banner

Свіслач пакажа свае таленты на XIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур

03 Июня’24
1345

Ужо зусім хутка цэнтр Гродна ператворыцца ў адну маштабную святочную пляцоўку. 7-9 чэрвеня ў горадзе на Нёмане пройдзе XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. На тры незабыўныя дні ў Гродне збяруцца прадстаўнікі 35 нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. У фестывалі прымуць удзел і нашы землякі. Чым яны плануюць здзівіць гасцей свята?


Традыцыйна фестываль сустрэне гродзенцаў і гасцей горада падворкамі розных нацыянальнасцей з канцэртамі, майстар-класамі і дэгустацыямі страў. Разнастайнасць нацыянальнай культуры Гродзенскай вобласці будзе прадэманстравана праз выставачна-кірмашовыя экспазіцыі традыцыйнага і сучаснага народнага мастацтва, абрады, святы, выступленні аматарскіх калектываў. Сваю творчасць тут прэзентуюць і свіслацкія майстры. Прычым рамеснікі адказваюць не толькі за візуальную асалоду, але і за цікавыя майстар-класы. Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры пакажа свае таленты ў самых розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і адразу ў двух тэматычных зонах гродзенскага падворка: «З крыніц вясельнай спадчыны» і «Скарбы Гродзеншчыны». «Вясельны куфэрак», «Творчая феерыя ў прыродных матэрыялах», «Мастацкая кераміка і разьба па дрэве», «Папяровы вернісаж. Этналялька» – на ўсіх гэтых лакацыях можна будзе сустрэць нашых таленавітых землякоў.

Узорны танцавальны калектыў «Усмешка» раённага цэнтра культуры і народнай творчасці будзе заваёўваць сэрцы гледачоў магіяй рытму і руху. Юныя танцоры едуць на фестываль як удзельнікі конкурсу «Танцевальная круговерть». Таму іх чакаюць не толькі новыя ўражанні, але і, магчыма, новая перамога.

Акрамя гэтага, свіслачане пачастуюць удзельнікаў фестывалю адметнай стравай – поразаўскай банкухай. Гэты незвычайны кандытарскі выраб у 2019 годзе папоўніў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Банкуху можна будзе ўбачыць як сярод вясельнага печыва нашай вобласці, так і ў ліку страў беларускай кухні на гастранамічным фэсце.

Чым цікавая Свіслаччына для турыстаў і што можа прымусіць гасцей раёна вярнуцца да нас яшчэ раз, раскажа на фестывалі мясцовы турыстычны інфармацыйны цэнтр. Акцэнт вырашылі зрабіць на гісторыка-культурнай спадчыне. Разам з тым наведвальнікам раскажуць і аб турыстычных навінках, новых паслугах і аб’ектах. Таксама не ўпусцяць магчымасць запрасіць аматараў яркіх уражанняў у Свіслач – на самы малады хлебасольны каравай-фэст «Бацькава булка», які традыцыйна праходзіць у жніўні. Гістарычнага каларыту надасць пляцоўцы рэтра фотазона «У салоне ў графа Тышкевіча».

Традыцыйны «Гарадзенскі ЛітФэст» у межах фестывалю нацыянальных культур праводзіць Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага. На пляцоўцы «Васілёк і Васілінка запрашаюць на хвілінку» каля дома Элізы Ажэшкі будуць гаспадарыць супрацоўнікі Свіслацкай раённай бібліятэкі. Хто завітае сюды, зможа акунуцца ў свет беларускай дзіцячай літаратуры. Як расказала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ніна Калач, свіслачане прывязуць у Гродна выстаўкі «Цудоўных казак карагод», «Кніжны воз поўны дзівос», а таксама паспрабуюць здзівіць публіку кніжнай інсталяцыяй. Акрамя гэтага, бібліятэкары абяцаюць многа інтэрактыву. Маленькіх чытачоў яны запросяць на гульнёвую праграму «Хвілінкі-маляванкі», моўны практыкум «Як сказаць па-беларуску», міні-акцыю «Далучы сваю далонь: любімае роднае слова». Прыходзьце! Знаёмцеся з кніжнымі навінкамі! Чытайце! Гуляйце!

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Оставила добрый след