banner

Школьны карабель: з веку ў век

03 Марта’12
2343

У лютым наша школа святкавала 150-гадовы юбілей пачатку адукацыі ў вёсцы Дабраволя.
На свята з’ехалася шмат гасцей: прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, мясцовага сельвыканкама, РГА “Белая Русь”, РУП ЖКГ, пагранічных застаў “Лясная” і “Магілёўская”, Дабравольскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, цэнтра турызму і краязнаўства, калегі з Грынкаўскага ВПК, а таксама выпускнікі школы розных гадоў. На сустрэчу са сваёй маладосцю прыйшлі і настаўнікі-ветэраны З. І. Смалей, Г. А. Трушко, Н. І. Барэль, З. І. Шмыга, М. М. і І. У. Саланевічы. Вельмі цікава было назіраць, як радаваліся сустрэчы былыя аднакласнікі, як яны хваляваліся, убачыўшы сваіх педагогаў.
Было шмат кветак, цёплых слоў, незабыўных уражанняў. Нашы вучні і настаўнікі падрыхтавалі для гасцей цудоўную канцэртную праграму. Усім прысутным было прапанавана здзейсніць вандроўку на “школьным караблі” па “хвалях школьнага жыцця”. Завяршылася ўрачыстасць песняй у выкананні ўсяго дружнага калектыву школы.
А само свята прадоўжылася. Яшчэ доўга выпускнікі, настаўнікі і госці вялі задушэўную размову. Пагаварыць жа хацелася пра ўсё: успаміны мінулых гадоў, аповед пра дзень сённяшні, планы на будучыню...
Р. S. Ад імя адміністрацыі, працоўнага калектыву і вучняў школы выказваю ўсім гасцям, хто раздзяліў з намі радасць юбілейнай даты, падзяку за віншаванні, цёплыя словы і падарункі.

Святлана ЦЯСНОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дабравольскага ВПК ДС СШ.

Предыдущая статья

Поклон вашим годам и опыту