banner

Бацькоўскі майстар-клас “Карані маёй сям’і”

13 Декабря’22
575
У рамках Дня ўзаемадзеяння з сям’ёй, у шосты школьны дзень, для навучэнцаў 11 класа прайшоў майстар-клас “Карані маёй сям’і”. Правяла яго  Людміла Сабірава, клапатлівая мама двух дзяцей (сын Аляксей – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а дачка Васіліна – адзінаццацікласніца).



У пачатку сустрэчы класны кіраўнік Марына Шымко прадставіла госцю і акрэсліла галоўную мэту  сумеснай працы – пазнаёміцца з метадамі і прыёмамі вырабу генеалагічнага дрэва сям’і. Марына Алякасндраўна выказала ўпэўненасць: “Падлеткі павінны ўсведамляць: кожны чалавек абавязаны захоўваць памяць аб продках”.

“Жыццё – гэта несупынны цыкл змены пакаленняў. Дзеці вырастаюць, ствараюць свае сем’і, становяцца матулямі, татамі,  бабулямі і дзядулямі… Часта мы не задумваемся аб тым, што сямейныя гісторыі і традыцыі могуць быць забытымі, калі своечасова не паклапаціцца аб іх захаванні для будучых пакаленняў,” – упэўнена Людміла Васільеўна. Яна расказала, што самым складаным у працэсе афармлення генеалагічнага дрэва звычайна з’яўляецца пошук патрэбнай інфармацыі. Імёны і прозвішчы далёкіх продкаў могуць захоўвацца ў архівах, могуць быць зафіксаваны ў рэгістрацыйных кнігах святынь.

Але галоўная крыніца інфармацыі – гэта ўспаміны пажылых людзей. Шчырасць ўзаемаадносін, асабістыя непаўторныя якасці асобных родзічаў і пачуцці да іх могуць быць перададзены толькі ў час цёплай, настальгічнай гутаркі.

Аб стварэнні радаслоўнага дрэва  Людміла Васільеўна Сабірава (Ліцкевіч) думала даўно. Калі была яшчэ маленькай дзяўчынкай, яна з захапленнем слухала сваю бабулю Ксенію Паўлаўну Глушко, якая памятала не адно пакаленне сваіх продкаў, імкнулася ўспамінамі падзяліцца з унучкай. Вабілі Людмілу Васільеўну сваёй непаўторнасцю пачутыя гісторыі, расло жаданне больш даведацца пра прадстаўнікоў роду.

Цэлы год працы з дачкой Васілінай... Тэлефонныя званкі, сустрэчы, паездкі, удакладненні і падлікі… А калі была сабрана патрэбная інфармацыя –   пачалося афармленне. Гэты працэс захаваны ў выглядзе кароткага відэафільма, які і быў прадстаўлены адзінаццацікласнікам. Своечасовыя каментарыі аўтараў дапамаглі ўявіць чарговасць працы, перадалі ўражанні і  пачуцці  ў час яе выканання. 



Кульмінацыяй сустрэчы стала дэманстрацыя аформленага генеалагічнага дрэва сям’і Сабіравых-Ліцкевічаў. Творчы падыход, мастацкія здольнасці, а галоўнае – жаданне адлюстраваць на аркушы гісторыю радавых хітраспляценняў – тое, што дапамагло аўтарам стварыць сваё непаўторнае, індывідуальнае дрэва.

Шмат пытанняў удзельнікаў майстар-класа было адрасавана Людміле Васільеўне і Васіліне, але не было сярод іх такіх, на якія б не атрымалі адказаў. Кожны з прысутных суадносіў пачутае са сваёй сям’ёй, узважваў магчымасці, планаваў ажыццяўленне толькі што задуманага.  

Практычная частка ўключала і стварэнне дрэва адзінаццатага класа. Спецыяльна быў падрыхтаваны вялікі аркуш з нанесеным ствалом з галінкамі, рознакаляровыя фарбы і сурвэткі.  Людміла Васільеўна прапанавала кожнаму пакінуць адбітак указальнага пальца ў выглядзе маленькага сэрца на месцы лісточка. Створанае сімвалічнае дрэва яшчэ раз нагадала прысутным, што аднакласнікі – гэта свайго роду сям’я, якая мае свае традыцыі, памяць пра якую чалавек нясе ўсё жыццё.

У канцы сустрэчы юнакі і дзяўчаты выказалі падзяку Людміле Васільеўне і запэўнілі, што заўсёды будуць цікавіцца гісторыямі сваіх сямей, лёсамі  продкаў і імкнуцца захаваць старонкі гэтых гісторый для нашчадкаў.

Словы падзякі і надзеі на новыя сустрэчы прагучалі з вуснаў класнага кіраўніка.

Таццяна Астапчык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы

Предыдущая статья

На планерке у председателя райисполкома: "На факты бездействия необходимо реагировать"