banner

Падарожжа ў гісторыю

23 Апреля’10
2720

Свае веды па гісторыі і культуры Гродзеншчыны, Беларусі прадэманстравалі вучні 8-10 класаў і ўдзельнікі краязнаўчых гурткоў у конкурсе «Галасы гісторыі», які прысвячаўся 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ініцыятарамі конкурсу выступілі аддзел адукацыі райвыканкама і раённы цэнтр турызму і краязнаўства. За званне лепшых змагаліся 12 каманд школ раёна. Конкурс не з лёгкіх — рабятам давялося пераадолець пяць этапаў. Першы этап «Давайце пазнаёмімся» прадугледжваў аповед аб сваёй мясцовасці з выкарыстаннем легендаў і паданняў. Лепш за ўсё з ім справіліся вучні Грынкаўскага і Дабравольскага ВПК ДС-САШ, САШ № 3 г. Свіслач. На другім этапе конкурсу — «Вандроўка» — каманды-саперніцы абмяняліся ўмоўнымі турыстычнымі маршрутамі па краіне, якія складаліся з пяці аб'ектаў. Гэта помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай. Задача канкурсантаў — вызначыць аб'ект па малюнку альбо фотаздымку, скласці апавяданне аб помніку. Тут добрыя веды прадэманстравалі вучні САШ № 2 імя М. Масонава г. Свіслач, Вердаміцкага і Грынкаўскага ВПК ДС-САШ. А вось самымі эрудыраванымі ў конкурсе «Славутыя імёны Гродзеншчыны» прызнаны вучні Грынкаўскага, Дабравольскага, Корнадзьскага вучэбна-педагагічных комплексаў і Поразаўскай САШ. «Бліц-конкурс» прынёс поспех камандам САШ № 3, гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага і Корнадзьскага ВПК. Артыстычныя здольнасці ў конкурсе інсцэніраванай песні ваенных гадоў ярчэй усіх паказалі выканаўцы Ханявіцкай САШ, Дварчанскага ВПК ДС-САШ і гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач.

Па словах загадчыка раённага цэнтра турызму і краязнаўства А. А. Крыштофіка, нашы вучні паказалі глыбокія веды аб сваім горадзе, пасёлку, вёсцы, школе. Вялікая заслуга ў гэтым настаўнікаў гісторыі, геаграфіі, беларускай літаратуры і музыкі.

Па выніках раённага конкурсу «Галасы гісторыі» у пяцёрку лепшых увайшлі каманды Корнадзьскага і Грынкаўскага ВПК ДС-САШ, Поразаўскай САШ, гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага. Каманда САШ № 3 г. Свіслач удастоена права прадстаўляць наш раён у занальным туры абласнога конкурсу «Галасы гісторыі».

Алена КЕДЗІК.

Предыдущая статья

Адресная помощь предоставляется...