banner

Далучыліся да руху «Чыстыя рукі»

07 Марта’21
719
Выхаванцы дашкольнага цэнтра развiцця дзіцяцi г. Свіслачы далучылiся да прафілактычнага руху «Чыстыя рукі». 



Мерапрыемства праводзілася з мэтай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў, фарміравання навыкаў выканання правілаў асабістай гігіены. 

У рамках тэматычнага тыдня «Маё здароўе і асабістая гігіена» прайшлі заняткі «Я і маё здароўе», «Я здароўе берагу», «Нашы памочнікі», «Што трэба ляльцы Машы?», гутарка «Чаму трэба мыць рукі», практыкаванне «Мыем рукі», дыдактычныя гульні «Што з чым сябруе», «Правільныя парады», «Саветы Майдадыра», «Мыльныя пальчаткі», чытанне мастацкай літаратуры, прагляд мультфільма «Міця і Мiкробус», аформлена выстава дзіцячых кніг і ілюстрацый «Вельмі любім чысціню».

На занятках і ў свабоднай гульнявой дзейнасці дзеці даведаліся, што гігіена рук вельмі важная для папярэджвання розных захворванняў, у тым ліку і каронавiруснай інфекцыі. Рукі часцей за іншыя часткi цела датыкаюцца да розных прадметаў і хутчэй становяцца бруднымі, таму іх трэба мыць часта і старанна.

Заключным мерапрыемствам тыдня стала забава з элементамі лялечнага тэатра «Як дзецi навучылі Машу правільна мыць рукі».

У пачатку забавы выхаванцы атрымалі ліст ад дзяўчынкі Машы з просьбай прыехаць у госці і дапамагчы пазбавіцца ад назойлівых мікробаў, што пасяліліся ў яе доме. Падрыхтавацца да паездкі дапамагла гульня «Навошта гэты прадмет?». Пад вясёлую музыку дзеці рушылі ў дарогу на імправізаваным цягніку. 

Маша з’явiлася з-за шырмы ў суправаджэнні страшных і шкодных мікробаў. Каб дапамагчы дзяўчынцы зноў стаць чыстай і прыгожай, дзеці адгадвалі загадкі пра прадметы гігіены, знаёмілі яе з алгарытмам мыцця рук, наладзілі спаборніцтва «Адшукайце ўмывальныя прыналежнасці».

Калі ўсе мікробы былі пераможаны, дашкаляты зрабілі выснову, што нездарма прыязджалі да Машы ў госці. Цяпер яна ведае, як справіцца з гэтымі злоснымі шкоднікамі.

Вось так, у цікавай гульнявой форме, дашкольнікі замацоўваюць веды пра неабходнасць выконваць правілы асабістай гігіены, правільна мыць рукі. Бо простая гігіенічная працэдура не толькі дапамагае папярэдзіць заражэнне арганізма вірусамі і інфекцыямі, але і робіць наша жыццё больш прыемным і бяспечным.

Ірына ГРЫНЦЭВІЧ, выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Свіслачы

Предыдущая статья

Минприроды напоминает о запрете на сельхозпалы и выжигание сухой растительности