banner
З любоўю да роднага слова
10:12 23 Сентября’20
374
Так склалася, што існуючай добрай традыцыі аддаваць пашану роднаму слову ў першую нядзелю верасня – ужо больш за чвэрць стагоддзя. Дзень беларускага пісьменства – першае свята суверэннай Беларусі, якое бярэ свой пачатак у 1994 годзе. Тады ў Полацку, на радзіме славутага першадрукара Францыска Скарыны, яно і адбылося – «хай па мове бацькоў пазнаюць мой народ, што шануе Скарыну!» Пасля сталіцамі свята станавіліся многія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны. 



Мне вельмі пашанцавала, я разам з удзельнікамі навукова-асветніцкай экспедыцыі  «Дарога да святыняў» наведала некаторыя з іх: Шклоў (2015 г.), Полацк (2016 г.), Рагачоў (2017 г. ), Іванава (2018 г.), Слонім (2019 г.) і Бялынічы, дзе сёлета адбылося яскравае свята роднай мовы, якое кожны год збірае неабыякавых да матчынага слова – «дала мне маці гэту мову, каб не нямым прыйшоў у свет». Бялынічы выбраны сталіцай не выпадкова. Гэты горад унёс сваю лепту ў развіццё кнігадрукавання на беларускіх землях яшчэ ў XVII стагоддзі – тут знаходзілася манастырская друкарня. На жаль, з часам манастыр кармялітаў быў страчаны. Але як доказ яго існавання захавалася ўцалеўшая фрэска «Нясенне крыжа».

Трэба адзначыць, што кожны горад, які сардэчна сустракае гасцей, – наша старажытная гісторыя, пра якую мы шмат можам даведацца праз Дзень беларускага пісьменства. Да важнай падзеі вызначаны населены пункт вельмі старанна рыхтуецца. На вачах змяняецца яго аблічча, а потым, пасля завяршэння такога грандыёзнага свята, жыхары атрымліваюць абноўлены і камфортны горад, які яшчэ больш радуе і захапляе сваёй утульнасцю і чысцінёй. І кожны раз хвалююся, і кожны раз еду з радасцю, бо заўсёды адкрываю для сябе мясціны з багатай гістарычнай спадчынай. 

З акна аўтобуса бачу, што Беларусь наша прыгожая, чыстая: палеткі, сады, агароды, кветнікі – усё старанна дагледжана руплівымі рукамі. Дарогі – роўныя, нібы тая ўзлётная паласа. Велічныя купалы храмаў задумліва ззяюць на сонцы, радуе і лес, такі бясконцы і такі шчодры на свае дары. Едзеш, захапляешся краявідамі і з задавальненнем думаеш, што гэта ўсё наша, роднае, беларускае. І самае галоўнае, што ты сябе адчуваеш жыхаром еўрапейскай краіны, у якога ёсць свая шматвяковая гісторыя і свая культура.

Дзень беларускага пісьменства – свята з глыбокімі каранямі і моцнымі традыцыямі. Так адначасова са святам з’явілася Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». У гэтым годзе гэта ўжо 27-я. За некалькі дзён да святкавання ў дарогу з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга са сталічнага Свята-Духава кафедральнага сабора выпраўляюцца прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, а таксама і прадстаўнікі духавенства. Кожна раз – новы цікавы маршрут, які заканчваецца ў сталіцы правядзення свята. Сёлета шлях экспедыцыі пралёг па тэрыторыі Мінскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, агульная працягласць якога – 1 090 км. На працягу ўсяго маршруту адбываліся сустрэчы з жыхарамі Пінскай і Лунінецкай (Святое Поле), Бабруйскай (Асіповічы) і Магілёўскай (Краснапольскі, Касцюковіцкі, Хоцімскі, Клімавіцкі і Бялыніцкі раёны) епархій. Хрэсныя хады, перадача Благадатнага Агню на свечкі прыхаджан, служба ў храмах. Паўсюль у супольны сад малітвы Беларусі пад дрэвы падсыпалася асвечаная зямля, узятая з усіх мясцін папярэдніх маршрутаў экспедыцыі, асвячаліся помнікі славы і мужнасці нашага народа, каля могілак, дзе пахаваны загінуўшыя ў папярэдніх войнах, служылі памінальныя ліціі. Усё было добра і хораша. Але ж разам з тым і адчувалася, што нас прымалі жыхары ўсходняй Беларусі. 



