхаванне цярпімасці да пажылых людзей.

Наш валанцёрскі атрад цесна супрацоўнічае з раённай арганізацыяй «Беларускае Грамадства Чырвонага Крыжа». Маладзёжны міні-праект   «Абагрэй сваім цяплом» стаў адным з пераможцаў абласнога конкурсу міні-праектаў гуманітарнай накіраванасці, праведзенага Гродненскім БГЧК, што дало магчымасць аказаць гуманітарную дапамогу жыхарам Дабравольскага дома-інтэрната на суму 2 000 рублёў.

На працягу 10 гадоў рэалізуем сацыяльныя праекты “З дабрынёю поруч”,”Раскрый далонь і падары цяпло”, “ Дзевяць крокаў дабрыні” і іншыя.

Мы вучымся прыносіць карысць не толькі асобным людзям, але і грамадству ў цэлым. І гэта пачуццё патрэбнасці стымулюе нас як валанцёраў да далейшай працы. Калі мы наведваем сталых людзей з пэўнай акцыяй, нам вельмі прыемна бачыць усмешкі на іх тварах. Гэта азначае, што і для іх, і для нас дзень праходзіць з карысцю. Шчырая размова, усмешка, цёплы погляд… Гэта і ёсць асноўныя складальнікі цудоўнага настрою, які наш валанцёрскі атрад дарыць людзям.

Трэба адзначыць, што наша дзейнасць не абмяжоўваецца аказаннем дапамогі адзінокім пажылым людзям. Сумесна з удзельнікамі цімураўскага атрада “Добрае сэрца” і членамі аб’яднання па інтарэсах “Творым дабро” мы займаемся выпускам плакатаў, лістовак і буклетаў з мэтай агітацыі і прапаганды здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва аграгарадка. Сваю надрукаваную прадукцыю мы распаўсюджваем сярод мясцовых жыхароў і супрацоўнікаў устаноў для таго, каб нагадаць, што жыццё – гэта самая вялікая каштоўнасць і шкодным звычкам у гэтым жыцці няма месца.Таксама мы паляпшаем знешні выгляд нашага аграгарадка: збіраем смецце на вуліцах, а таксама ўздоўж рэчкі Нараў.

У нас наперадзе яшчэ многа добрых спраў. Мы і далей будзем упэўнена крочыць шляхам дабрыні да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе і чакаюць нас.

Юлія ЕРМАЛОВІЧ, кіраўнік і члены валанцёрскага атрада “Шляхам дабрыні” Дабравольскага ДС СШ

Предыдущая статья

Три просьбы и благодарность