banner

У Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка “Мы верылі, што прыйдзе час нашага вызвалення… Жыццё і подзвіг Сяргея Прытыцкага”

16 Сентября’23
1043

Сімвалічна, што да імя Сяргея Прытыцкага работнікі музея звярнуліся менавіта зараз, напярэдадні Дня народнага адзінства. Ураджэнец в. Гаркавічы Гродзенскай губерні, адзін з арганізатараў Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі – маладзёжнага крыла КПЗБ, ён стаў знакавай фігурай у віры вызвалення беларусаў ад польскага гнёту. За сваю ідэю, як многія камуністы на акупаванай тэрыторыі, падвергся катаванням і турэмнаму зняволенню. Жыццёвы шлях Сяргея Прытыцкага падобны да шляху шэрагу іншых сыноў беларускага народа. Яны не адступілі ад сваіх перакананняў, змагаліся з рэжымам Пілсудскага, нават ведаючы, што іх чакае…


Унікальныя экспанаты – усяго іх каля чатырох дзясяткаў – прыехалі ў Свіслач з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.


– Выстаўка прысвечана Сяргею Восіпавічу Прытыцкаму, асобе, якая ў 1930-х гадах была адным з сімвалаў таго, што адбывалася ў Заходняй Беларусі, – расказаў загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч. – І сёння не так далёка ад Свіслацкага раёна знаходзіцца вёска Гаркавічы, дзе Сяргей Прытыцкі нарадзіўся. Яна цяпер на тэрыторыі Польшчы, але гэта літаральна ў дваццаці кіламетрах адсюль. У 1932 годзе Сяргей Прытыцкі быў прыняты ў рады КПЗБ і абраны сакратаром Гродзенскага акруговага камітэта камсамола. У маі 1933-га быў упершыню арыштаваны за падпольную рэвалюцыйную дзейнасць і пасаджаны ў Гродзенскую турму. Там быў моцна збіты, аб чым сведчыць яго фотаздымак у анфас і профіль з левага і правага бакоў. Так улады выбівалі неабходныя паказанні. Камуністы ў тыя часы праследаваліся польскай паліцыяй за іх антыўрадавую дзейнасць, накіраваную, як яны лічылі, на насільную змену палітычнага ладу польскай дзяржавы. На выстаўцы можна ўбачыць форму польскага паліцэйскага міжваеннага часу. Побач інструмент, якім падтрымлівалі існуючы парадак, – гумовая дубінка. Для падаўлення пратэстаў паліцэйскія маглі выкарыстоўваць і агнястрэльную зброю.

Часта бывала так, што ў падпольныя ячэйкі, што дзейнічалі супраць польскай улады, засылалі правакатараў. Гэта былі людзі, якія выдавалі камуністаў. Адбываліся арышты, а гэтыя здраднікі выступалі сведкамі ў судзе.

– Была такая сітуацыя, – працягвае Андрэй Вашкевіч. – У 1936 годзе ў Віленскім акруговым судзе ішоў вялікі працэс супраць камуністаў, дзе сведкам выступаў здраднік Якаў Стральчук. Менавіта яго па даручэнні кіраўніцтва партыі павінен быў ліквідаваць Сяргей Прытыцкі. У зале пасяджэнняў ён страляў у Стральчука. Той быў паранены, але застаўся жывы. Сам Прытыцкі, спрабуючы ўцячы, таксама атрымаў раненне і быў схоплены паліцэйскімі. Пасля ён доўга не мог зразумець, чаму Стральчук не загінуў на месцы. Добра памятаў, што выстраліў у спіну і не ўбачыў крывавых слядоў ад куль. Як аказалася, на ім была бронекамізэлька. Польская афіцыйная прэса адразу абазвала Прытыцкага “тэрарыстам”, які забіў “добрага чалавека”. За рэвалюцыйную дзейнасць і прыналежнасць да кампартыі мужнага змагара прысудзілі да 15 гадоў турэмнага зняволення, за замах на жыццё Стральчука – да смяротнага пакарання праз павешанне, за супраціўленне паліцыі – да смяротнага пакарання праз павешанне. Але судовая справа выклікала шырокі рэзананс не толькі ў Вільні і міжваеннай Польшчы. На абарону беларускага патрыёта падняліся Мінск і Масква, далёкія Лондан і Нью-Йорк. Ведаючы, што Прытыцкі не тэрарыст, а мсціўца, працоўныя патрабавалі захаваць яму жыццё. У выніку апеляцыйны суд адмяніў смяротнае пакаранне і прыгаварыў змагара да пажыццёвага турэмнага зняволення. Толькі пасля прыходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе Прытыцкі быў вызвалены з турмы і адразу ўключыўся ў работу па стварэнні органаў цэнтральнай улады…

Гэтую кранальную гісторую змагання за Беларусь і беларусаў раскажуць кожнаму наведвальніку выстаўкі. А акрамя яе яшчэ шмат цікавага.






Увагі заслугоўвае кожны экспанат. Напрыклад, лістоўкі з заклікам не дапусціць смяротнага пакарання геройскага сына беларускага народа, станок, на якім яны друкаваліся… Уявіць умовы, у якіх імкнуліся зламаць чалавечую годнасць палітычных праціўнікаў рэжыма Пілсудскага, можна дзякуючы карціне мастака Шчарбакова “У камеры”. На ёй Сяргей Прытыцкі сядзіць на нарах. Чырвоная армія перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі. Атмасферу таго часу, радасць сустрэчы сялян і працоўных з чырвонаармейцамі перадаюць фотаздымкі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае карціна Віталя Цвіркі “Народны сход Заходняй Беларусі”. За трыбунай мы бачым самаго Прытыцкага. Звяртае на сябе ўвагу нумар газеты “Свабодная Беларусь” з 1940 года з вялікім фотаздымкам Сяргея Прытыцкага. Захаваўся яго скураны плашч часоў Вялікай Айчыннай вайны.





А пасля знаёмства з гэтай гістарычнай асобай захочацца паглядзець мастацкі фільм беларускага рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна “Красные листья”: Прытыцкі стаў прататыпам яго галоўнага героя – маладога камуніста Андрэя Мяцельскага, асуджанага на смерць.

Наталля ТУРКО

Фота аўтара

Предыдущая статья

Состоялись районные соревнования по сдаче нормативов государственного физкультурно-оздоровительного комплекса среди работников организаций Свислоччины