Для кожнага свядомага грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – важнае і значнае свята. Адным ён нагадвае пра маральныя і духоўныя асновы нашага грамадства, а іншым дае своеасаблівую пуцёўку ў дарослае жыццё, як вучаніцы гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы Ганне Пекар. У гэтым годзе дата 15 сакавіка для васьмікласніцы асаблівая, бо ў гэты дзень яна атрымае свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Урачыстае ўшанаванне з уручэннем дакументаў пройдзе ў сталіцы нашай дзяржавы.
Традыцыйна ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне праходзіць Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!», дзе ў святочнай абстаноўцы пашпарты ўручаюць 14-гадовым юнакам і дзяўчатам. Ганаровага права стаць удзельнікамі акцыі ўдастоіваюцца нешматлікія, а толькі самыя актыўныя і таленавітыя рабяты. У іх ліку і свіслачанка.
Можна толькі здзіўляцца актыўнасці і працаздольнасці гэтай дзяўчынкі. З яе ўдзелам праходзяць практычна ўсе агульнашкольныя і раённыя культурна-масавыя мерапрыемствы, творчыя конкурсы. Аня ўваходзіць у склад раённай каманды юных інтэлектуалаў, гімназічнай агітбрыгады, з’яўляецца членам каманды па чарлідзінгу, цімураўскага атрада «Спектр». З 3 класа навучэнка паглыблена вывучае беларускую мову, а з 5-га ўдзельнічае ў алімпіядах па гэтым прадмеце. Дарэчы, у мінулым годзе на раённым этапе ў яе заслужанае 1-е месца. Ганна ўпэўнена, што кожны грамадзянін сваёй краіны павінен добра ведаць родную мову, таму і вырашыла вывучаць яе на павышаным узроўні. Любіць дзяўчынка ўсім сэрцам і беларускую літаратуру. Актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх конкурсах-гульнях па рускай мове, інфарматыцы. У гэтым годзе хоча паспрабаваць свае сілы і ў замежнай мове.
– Па магчымасці я імкнуся ўдзельнічаць у многіх творчых мерапрыемствах і конкурсах, дабрачыннай дзейнасці, даследчай працы. Быць у баку ад школьнага і грамадскага жыцця – гэта не пра мяне. Думаю, менавіта з гэтага і пачынаецца выхаванне патрыятызму, пачуцця адказнасці за будучыню сваёй краіны. Безумоўна, я вельмі рада, што мне выпала магчымасць атрымаць свой першы пашпарт так урачыста. З нецярпеннем чакаю паездку ў сталіцу. Упэўнена, што атрымаю мноства станоўчых эмоцый. Вельмі хачу пазнаёміцца з аднагодкамі з іншых рэгіёнаў, пагутарыць з імі, – гаворыць Ганна.
Хочацца адзначыць, што гімназістка – дзяўчынка з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яна актыўная ўдзельніца патрыятычных акцый і конкурсаў. Так, зусім нядаўна яна паўдзельнічала ў акцыі “За любімую Беларусь!”.
Старшакласніца адзначае, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь абавязкова павінен прапагандаваць сваю родную мову, цікавіцца грамадска-палітычным жыццём сваёй краіны, выконваць законы. Гэта патрыёт, які любіць свой дом, горад, дзяржаву, удзельнічае ў мерапрыемствах па падтрымцы міру і парадку на роднай зямлі. Атрымліваючы пашпарт, дзяўчаты і юнакі ўступаюць у пару грамадзянскай сталасці, становяцца ў адказе за свае ўчынкі. Раз стаў грамадзянінам – павінен з гонарам насіць гэтае ганаровае званне.
На сёння галоўная мэта для Ганны – добра вучыцца, весці актыўную грамадскую дзейнасць, каб у будучыні стаць добрым спецыялістам у абранай прафесіі і прыносіць карысць сваёй краіне.
Старшакласніца лічыць, што Год народнага адзінства павінен дапамагчы людзям не толькі згуртавацца, але і нагадаць, што спакон веку беларускі народ славіўся прыязнасцю, сумленнасцю, адкрытасцю і гасціннасцю. Шкада, што ў гэты цяжкі для краіны час многія людзі чамусьці пра гэта забылі.
– Толькі мы, грамадзяне краіны, робім сваё заўтра. І калі чалавек шчаслівы, то і будучыню ён будзе будаваць светлую і перспектыўную, – падагульніла Ганна Пекар.
Сняжана ЖУРНЕВІЧ
Фота аўтара