

Святаслаў Мікалаевіч, як кажуць, майстар з залатымі рукамі. Ужо на працягу дваццаці гадоў займаецца мастацкай апрацоўкай дрэва. Што цікава, матэрыялам для яго рукатворных шэдэўраў служаць на першы погляд непрыкметныя нарасці на дрэве, мудрагелістыя карчы і галіны. Талент гэтага чалавека – ва ўменні бачыць закладзеную ў іх самой маці-прыродай прыгажосць і ў працэсе апрацоўкі надаваць ім сапраўдны лоск, ператвараючы ў непаўторныя вырабы: вазы, цукерніцы, падсвечнікі, розныя падставачкі, нават мэблю...

– Святаслаў Ляшчук – актыўны ўдзельнік раённых, абласных, міжнародных свят і выстаў, – распавядае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аксана Васілька. – Яго вырабы заўсёды звяртаюць на сябе ўвагу аматараў народных промыслаў і рамёстваў. І не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Польшчы, Расіі. Важна, што выстава ладзіцца ў нашым аддзеле. Гэта падкрэслівае яго ролю не толькі як цэнтра адраджэння традыцыйных рамёстваў, але і як месца для творчай рэалізацыі народных майстроў, пляцоўкай, з якой яны могуць пазнаёміць гледачоў са сваімі работамі.
Наталля ТУРКО
Фота аўтара