Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры – унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Пераступаеш парог – і адразу трапляеш у творчы свет, дзе пануюць цішыня і спакой. Яно і зразумела: муза не церпіць мітусні. І ў гэтай незвычайнай, быццам заварожанай, цішыні ідзе няспынная стваральная праца, нараджаецца непаўторная прыгажосць з нацыянальным каларытам. Дзе, як не тут, можна падсілкавацца “народнай энергетыкай”, адчуць прыліў натхнення?! Таму настойліва раім завітаць сюды і пазнаёміцца з людзьмі, якія беражліва захоўваюць народныя традыцыі і ахвотна дзеляцца сакрэтамі майстэрства з кожным зацікаўленым.
Жывая спадчына
Гісторыя народных промыслаў і рамёстваў налічвае не адно стагоддзе. З даўніх часоў славілася сваімі майстрамі і Свіслаччына. Што важна, рамесніцкія традыцыі нашых продкаў упэўнена адчуваюць сябе і зараз. Не на словах, а на справе. І гэта дзякуючы крапатлівай працы мясцовых майстроў, якія з’яўляюцца носьбітамі старадаўніх відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры асаблівая місія – захаванне і развіццё рэгіянальнай традыцыйнай культуры. Тут імкнуцца да таго, каб пакінутая спадчына заставалася жывой.
– Сёння робіцца ўсё для таго, каб непаўторны здабытак народнага мастацтва не знік, а рамяство перадавалася маладому пакаленню, – расказвае загадчык аддзела Аксана Васілька. – Асноўнымі напрамкамі нашай дзейнасці з’яўляюцца адраджэнне, захаванне і развіццё традыцыйных народных рамёстваў, перадача вопыту аматарам даўніны. Для гэтага праводзяцца майстар-класы для розных слаёў насельніцтва. Каб развіць творчыя здольнасці дзяцей і моладзі, ладзім работу гурткоў “Залатая саломка”, “Узоры роднага краю”, “Ласкуток”, “Рукатворныя цуды”, “Чароўная гліна”. На працягу сямнаццаці гадоў дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Майстры пушчанскага краю”. Ім кіруе Жанна Сыраежка. Гэта аб’яднанне захавальнікаў народных традыцый, якія нясуць мастацкія практыкі ў шырокую аўдыторыю. Хочацца дадаць, што працуем мы і ў сучасных відах і тэхніках. Практыкуем таксама сінтэз традыцый і навізны.
Па-сапраўднаму знакавай падзеяй у культурным жыцці аддзела і раёна стала прэзентацыя калекцыі рэканструяванага свіслацкага строю. Дзякуючы шматгадовай скрупулёзнай працы майстроў сёння мы можам убачыць, як апраналіся нашы продкі ў канцы ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя.
– Рэканструкцыя касцюмаў – гэта ўнікальны вопыт, які дазваляе пранікнуць у глыбіню нашай багатай гісторыі, вучыць разумець продкаў. Нацыянальнае адзенне – не проста аблічча беларуса. У ім яго душа, светапогляд, імкненні. Тут мае значэнне кожная дэталь. Мы павінны гэты скарб шанаваць і берагчы, – падкрэслівае Аксана Васілька.
Сузор’е талентаў
Вядома, унікальнай справай займаюцца ўнікальныя людзі. Так, яны розныя па характары, але калі гаворка датычыцца творчасці – тут іх памкненні сходзяцца ў адно. Талент, творчы погляд на жыццё, багатая фантазія і ўменне ўвасабляць неверагодныя задумкі ў рукатворныя рэчы – гэта ўласціва кожнаму з тутэйшых майстроў. Адданыя сэрцам і душой любімай справе, яны знаходзяць усё новыя і новыя крыніцы натхнення.
Жанна Сыраежка ў культуры з 1989 года. Валодае тэхнікай ручнога ткацтва паясоў. Займаецца поясапляценнем дзесяць гадоў і добра ведае гэтае рамяство. Здаецца, з заплюшчанымі вачамі можа “ганяць” чаўнок па нацягнутай аснове з нітак. На немудрагелістых прыстасаваннях яна стварае мудрагелістую па выкананні стужку пояса. Колькі ўжо перароблена за гэты час, колькі колераў спалучана і ўзораў выткана, а задумак у майстрыхі на перспектыву – невычэрпны запас. Акрамя таго, Жанна Сыраежка з’яўляецца носьбітам мастацтва беларускай выцінанкі. Падзяляе яе прыхільнасць да стварэння ажурных узораў з паперы Іна Шпак. Іх працы з самымі разнастайнымі элементамі і матывамі проста зачароўваюць.
