“Сонца волі ўзышло над старонкаю роднай”. З успамінаў Уладзіміра Кашалевіча, былога члена Свіслацкага Часовага валаснога камітэта

15 Сентября’26
226


Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР стваралася рукамі тых, хто верыў у справядлівасць і заўтрашні дзень, хто змагаўся за яе ў вялікіх гарадах і маленькіх вёсках, у валасных камітэтах і падполлі. Былы член Свіслацкага Часовага валаснога камітэта Уладзімір Кашалевіч, непасрэдны ўдзельнік вераснёўскіх падзей 1939 года, пакінуў пасля сябе жывы подых эпохі, калі краіна, падзеленая мяжой, стала адзіным цэлым. Публікуем яго ўспаміны, надрукаваныя ў кнізе “Памяць. Свіслацкі раён”, як дотык да нашай супольнай гісторыі.

“У верасні 1939 года стаялі спякотныя дні. Гітлераўцы, напаўшы на Польшчу без аб’яўлення вайны, набліжаліся да Заходняй Беларусі. ”Мессершміты” і “юнкерсы” скідалі смяротны груз на гарады і сёлы. Помню, як на станцыі Свіслач разбамбілі эшалон з польскімі салдатамі. Дзясяткі параненых былі прывезены на вазах у Свіслач у бальніцу, у якой тады было толькі дванаццаць коек. Не ўсе параненыя маглі атрымаць дапамогу. У бальніцы працавалі толькі тры чалавекі – урач, медыцынская сястра і санітарка. Не хапала перавязачнага матэрыялу. Сяляне неслі ў бальніцу палатно, каб неяк перавязаць параненых. 

Калі  17 верасня стала вядома, што савецкі ўрад вырашыў падаць заходнім беларусам руку дапамогі і што Чырвоная армія ступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, радасці не было канца.

Працоўныя Свіслаччыны з вялікім уздымам рыхтаваліся сустрэць вызваліцеляў. Паўсюль у вёсках развешваліся чырвоныя сцягі. 20 верасня сабралася Свіслацкая гмінная (валасная) рада. На абмеркаванне было пастаўлена і такое пытанне: што рабіць з гмінным збожжам (а яго быў поўны свіран – больш за сто тон). Дэпутат рады Макар Сахарчук ад імя дэпутатаў-беларусаў прапанаваў зберагчы хлеб да прыходу Чырвонай арміі або раздаць яго бедным. А дэпутаты-асаднікі патрабавалі зараз жа спаліць збожжа або абліць яго газай, “каб не дасталася ворагу”. Невядома, чым скончылася б гэта барацьба, калі б у самы разгар палемікі не пачуліся кулямётныя стрэлы і тупат конніцы.

Дэпутаты-асаднікі разбегліся па хатах, а дэпутаты-беларусы і некаторыя палякі накіраваліся ў цэнтр Свіслачы, дзе ўбачылі першы савецкі танк, які быў у зелені і кветках. Многія свіслачане ўрачыста сустракалі танкістаў, а першы мітынг адбыўся на вуліцы ў пачатку Свіслачы. Танкісты раздавалі жыхарам газеты. І мне тады ўдалося дастаць газету “Правда”. 

У той жа дзень у нас была створана добраахвотная народная міліцыя. Узначальваў яе малады, энергічны Саша Васіленка з Дабраволі. Міліцыя падтрымлівала парадак у горадзе і воласці (гміне) да падыходу асноўных часцей Чырвонай арміі. Гэта было ўжо 22 верасня. Як першая, так і гэта сустрэча вылілася ў сапраўдную ўрачыстасць.     

Разам з Чырвонай арміяй прыбыў камісар Конанаў для арганізацыі органаў савецкай улады ў Свіслачы і Свіслацкай воласці. Конанаў даручыў мне тэрмінова падрыхтаваць выбары Часовага валаснога камітэта. Тэлефоннай сувязі тады не было, а тэрыторыя гміны займала прыкладна палову цяперашняга раёна. Цяжка мне прыйшлося, але я даручэнне выканаў. На другі дзень, дзякуючы такім таварышам, як Мікалай Лешанюк з Грыцавічаў, Аляксандр Нос з Бязводнікаў, Макар Сахарчук з Грынкоў, Аляксей Крупчык з Дудзічаў, Аляксей Калюта з Ліхасельцаў, увесь актыў быў сабраны. 

У арганізацыі часовага гарадскога камітэта ў Свіслачы актыўна ўдзельнічалі былы вязень “Картуз-Бярозы” Іосіф Жыўлюк і Міхаіл Бойка, камісар Конанаў і прадстаўнікі ваўкавыскага Часовага павятовага камітэта. 

Чацвёртага кастрычніка ў актавай зале былой гімназіі сабралася 150 народных дэлегатаў. У Часовы камітэт былі выбраны 7 чалавек. Яны тут жа заняліся размеркаваннем памешчыцкіх зямель, а таксама жывёлы і сельскагаспадарчага інвентара паміж батракамі і сялянамі-беднякамі. 

Адначасова з раздзелам памешчыцкіх маёнткаў мы праводзілі ў вёсках сходы па вылучэнню дэлегатаў у Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку. Ад Свіслацкай воласці дэлегатамі былі выбраны Андрэй Трахімік, Іван Суліма, Канстанцін Зарэцкі, Іван Урбіцкі, Мікалай Болтрык, Васіль Дзун, Іосіф Жыўлюк, Канстанцін Варановіч.

На тэрыторыі воласці пачалі працаваць школы, расшырылася Свіслацкая бальніца. Насельніцтва ўпершыню атрымала бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Упаўнаважаны Калеснікаў заняўся арганізацыяй медпунктаў на сяле. Былі ўзяты пад ахову лясы, лесапільныя і цагляна-даховачныя заводы. Пачалі стварацца першыя калгасы. Новае жыццё ўваходзіла ў нармальную каляіну. 

Прайшлі гады. Многае прыйшлося перажыць нашым людзям. Але ніколі не сатруцца з памяці тыя знамянальныя падзеі восені 1939 года, калі сонца волі ўзышло над нашай шматпакутнай роднай старонкай”.

Падрыхтавала Ядвіга Кобрынец



Предыдущая статья

17 сентября в Свислочи и окрестностях будет отсутствовать холодное водоснабжение