
Вось і зноў, як радасны і ясны золак, узыходзіць святы дзень Уваскрэшання Хрыстова, праменячы святло, суцяшэнне, радасць і жыватворную надзею ўсім веруючым. Ужо праз некалькі дзён званы ва ўсіх храмах абвесцяць гэтую вялікую і радасную навіну!
З нагоды гэтага ўрачыстага святкавання прыміце самыя шчырыя пажаданні Божага благаславення ва ўсіх добрых справах. Як Хрыстус перамог смерць, так няхай і нам дапаможа перамагчы нашы слабасці і грахі.
Каб была непахіснай наша вера ва ўсёпераможнасць і жыццесцвярджальную моц Божага плана збаўлення кожнага чалавека. Хрыстус здзяйсняе факт перамогі Жыцця над смерцю, святла любові над слепатой грэшнасці.
Сын Божы акунае чалавечую слабасць у Ахвяры Крыжа, каб адкрыць перад кожным перспектыву Уваскрэсення. Няхай Неўміручая Хрыстова Любоў вядзе вас па жыцці, няхай стане тым святлом, якое асвеціць шлях у неба, у вечнае жыццё.
Няхай у кожным доме, у кожнай сям’і галоўным гаспадаром і дарадчыкам будзе Бог, няхай пануюць у дамах дабрыня, разуменне і ўзаемапавага.
Няхай будуць атуленыя цеплынёй і пяшчотай дзеці, старыя бацькі, няхай ніколі не будзе канфліктаў паміж братамі, суседзямі, калегамі.
Няхай Божае благаславенства заўсёды будзе з вамі. Няхай з прыходам Вялікага Свята вашы сэрцы напоўняцца цеплынёй і спагадай, а прамяністы свет Уваскрэсення Хрыстовага спадарожнічае ва ўсіх справах, прынясе ўтульнасць у вашы дамы, натхніць на добрыя пачынанні.
Няхай паўсталы з мёртвых Хрыстус будзе жаданым госцем нашых думак, слоў і ўчынкаў!
Прыемна, што сёлета каталіцкае і праваслаўнае свята адзначаецца ў адзін дзень. Дасылаем свае віншаванні і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенне заўсёды будзе з вамі.
Са святам вас усіх, дарагія браты і сёстры.
Хрыстос з мёртвых паўстаў!
Справядліва з мёртвых паўстаў!
Айцец Антонiй Пажэцкі, настаяцель касцёла рымска-каталіцкага Святога Францішка з Асыжа ў Свіслачы