Майстры аддзела Яўген Мацяшук і Віталь Аніська працягваюць ганчарную справу, вывучаюць спосабы і прыёмы абпальвання гліняных вырабаў. На сённяшні час актыўна працуюць над адраджэннем і далейшым развіццём мясцовай традыцыі чорназадымленай керамікі, якая звязана з іменем нашага славутага земляка Іосіфа Шопіка з Поразава. Яўген Мацяшук прыйшоў у творчы калектыў у 2007 годзе. Па спецыяльнасці ён рэстаўратар ляпных вырабаў. А вось таленты яго гэтым не абмяжоўваюцца. Жэня адмыслова валодае такімі відамі мастацтва, як ганчарства, жывапіс, разьба па дрэву, шрыфтаваная графіка. Менавіта яго гурток “Беларускае народнае ганчарства” стаў першым крокам на шляху адраджэння ў раёне ганчарнай справы. Сам Яўген тут – самавучка. Але калі ёсць жаданне, няма перашкод: сваімі рукамі зрабіў ён некалі свой першы ганчарны круг і пачаў тварыць. Гэта ўжо зараз аддзел мае неабходныя для работы прыстасаванні, нават муфельную печ набылі.
Даўно прыглядаўся да ганчарнага круга, быў частым госцем у майстэрні, дзе завіхаўся Яўген Мацяшук, і Віталь Аніська. Цікавіўся рамяством, браў урокі майстэрства. З часам набіў руку і сёння, працуючы ў аддзеле рамёстваў, з лёгкасцю робіць на ганчарным крузе вазы, глякі, гаршчкі, збаны, міскі, кубкі... Спрабуе і новыя спосабы абпалу: кефіраванне, малачэнне, абвар. Нярэдка ганчар пакрывае свае вырабы палівай, пераплятаючы традыцыі і сучасныя падыходы. Назіраеш, як “слухаецца” яго кавалак гліны, і дзіву даешся. Адно слова – майстар!
Традыцыі саломапляцення жывуць у руках Ірыны Фунт. Чаго толькі не нарадзілася ў яе залатых руках: дэкаратыўнае пано, вазы, кветкі, скульптуры, капялюшы, вяночкі, абручыкі, кошыкі... Настолькі ювелірна майстрыха падыходзіць да саломкі, што, без перабольшвання, можна выплясці з яе любую рэч, якую толькі пажадаеш. Эксперыментуе і здзіўляе вынікам.
Не губляе сваёй папулярнасці і такі від народнай творчасці, як пісанка. Распісаныя ўручную сюжэтнымі або арнаментальнымі ўзорамі святочныя яйкі – плён працы Аксаны Васілька. За навукай роспісу яек гарачым воскам, што лічыцца традыцыйнай пісанкай, – гэта таксама да яе. Тут Аксана Мікалаеўна прафесіяналка.
Зоя Радзівонік на працягу дзесяці гадоў шліфуе свой талент у пляценні з папяровай лазы. Сёння яна стварае з паперы сапраўдныя шэдэўры: хлебніцы, кошыкі, глякі, ключніцы, пано, цукерніцы… Вырабы карыстаюцца папулярнасцю на выстаўках-кірмашах, шмат знаходзіцца жадаючых займець прыгожую і практычную рэч.
– Ідучы ў ногу з часам, мы працуем і ў сучасных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – падкрэслівае Аксана Васілька. – Асабіста мяне вабіць работа з тканінай, дэкупаж. Кераміка, роспіс, мастацкая апрацоўка тканіны і скуры – гэта пра Іну Шпак. Жанна Сыраежка многа ўвагі аддае вязанню ў тэхніцы “амігурумі”. Працуем і атрымоўваем асалоду. Гэта сапраўднае шчасце – займацца тым, да чаго ляжыць душа. А вырастае гэтае шчасце ў разы, калі бачым, як загараюцца вочкі ў дзяцей, што прыходзяць на нашыя гурткі. Спадзяёмся, што сярод іх расце будучы ганчар, ткач ці майстар па саломаплеценні, які працягне нашу справу.
Скарбонка дасягненняў
Не бяромся пералічваць усе ўзнагароды, якімі за два дзясятка гадоў адзначаўся талент свіслацкіх майстроў. Іх вельмі многа. Чарговымі дасягненнямі скарбонка ўстановы папоўнілася і ў гэтым годзе. Чым запомніцца рамеснікам 2023-ці? Персанальнай выстаўкай Яўгена Мацешука “Майстэрства рук і сэрца”, дыпломамі, што прывезлі з абласных конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Велікодны падарунак” і “Велікодная вярба”. Запомніцца ўдзелам у фестывалі “Жыровіцкае свята”, рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Вясновы букет”, міжнародным пленэры ганчароў у Копысі, абласных “Дажынках” у Зэльве. А яшчэ, вядома, тым, што Ірына Фунт як майстар вышыўкі ўзнагароджана Падзячным лістом за ўдзел у рэгіянальным свяце народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва” ў рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці.
Наталля ТУРКО
Фота аўтара