banner

Веліч пушчы на карцінах мастака

22 Февраля’24
1788
photo_2024-02-22_11-53-28.jpgХодзіць у народзе такое павер’е, што, калі нараджаецца дзіцятка, Бог укладвае ў яго душу дар. У кожнага! Другая справа, што вельмі часта людзі страчваюць яго. Сёння гаворка пойдзе пра чалавека, які не проста збярог тую маленькую іскрынку. З цягам часу яна заззяла на ўсю моц. Міхаіл Ганчарэвіч з Новага Двара малюе з самага дзяцінства, ад яго карцін зыходзіць амаль адчувальнае святло, святло яго душы. Нямала ікон, напісаных рукой таленавітага мастака з благаславення мясцовага святара, знаходзяцца ў Навадворскай царкве.

Ён нарадзіўся тут, у Новым Двары і, колькі сябе памятае, заўсёды любіў маляваць. Хоць алоўкам, хоць крэйдай, хоць пруцікам на пяску. І малюнкі, на дзіва, атрымліваліся прыгожымі. Асабліва, чамусьці, Міша аддаваў перавагу коням. Яны ў яго пасвіліся на лузе, скакалі галопам, проста стаялі і здзіўлялі прыгажосцю. 

Прыйшоў час служыць у войску. Спачатку наш зямляк быў накіраваны ў Петразаводск у “вучэбку”. І аднойчы з горада Мірны прыехалі важныя камандзіры, каб знайсці таленавітага хлопца для афармлення нагляднай агітацыі. Міхаіл акурат на кухне ў нарадзе быў. Нехта прыбег, сказаў, што камандзір выклікае тэрмінова. Хлопец нават рукі не паспеў памыць. Пабег. А там, як выявілася, з усёй вайсковай часці сабралі салдатаў, якія маляваць трохі ўмелі. Міхаіл, доўга не думаючы, намаляваў партрэт самага галоўнага арганізатара конкурса. Той прыемна здзівіўся і, зразумела, выбраў нашага хлопца. Паехаў Міша ў Мірны Архангельскай вобласці. Быў пры штабе пісарам, афармляў усю наглядную агітацыю, пісаў карціны і проста маляваў для душы. 

Два гады службы прабеглі хутка. Вярнуўся Міша дадому і ўжо ведаў, дзе будзе вучыцца. Паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Вучыўся завочна і працаваў у мясцовай школе настаўнікам малявання, чарчэння і працы. Яму нават выдзелілі асобнае невялікае памяшканне, дзе малады настаўнік мог не толькі падрыхтавацца да наступных урокаў, але і маляваць для душы. Вось тады з’явіліся яго першыя творы, на якіх так яскрава адлюстроўвалася пушчанская прырода, усё, што ўсім сэрцам любіў таленавіты юнак.

У той самы час у школу пасля заканчэння інстытута прыехала маладзенькая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна. 

...І было вяселле. Шумнае, звонкае, вясёлае! Выгадавалі Міхаіл Аляксеевіч з Галінай Іосіфаўнай сына і дачку, тыя падарылі ўнукаў. Чаму не цешыцца бабулі з дзядулем?! Два гады таму сям’я Ганчарэвічаў адзначыла залаты юбілей. 

Сёння ў іх за спінай ўжо 52 гады сумеснага жыцця. У гэтым доме па-ранейшаму жыве любоў і ўзаемапавага. Муж і жонка ва ўсім падтрымліваюць адзін аднаго, таму і пануюць тут лад і згода. А яшчэ вабяць да сябе карціны, напісаныя за шмат гадоў. Іх тут палічыць немагчыма. У агульным ліку Міхаіл Аляксеевіч напісаў больш за сто творчых работ. Шмат аддаў дзецям, падарыў родным, сябрам. 
Першае, што кідаецца ў вочы, калі пераступаеш парог – два партрэты ўжо сталых мужчын. На адным –
бацька мастака, на другім – яго жонка Галіна. Мудрыя вочы дзядуль пільна сочаць за ўсім, што адбываецца ў доме. Але непакоіцца старэнькім, хіба, няма прычыны. 

А што робіцца ў пакоях… Тут самая сапраўдная карцінная галерэя! Вочы разбягаюцца ад той прыгажосці, якую звычайным памазком стварыў на карціне вясковы мастак. Тонкія беластволыя бярозкі, здаецца, вось-вось зашалясцяць лісточкамі і ад іх падзьме вясною. Стройныя высокія пушчанскія сосны стаяць, як вартавыя, магутныя дубы раскінулі свае шырокія галіны і напамінаюць былінных асілкаў. А велічныя нашы зубры – гэта ж цуд прыроды! І зіма, і вясна, і лета, і восень – усё тут такое сапраўднае, такое блізкае, такое прыгожае. І не дзіва! Мастак даўно зжыўся з гэтай прыродай, з навадворскай зямлёй. Сярод гэтых бяроз, дубоў і соснаў сам пусціў карані, і няма такой сілы, якая б здолела іх вырваць. 




 У спальні ўсю сцяну займаюць іконы і Божыя храмы. У доме Ганчарэвічаў Госпаду адведзена пачэснае месца. Гэта падзяка за тую іскрынку, якую некалі ўлажыў Бог у душу маленькага Мішы. А яна вось як заззяла ўсімі гранямі, і ззянне тое бачнае сёння здалёк. 



Міхаіл Аляксеевіч раней выходзіў на пленэры, вандраваў па лесе ў пошуках самых прыгожых мясцін. А сёння ўжо не ходзіць. За шмат гадоў у яго памяці захавалася столькі “фотаздымкаў”, што хопіць надоўга. І на новых палотнах можна будзе пабачыць яшчэ не раз найпрыгажэйшыя куточкі пушчанскага краю. 

Сёлета вясною ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі плануецца адкрыццё асабістай выставы нашага самабытнага мастака. Яго карціны, іконы змогуць пабачыць усе, хто захоча дакрануцца да прыгажосці і адчуць святло душы.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

ЦИК Беларуси отмечает достаточно высокую явку во время двух дней досрочного голосования по выборам депутатов