banner

І гучала роднае слова…

04 Марта’21
703

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову.

 Я. Колас

Непаўторная і мілагучная, самабытная і старажытная, родная і нястрачаная… Гэта ўсё пра беларускую мову. Кожны год у Ханявіцкім ДС СШ ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове: літаратурныя вечарыны і гасцёўні, акцыі «Гавары са мной па-беларуску», конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, гульня-конкурс «Буслік». Не стаў выключэннем і гэты год.


Міжнародны дзень роднай мовы стартаваў з гульні-конкурса «Буслік-2021». Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 15 навучэнцаў, якія вырашылі праверыць узровень сваіх ведаў па роднай мове. Наступным мерапрыемствам стаў «Адзіны дыктант на прыз ад БРСМ», у якім прынялі ўдзел навучэнцы 9 класа. У чэленджы «Мова» нашы юнакі і дзяўчаты прынялі эстафету чытання любімых беларускамоўных твораў.

Камедыя «Хто смяецца апошнім», зборнікі баек, аповесць «Непаўторная вясна», раман «Людзі на балоце» – гэтыя , а таксама іншыя вядомыя творы выдатных беларускіх пісьменнікаў, сёлетніх юбіляраў, Кандрата Крапівы, Івана Мележа і Івана Шамякіна, былі прадстаўлены ў бібліяміксе «Жылі лёсам людзей». Таксама ў фармаце дэжавю «Цікавыя факты пра мову» навучэнцы ўспомнілі некаторыя вядомыя факты пра мову. Напрыклад, даследаванні ЮНЕСКА сведчаць, што беларуская мова – адна з самых мілагучных пасля італьянскай. Хтосьці сумняваецца? А вы прачытайце верш Рыгора Барадуліна «Матылёк».

Лілею млявы плёс люляе,
З-пад злежаных аблок здалёк
Ляціць, віхлясты і бялявы,
Пялёстак лёгкі – матылёк...

Яшчэ ў гэты дзень працавала творчая майстэрня «Паэтычны каляндар прыроды». Вучні разам з бацькамі распрацавалі эскізы старонак календара, узяўшы за аснову выдатны класічны твор – паэму «Новая зямля» Якуба Коласа. Прадоўжыўся дзень конкурсам пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Лепшымі прызнаны работы Вікторыі Кудлаш, Ганны Грыц і Данілы Леванчука. Навучэнцы 4–5 класаў змаглі праверыць свае веды па беларускай мове ў інтэрактыўнай гульні «Смак роднай мовы».

З нагоды 125-гадовага юбілею з дня нараджэння ўспомнілі асноўныя звесткі з біяграфіі Кандрата Крапівы. «Ён кожнаму з нас падарыў «акуляры», якія дапамагалі бачыць свет смешным» – казаў Мікалай Матукоўскі, згадваючы творчасць байкапісца. Каб далучыць навучэнцаў да багатай творчай спадчыны вядомага сатырыка, была арганізавана літаратурная кампазіцыя-партрэт «Вялікі і непаўторны талент». У рамках гэтага мерапрыемства прайшоў конкурс на лепшага чытальніка баек К. Крапівы, якія і сёння не страцілі сваёй актуальнасці. Эмацыянальна, выразна, з вялікім задавальненнем чыталі трапныя і «пякучыя» байкі: «Крапіва», «Мода», «Сваяцтва», «Еш, дурань, бо то з макам», «Малпы», «Дзівак-наватар», «Заяц на аблаве», «Варона і лісіца», «Сініца» і іншыя.

Спадзяёмся, што такія мерапрыемствы заставяць задумацца аб значэнні мовы, адчуць тую непарыўную сувязь з мінулым, якая і сёння злучае пакаленні і падкрэслівае нашу самабытнасць. Таму шчыра ўспрымаюцца і гучаць словы вучнёўскага сінквейна:

Мова.

Непаўторная, мілагучная.

Люблю, дзіўлюся, карыстаюся.

Мова – спеў матчынай калыханкі.

Народнасць.

Ніна ТАРАНОВІЧ, Жанна ШКОДЗІЧ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Ханявіцкага ДС СШ 

Предыдущая статья

Беларусбанк возобновил выдачу кредитов на потребительские нужды