Нягледзячы на тое, што святочныя мерапрыемствы заўсёды адбываліся па ўсёй краіне ў першыя вераснёўскія дні, лампаднікі таксама праводзілі духоўна-асветніцкія сустрэчы ў працоўных калектывах, бальніцах, школах, дзіцячых дамах і дамах пажылых людзей, бо ўсе мы аб’яднаны духоўнасцю. А гэта не толькі рэлігія. Духоўныя каштоўнасці – гэта той галоўны арыентыр чалавека, які вызначае яго паводзіны ў адносінах да самога жыцця. Гэта і літаратура, гэта і мова родная, гэта і тыя разнабаковыя веды, што ўсе разам вядуць нас і накіроўваюць на верны шлях у  жыццёвым моры.

Ёсць і яшчэ адна традыцыя ў Дня беларускага пісьменства – урачыстае тэатралізаванае шэсце падчас адкрыцця з удзелам вядомых гістарычных персанажаў. І абавязкова ў гэты дзень з галоўнай сцэны гучыць прывітанне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гасцям і ўдзельнікам свята.

Праехаўшы па запланаваным маршруце, пад канец нашага насычанага цікавымі падзеямі падарожжа мы апынуліся ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Асноўныя святочныя мерапрыемствы праходзілі менавіта тут. У першую чаргу яны былі прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю Вялікай Перамогі і 90-годдзю са дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбылося на галоўнай сцэне, дзе ўзнагароджвалі пераможцаў прэстыжнай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. З 80 аўтараў лепшых твораў у розных жанрах іх было шасцёра. Адзін з іх – Уладзімір Сцяпан, вядомы чытачам па газеце «СБ Беларусь сегодня». 

Цэнтр свята – «Фестываль кнігі і прэсы», дзе можна было пазнаёміцца з апошнімі кніжнымі навінкамі, атрымаць аўтограф аўтара, пабачыць цікавыя выстаўкі, прагуляцца па павільёнах, «Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь», «Печатный двор», «Слова пісьменніка». Многіх магла зацікавіць квэст-гульня «Скарбы князя Гальшанскага» па творах Караткевіча і закладка алеі гарадоў – сталіц Дня беларускага пісьменства – у парку «Ліпавы гай».

Адным з самых яркіх і маштабных праектаў да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах стала аднаўленне раённага мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Тут размясціліся мастацкая галерэя, зала гісторыі Бялыніцкага краю, зала духоўнасці (галоўны экспанат – фрэска «Нясенне крыжа, або «Узыходжанне на Галгофу», якую растаўратары з Мсціслаўля збіралі цэлы год па крупіцам) і зала для прывазных выставачных экспазіцый. Вялікі інтарэс вызвала скульптурная кампазіцыя «З’яўленне іконы» – гранітны анёл трымае бронзавую Бялыніцкую ікону Маці Божай.

Святочная праграма ў сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства ўвогуле была насычана падзеямі, яскравымі і запамінальнымі.



Таксама прайшоў шэраг мерапрыемстваў, не звязаных з літаратурай. Напрыклад, бадзёры настрой падарыў гасцям і жыхарам горада фестываль беларускай кухні і беларускай прадукцыі «БелаЕжа», рады апошняга даволі-такі расцягнуліся, але гэта нікога ніколькі не засмуціла.

Свята, прысвечанае Дню беларускага пісьменства, адбылося. Яно завершалася па традыцыі прыгожым феерверкам, добрым настроем і цёплымі ўспамінамі. Але галоўнае – тое адчуванне далучанасці да духоўных каштоўнасцей, якое пакідае ў душах кожны Дзень беларускага пісьменства. Дзень, які з нецярплівасцю мы чакаем.

Валянціна ХАМЧУК
Фота аўтара

Предыдущая статья

На Гродненщине почетное звание «Дитя мира» присвоят новорожденным, появившимся на свет в Международный День мира