Шчыльней адзін да другога! Аб чым гаварылася ў інструкцыі беларускай сялянска-рабочай грамады 1926 года

17 Сентября’26
223


«Чытаць інструкцыю паволі, слова па слову ўважліва, кніжку зьберагаць, даваць чытаць другім», – такім зваротам да чытача пачынаецца адно невялікае друкаванае выданне – усяго каля трыццаці старонак – з фондаў Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея. Дарэчы, усе прапісаныя наказы з мінулага супрацоўнікі ўстановы выканалі. Галоўнае – збераглі гэты цэнны экспанат, якому – ні больш ні менш – 100 гадоў. А гаворка ідзе пра «Інструкцыю аб тым, як тварыць арганізацыі Беларускае сялянска-работніцкае грамады на мяйсцох», якая пабачыла свет у 1926 годзе.

Гэта гістарычны дакумент, які выконваў ролю практычнага кіраўніцтва для стварэння нізавых структур – гурткоў – Беларускай сялянска-працоўнай грамады, нацыянальна-вызваленчай арганізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1925-1927 гадах. Менавіта дзякуючы дадзенай інструкцыі і актыўнай працы арганізатараў, грамада за кароткі час стала самым масавым рэвалюцыйна-дэмакратычным аб’яднаннем у Еўропе. Аб гэтым расказала дырэктар музея Ксенія Сілік.

– Грамада з’явілася ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту беларусаў, вымушаных пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавору жыць пад Польшчай, і адыграла вялікую ролю ў нацыянальна-вызваленчым руху, – адзначыла Ксенія Валер’еўна. – Яна згуртавала ў сваім складзе дзясяткі тысяч чалавек і стала буйнейшай легальнай арганізацыяй працоўных у Заходняй Беларусі. Вядома, вялікую дапамогу ў стварэнні і дзейнасці БСРГ аказвала Камуністычная партыя. Камуністы ўзначальвалі ці ўваходзілі ў склад кіраўніцтва многіх яе структур. З дапамогай гэтай арганізацыі КПЗБ накіроўвала рэвалюцыйны рух у краі, а праз пасольскі клуб грамады ў сейме нават мела легальную трыбуну. Уявіце: ужо ў студзені 1927 года больш за 2000 гурткоў арганізацыі аб’ядноўвалі каля 120000 членаў, якімі былі ў пераважнай большасці сяляне – беднякі і сераднякі, а таксама рабочыя і прадстаўнікі інтэлігенцыі. Дзейнічала 18 павятовых камітэтаў. Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культурна-асветніцкая арганізацыя «Таварыства беларускай школы», беларускае выдавецкае, навуковае і дабрачыннае таварыствы, Беларускі студэнцкі саюз.

У маі 1926 года была прынята і Праграма БСРГ. Якія асноўныя патрабаванні яна змяшчала?

– Грамадаўцы выступалі за самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у рэспубліку сялян і рабочых – уз’яднанне з БССР, стварэнне сялянска-рабочага ўрада, устанаўленне дэмакратычных свабод, канфіскацыю памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, скасаванне асадніцтва, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, за нацыянальную роўнасць, навучанне на роднай мове. Галоўным сродкам вызвалення лічылі адкрытую барацьбу народных мас з эксплуататарамі. У выніку дзейнасці грамады ў 1926 годзе ў Заходняй Беларусі пачаўся ўздым масавага нацыянальна-вызваленчага руху, у якім наспявалі элементы рэвалюцыйнай сітуацыі. Пашырэнне ўплыву гэтай аўтарытэтнай арганізацыі мела месца і на Свіслаччыне. На канец 1925 года ў Свіслацкай воласці дзейнічалі 12 яе гурткоў. Адным з першых членаў грамады стаў наш зямляк Іосіф Жыўлюк. Сярод актыўных дзеячаў былі таксама Канстанцін Варановіч і Мацвей Астапчык, імёны якіх сёння носяць вуліцы Свіслачы, – расказала дырэктар музея.

 

Зразумела, што дзейнасць грамады палохала польскую ўладу, і 21 сакавіка 1927 года БСРГ была афіцыйна забаронена, больш за 4000 яе кіраўнікоў і актывістаў аддалі пад суд. Польскія турмы ў гэты час былі набітыя героямі нацыянальнага супраціўлення Заходняй Беларусі. У сваім апошнім слове ў судзе Браніслаў Тарашкевіч, які ўзначальваў арганізацыю, так тлумачыў прычыны стварэння БСРГ: «Толькі жыццё, лёгіка давяла да з’арганізаваньня грамады… Народ сам сабе, народ уласнай працай і ахвярнасцяй здабудзе сабе рэалізацыю загартваных канстытуцыяй правоў. Вось так здабыць правоў гэткай дарогай прадбачыў яшчэ ў 1906 годзе гэній Янкі Купалы, калі спяваў: «А хто там ідзе, у вагромністай такой грамадзе. Беларусы». Ён прадбачыў, што толькі высілкам усяго народу «грамадой» народ здабудзе правы. Крыўды, аб якіх спяваў Купала, стварылі грамаду».

Свой аповед пра экспанат мы пачалі з першага радка. Давайце звернем увагу і на канец брашуры. «Шчыльней адзін да другога», – заклікае апошні абзац. Сто гадоў мінула, а гэтыя словы – вельмі моцныя і глыбокія – не губляюць сваёй актуальнасці. Згуртаванасць заўсёды была і застаецца галоўнай апорай для беларусаў у часы цяжкіх выпрабаванняў. Калі людзі аб’ядноўваюцца дзеля агульнай мэты, падтрымліваюць адзін аднаго і дзейнічаюць разам, любыя выклікі становяцца пераадольнымі. Беларускі народ не раз дэманстраваў, што яго сіла – у адзінстве. Разам мы ўсё можам.

Предыдущая статья

В МНС напомнили об уплате единого имущественного платежа до 16 ноября