Усе, хто звязаў сваё жыццё з творчасцю, уносіць каласальны ўклад у захаванне і памнажэнне культурных каштоўнасцей нашай краіны сабраліся ў Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў. Тут прайшло ўрачыстае мерапрыемства напярэдадні Дня работнікаў культуры.
Павіншаваць з прафесійным святам работнікаў культурна-асветніцкіх устаноў прыйшлі старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Паўлючэня.
– Работнікі сферы культуры раёна займаюць высокую ступеньку ў сферы культуры Гродзенскай вобласці. Дзякуй вам за той вынік, якім вы можаце ганарыцца, –адзначыў Аляксандр Вярсоцкі. – Я люблю культуру параўноўваць з каронай. Я не ведаю, Свіслаччына каштоўны або вельмі каштоўны камень у кароне культуры нашай вобласці, але магу адназначна сказаць, што мы ўсе будзем рабіць так, каб каштоўны камень у кароне культуры заззяў новымі краскамі. Мы да гэтага будзем імкнуцца на працягу наступнага года. Ёсць такое выказванне: “Рабі тое, што не робяць другія, і ты будзеш жыць так, як другія аб гэтым толькі мараць”. Параўноўваючы работнікаў культуры Свіслаччыны з іх калегамі з другіх раёнаў, я кажу дзякуй за тое, што яны на сённяшні дзень робяць так, як другія мараць, да чаго другія імкнуцца. Са святам вас!
Аляксандр Людвігавіч падкрэсліў, што вялікая работа была праведзена пры падрыхтоўцы да каравай-фэсту "Бацькава булка". Старшыня райвыканкама падзякаваў упраўленню культуры за тое, што падзяліла гэты вялікі узровень адказнасці разам з намі. У знак павагі кіраўнік раёна ўручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта Алене Клімовіч.
Па традыцыі адным з самых прыемных момантаў у гонар прафесійнага свята стала ўзнагароджанне лепшых прадстаўнікоў галіны.
Аляксандр Вярсоцкі ўзнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама мастака-афарміцеля раённай бібліятэкі Людмілу Шворак і Падзякай райвыканкама мастака гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Сыраежку.
Алена Клімовіч павіншавала работнікаў культуры Свіслаччыны са святам і ўручыла Ганаровую грамату упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама канцэртмайстру дзіцячай школы мастацтваў Алене Сідаркевіч.
Са святам прысутных павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка. Віктар Аляксеевіч уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў загадчыку Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы Марыі Самалевіч, Падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў настаўніку філіяла «Поразава» дзіцячай школы мастацтваў Ірыне Паплаўскай, загадчыку сектара па рабоце з дзецьмі і моладдзю раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марыне Улявічус.
У гэты святочны дзень заслужаныя ўзнагароды з рук Ірыны Паўлючэні прымалі метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Алена Рабчанка, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Ірына Герасімчык, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Наталля Краўчук, бібліятэкар Пацуеўскай бібліятэкі Алена Дубанос, намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандра Градава, мастак-афарміцель сектара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Юрый Забейда, інжынер-праграміст аддзела метадычнай работы і пазастацыянарнага абслугоўвання раённага цэнтра культуры і народнага творчасці Уладзімір Курбат, культарганізатар аддзела культурна-масавай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Шупейка, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў сектара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Сяргей Штоп, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў сектара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Леанід Шупейка, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзіцячай школы мастацтваў Вераніка Зотава, настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Палякова, Юрый Кулініч, загадчык гаспадаркі дзіцячай школы мастацтваў Іван Ляхтуноў, гардэробшчык дзіцячай школы мастацтваў Ларыса Палапа.
Цёплыя апладысменты, восеньскія кветкі і музычнае віншаванне прынялі людзі, для каго культура стала неад'емнай часткай усяго іх жыцця – ветэраны сферы культуры.
Працягам святочнай урачыстасці стаў канцэрт. Артысты раёна яркімі вакальнымі нумарамі павіншавалі калег з Днём работнікаў культуры.
У фае дзіцячай школы мастацтваў былі арганізаваны выстаўкі. Тыя, хто прыйшоў, маглі атрымаць эстэтычную асалоду, разгледзеўшы дыпломныя работы выпускнікоў мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога аддзяленняў 2022 года, выстаўку работ пераможцаў IV Абласнога пленэру юных мастакоў «Сімфонія велічы Белавежскай пушчы – 2021». Аддзел рамёстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прапанаваў экспазіцыю, на якой былі прадстаўлены вырабы ткацтва, саломапляцення і ганчарства.
Святлана МАКСІМЮК
Фота аўтара




























