banner

Вяртанне да каранёў

13 Июня’24
964

У першым выпуску праекта раскажам аб сям’і Анатоля і Любові Пакутнікаў, якія ператварылі старую бацькоўскую хату ў месца, куды з вялікім задавальненнем зноў і зноў вяртаюцца ўжо іх дзеці і ўнукі. У месца, дзе адпачываюць іх душы. Наш новы праект «Бацькоўская хата» будзе расказваць пра тое, як важна памятаць пра свае карані, берагчы і захоўваць спадчыну. Хочацца закрануць у сэрцах людзей, пакінуўшых родную хату, тую “струнку”, якая зазвініць недзе ўнутры і напомніць аб тым, што дзесьці ў вёсцы дзяцінства стаіць бацькоўскі дом і чакае, калі да яго вернецца жыццё. 



Мы раскажам аб тых дамах, якія з’яўляюцца сапраўднай святыняй для дзяцей, унукаў гаспадароў, адышоўшых у нябыт. Пішыце, званіце, падказвайце нам добрыя прыклады, якія, несумненна, ёсць і пра іх трэба расказаць.  

Хатам бывае сорамна
У кожнага з нас ёсць такі куточак, дзе мы вымавілі першае слова, зрабілі першыя крокі. Мама з татам былі тады такімі маладымі, прыгожымі, дужымі. Але час ляцеў, ён няўмольны. З’явіўся першы шэрань на бацькоўскіх скронях, сівелі матуліны косы. На жаль, не вечныя нашы бацькі… 
Але застаецца хата. З гэтай ха-ты выляталі дзеці ў свет, як птушкі ў вырай, і потым зляталіся да роднага гнязда ўжо са сваімі “птушанятамі”. Якой радасцю, якім неперадавальным шчасцем свяціліся вочы дзядулі і бабулі, калі трымалі на руках унучкаў. 
Але аднойчы настае той дзень, калі ўжо няма да каго спяшацца. Раптам тухне у тым акенцы святло, і ніхто больш не чакае ні з далёкіх, ні з блізкіх дарог. 
На жаль, чамусь так часта здараецца, што з тых дарог не часта хто і спяшаецца, каб праведаць роднае жыллё, заглянуць хоць не на доўга, як там стаіць тая хатка, ці не трэба паправіць дах, альбо плот. Ці проста зайсці, удыхнуць водар дзяцінства. 
Можа, каму здаецца, што гэта проста будынак з броўнаў накрыты дахам, але гэта не так! Хата – жывая істота. Вы зайдзіце, прыслухайцеся – яна ж дыхае! Яна жыве! І памірае толькі тады, калі адчувае сябе зусім пакінутай, нікому не патрэбнай. 
На жаль, шмат у нашых вёсках такіх памерлых хат, якія ўжо страцілі надзею на тое, што хоць нехта ўспомніць пра іх існаванне. Не ўспомнілі, не прыехалі, не паспелі. Балюча! Вельмі балюча назіраць, як стаяць на вясковых вуліцах гэтыя асірацелыя дамы. 

Адна з такіх пакінутых хатаў схавалася ад чужых вачэй сярод густых зарасляў у вёсцы Дабраволя пушчанскага краю. Схавалася ў прамым сэнсе. З усіх бакоў зарасла рознымі дрэвамі: пладовымі і непладовымі, дзікімі кустамі, бур’яном. І толькі кавалак даху з праваленым комінам напамінае аб тым, што тут калісьці кіпела жыццё. Хата пабудавана на два канцы. Гэта значыць, што дзве сям’і жылі ў ёй. Чаму ж яна зараз схавалася ў зараслях? Можа, таму, што ёй сорамна? За тых, хто забыўся да яе дарогу, пакінуў сам на сам з адзінотай. Сорамна! Справа і злева жывуць людзі, уецца дымок з коміна, скрыпяць веснічкі, цвітуць каля хатаў кветкі, у агародах гаспыдынькі полюць грады, чуюцца галасы, льецца святло з вокнаў…  
А тут павалены плот, зарослыя сцежкі, засохшы калодзеж, пачарнелыя сцены… Сумная карціна. Крыўдна і сорамна хаце! А дзецям тых былых гаспароў, а ўнукам?

Тут засталіся бацькоўскія сляды
Але ёсць і добрыя прыклады, ёсць неабыякавыя людзі, для якіх бацькоўская хата – гэта святыня, месца, да якога прырасло сэрца, дзе адпачывае душа. 


Знаёмцеся, Анатоль і Любоў Пакутнікі. Анатоль нара-дзіўся і вырас у вёсцы Дуброва Свіслацкага сельсавета. Паўміралі бацькі і хатка засталася без гаспадароў. Праўда, Анатоль часта прыязджаў сюды разам з жонкай, з дзецьмі, унукамі. 

