Ужо пяць гадоў у гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага існуе добрая традыцыя: у апошні дзень першай чвэрці вучняў пятых класаў прысвячаць у гімназісты. Сёлета гэты важны і ўрачысты дзень для пяцікласнікаў распачаўся з экскурсіі па школьным музеі, дзе старшакласнікі і настаўніца беларускай мовы і літаратуры І. Я. Семяняка расказалі вучням, у гонар каго названа гімназія і хто былі яе выхаванцы.
Рабяты з задавальненнем слухалі аповед пра Кастуся Каліноўскага, яго кароткае, але яскравае жыццё — 26 гадоў. Але і за гэты адрэзак часу ён паспеў рэалізавацца як першы беларускі рэвалюцыйны дэмакрат, мысліцель, публіцыст, кіраўнік паўстання 1863—1864 гг. на Беларусі і ў Літве. Даведаліся дзеці і аб тым, што вядомы беларускі дзеяч жыў непадалёку ад Свіслачы (у Якушоўцы), навучаўся ў Свіслацкай гімназіі. Пасля яе заканчэння накіраваўся ў Маскоўскі ўніверсітэт, дзе вучыўся яго старэйшы брат Віктар. Атрымаўшы дыплом кандыдата права, вярнуўся на радзіму, дзе ўключыўся ў падрыхтоўку паўстання. Разам з В. Урублеўскім выдаваў рэвалюцыйна-дэмакратычную газету «Мужыцкая праўда». Змагар за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа быў катаваны ў Вільні на Лукішскай плошчы.
Могуць ганарыцца гімназісты і такімі знакамітымі вучонымі, дзеячамі культуры, як Напалеон Орда, Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі.
Падводзячы вынікі экскурсіі, Інэса Яўгенаўна заклікала юных гімназістаў шанаваць і несці тыя добрыя традыцыі гімназіі, якія закладзены папярэднімі пакаленнямі.
Алена КЕДЗІК,
Фота аўтара.