banner

Святкавалі вёскі-суседкі

10 Июля’24
676

На свята прыйшлі і старажылы, і маладыя сем’і з дзеткамі, і дзяўчаты з хлопцамі. Першыя словы прывітання сказаў прысутным старшыня Поразаўскага сельвыканкама Віктар Акудовіч. Ён павіншаваў  вяскоўцаў са святам, пажадаў ім шчасця і дабрабыту, поспехаў у штодзённай працы. А граматы і падарункі з рук старшыні атрымалі стараста вёскі Заполічы Галіна Рублік і вёскі Целякі Таццяна Нелюбовіч. Стараста – гэта правая рука старшыні, ад яго так шмат залежыць у вёсцы.
 
Павагай і пашанай атулены ў гэтым сельсавеце старэйшыя жыхары вёсак. На іх лёс выпала страшэннае выпрабаванне – вайна. Але старэнькія не губляюць бадзёрасці духу, цешацца ўнукамі, праўнукамі, жывуць у згодзе з Богам і дзякуюць яму за кожны новы світанак. У Заполічах найстарэйшая жыхарка – Алена Сакалоўская, сёлета ёй споўнілася 95 гадоў. Жыхарка Целякоў Яўгенія Кладкевіч нядаўна адзначыла 94 гады дня нараджэння, трошкі малодшая за іх Кацярына Балтрумовіч з Чарапкоў. Ім таксама – цёплыя словы падзякі і падарункі. 

 А як жа не ўспомніць самых маленькіх жыхароў вёсак-суседак. Гэта Віця Катаркевіч і Міша Шыманіца. Дай Божа вырасці ім здаровенькімі і шчаслівымі на радасць бацькам і ўсім аднавяскоўцам. Дзецям уручылі падарункі і далі наказ прадаўжаць доб-рыя традыцыі дзядоў і бацькоў, традыцыі малой радзімы, вырасці добрымі, сумленнымі людзьмі.
А яшчэ ў гэтым сельсавеце даўно прынята ўшаноўваць юбіляраў. На свята былі запрошаны вяскоўцы, якія адзначылі свае круглыя даты. Трошкі ўсхваляваныя, але шчаслівыя, яны дзякавалі за клопат і ўвагу, за добрыя словы. Юбілеі сёлета святкавалі Вера Пачэбут, Антон Воўк, Аліна Астапчык і Тэрэса Гіржон – за іх плячыма восем дзесяцігоддзяў.
Юбілеі ў гэтым годзе таксама адзначылі Алена Воўк, Марыя Рэкуць, Ядвіга Данілюк, Генадзь і Святлана Астапчыкі, Іван і Людміла Рублік. Самаму маладому юбіляру споўнілася 20 год. Усім – шчырыя словы віншавання, самыя добрыя пажаданні, кветкі і падарункі.

Віншаваліся на свяце пары, у якіх за плячыма шмат гадоў, пражытых у згодзе і ўзаемаразуменні. А гэта Антон і Антаніна Воўк, Іван і Алена Лігеры, Міхаіл і Ядвіга Данілюкі, Віктар і Святлана Аспачыкі, Валерый і Валянціна Вецер. Да гэтых шчаслівых параў далучыліся і больш маладыя муж і жонка – Алег і Вольга Якаўчукі і Аляксей і Ганна Сафонавы. 

 У той дзень было сказана шмат цёплых і шчырых слоў на адрас вяскоўцаў з трох вёсак-суседак. Ім дзякавалі за добрасумленную працу, за тое, што яны адданыя сваёй малой радзіме, свайму роднаму куточку. Для  прысутных прагучала так шмат цудоўных песень, якія дарылі ім мясцовыя і свіслацкія артысты.
Людзі дзякавалі за падоранае свята і разыходзіліся задаволеныя. У вёсцы не так шмат нагодаў сабрацца разам, пагутарыць, успомніць маладыя гады, пачуць песні сваёй маладосці, паспяваць разам з артыстамі. Такія святы аб’ядноўваюць, дораць добры настрой і адчуванне, што няма ў цэлым свеце месца, мілейшага за тое, дзе ты нарадзіўся і вырас, дзе твае карані.

Предыдущая статья

Пора пополнять закрома