А неяк вырашыў усё тут змяніць, зрабіць вялікую перабудову. Ахвотна далучыліся сыны, жонка, і справа пайшла. У доме з’явілася новая печ, памяняліся вокны, дзверы, абнавіліся сцены, старая мэбля ператварылася ў новую. І ўсё гэта рукамі Анатоля, Любові і іх сыноў. 
А двор! Што робіцца ў двары! Шыкоўныя арэлі, кветнікі, альтанка, месца для ўнукавых гульняў. Участак насупраць, дзе калісь стаяла хата Анатолевай цёткі, (хата згарэла), Пакутнікі вырашылі таксама акультурыць і зрабіць там месца для адпачынку. У першую чаргу былі выкарчаваны лішнія дрэвы, старыя пні, вычышчана ўся пляцоўка. А пасярод яе Анатоль з сынам Сяргеем пабудавалі хатку “на курыных ножках”, праўда, “ножку” замяніла старая яблыня. Высахшыя галіны былі спілаваны, і на іх месца прымасціўся невялічкі церамок. Гэта зараз любімае месца для ўнукавых гульняў. Усе выхадныя Пакутнікі праводзяць ля роднай хаты, а летам, калі дзень доўгі, то і пасля працы яны тут, у вёсцы. Дзень за днём прыдумваюць нешта новае, прыгожае, цікавае. Хто ні ідзе, ні едзе міма, дзіву даецца, якая тут прыгажосць! 

Асаблівая “прыправа”

Анатоль шмат гадоў працуе ў Свіслацкім раёне забеспячэння, карыстаецца павагай, аўтарытэтам у калег і кіраўніцтва. Вельмі добры і чулы чалавек, гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, хто звяртаецца да яго. Чароўныя ў яго рукі, бо такія цуды, якія ён умее ствараць, звыклымі рукамі зрабіць проста немагчыма. 
Жонка таксама, якіх трэба пашукаць. У гэтай жанчыне спалучыліся разам дабрыня, мудрасць, працавітасць, пачуццё прыгажосці, што можна толькі падзіўляцца. Да выхаду на пенсію яна працавала ў школе поварам. Яе смачныя абеды па сёння памятаюць ужо дарослыя былыя вучні, бо кожную страву яна аздабляла нязвыклай “прыправай” – праменьчыкам сваёй душы. 
Усе найлепшыя рысы бацькоў перадаліся дзецям. Старэйшы Дзіма – у Гродне. У яго там сям’я і, на жаль, не часта даводзіцца прыязджаць да бацькоў. Але, калі выдаецца вольны час, ён з сынам Радамірам наведваюць родныя мясціны. Малодшы Сяргей, жыве ў райцэнтры. Ён асноўны памочнік бацькі. Дарэчы, у асноўным па яго ініцыятыве адбылося ў дзядулевай хаце так шмат перамен. Гэта ён з сябрам Сашай Шагуном перарабілі печ, замянілі вокны, абабілі сцены ў хаце. А ўжо бацька з маці больш у двары займаліся навядзеннем парадку і прыгажосці. Вось так агульнымі сіламі і адрадзілі сваю спадчыну. Люба-дорага цяпер паглядзець!

– А ўжо ж, як любяць сюды прыязджаць унукі, – з усмешкай гаворыць Любоў. – Яны гатовы адсюль і не выязджаць, бо тут ім такое раздолле, столькі ўсяго цікавага, што нават тэлефоны ляжаць на стале без патрэбы. Хіба толькі здымкі зрабіць, а потым пахваліцца ў горадзе сябрам. Адзін церамок на яблыні чаго варты! Такога ж ні ў кога няма! Ды і не толькі гульнямі заняты тут нашы ўнукі. Яны яшчэ і дапамагаюць, прывучаюцца да працы. Ульянка са мной грады поле, усе разам траўку падграбаюць, пасля таго, як дзед пакосіць, ну і што смачнае прыгатаваць для ўсіх Ульянка таксама першая памочніца. Яраслаў з Радамірам дзеду дапамагаюць. Як кажуць, пры справе хлопцы. 
Гады прабягуць хутка, а хатка, якая атрымала новае жыццё, будзе іх чакаць і не зарасце да яе сцежачка. 

Вярніцеся да дому!
Як хочаца, каб такіх хатаў стала больш. Каб сыны, дачушкі ўспомнілі пра пакінутае гняздо, каб адкінулі ўбок усе свае важныя справы, а падумалі аб тым, што недзе, у далёкай вёсачцы, іх доўга чакае родны куточак, які так прагне, каб нехта пераступіў парог, вымыў вокны, выкасіў бур’ян… І яна ажыве. І зноў засвецяцца вокны, і будзе віцца дымок з коміна, і душа напоўніцца спакоем, і сэрца заб’ецца роўна-роўна, і ўсмешка засвеціцца на твары. Так будзе! Бо яна, родная хата, мае на кожнага з нас магічны ўплыў. Варта толькі ўспомніць і вярнуцца дадому. Няхай не назаўсёды, няхай на час адпачынку ці ў выхадныя дні. Спачатку навесці парадак, пераначаваць пару разоў, а потым ужо неверагодная сіла прыцягнення будзе зваць, будзе прыспешваць, напамінаць. Варта зрабіць першы крок, і столькі самотных дамоў вернуцца да жыцця, скінуць з сябе чорнае покрыва адзіноты. Спяшайцеся, прыязджайце, пакланіцеся роднаму парогу, папрасіце прабачэння ў пакінутай хаткі. Яна чакае! Яна даруе! Яна прыдасць сілы жыць, марыць, ствараць, абдыме забытым водарам сцен, сагрэе цеплынёй распаленай печы, верне ў дзяцінства… Толькі ўспомніце дарогу дадому, яна ж самая кароткая. І шчаслівага вам шляху.

Предыдущая статья

В Казани открываются Игры БРИКС с участием спортсменов почти из 100 стран мира. На старты выйдут и представители Гродненской области