banner

Што рыхтуе Дзень беларускага пісьменства

05 Сентября’25
330
Штогод у першую нядзелю верасня ў нашай краiне адзначаецца. Дзень беларускага пісьменства. Сёлета цэнтрам урачыстасцей стане гістарычны горад Ліда. Галоўныя мерапрыемствы пройдуць 7 верасня, а насычаная культурна-асветніцкая праграма стартуе ўжо 3-га. Дзень беларускага пісьменства – нешта большае, чым проста свята. Гэта магчымасць для людзей усіх узростаў і прафесій аб'яднацца вакол агульнай культурнай спадчыны.

Горад з унікальнай спадчынай

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года. Свята хутка набыло папулярнасць сярод беларусаў. Яно стала сімвалам культурнай самаідэнтыфікацыі нашага народа і пляцоўкай, дзе сустракаюцца творцы і чытачы, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні моўных традыцый і спадчыны.

Сёлета мерапрыемства прысвечана некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры.

Ліда – гэта не проста чарговая пляцоўка, якая прымае XXXII Дзень беларускага пісьменства. Гэта горад з унікальнай спадчынай – яго гісторыя налічвае амаль сем стагоддзяў. Славіцца райцэнтр сваімі архітэктурнымі помнікамі, у прыватнасці, замкам, які быў пабудаваны ў 1323 годзе. Горад не толькі багаты на гісторыю, але і з'яўляецца важным цэнтрам беларускай культуры, сярод яго ўраджэнцаў – выбітныя асобы. Сваё імя ў гісторыю Ліды і ўсёй краіны назаўжды ўпісаў Валянцін Таўлай – таленавіты паэт і літаратуразнавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, разведчык, рэзідэнт партызанскага штаба на службе ў нямецкіх акупацыйных уладаў і кіраўнік антыфашысцкай агентурнай сеткі. У Лідзе ён вучыўся ў школе, пазней працаваў у рэдакцыях газет. На жаль, жыццё паэта абарвалася вельмі рана – у 33 гады. Сёння ў горадзе працуе Дом Валянціна Таўлая – філіял Лідскага дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея, а ў Дзень беларускага пісьменства гэтаму майстру слова і сапраўднаму патрыёту будзе адкрыты помнік.

Будзе насычана і цікава



  Першыя выхадныя восенi ў Лiдзе абяцаюць стаць яркай падзеяй не толькі для лiдчан, але і для шырокай грамадскасці. Дзень пісьменства будзе насычаным і цікавым. Гасцей чакае разнастайная праграма. У горадзе збяруцца аматары літаратуры, пісьменнікi, вучоныя, журналісты і ўсе, хто шануе беларускае слова. Урачыстае адкрыццё свята, цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і «Лідскія чытаннi» запланаваны на 6 верасня.

Міністэрства інфармацыі Беларусі арганізуе традыцыйны фестываль кнігі і прэсы, дзе госці змогуць азнаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку, паўдзельнічаць у майстар-класах і літаратурных дэбатах. Для наведвальнікаў падрыхтаваны інтэрактыўныя зоны ад БРСМ, Беларускага саюза жанчын, бібліятэк і СМІ Гродзенскай вобласці, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, работа фудкортаў.

Адным з яскравых акцэнтаў у праграме стане серыя бясплатных пешаходных экскурсій, арганізаваных пры падтрымцы Нацыянальнага агенцтва па турызме. Мясцовыя гіды правядуць па старажытных вулачках, раскажуць пра архітэктуру, легенды горада і яго культурныя славутасці. Распрацаваны новы аўтобусна-пешаходны маршрут – «Месцы сілы на Лідчыне». Ён уключае шэраг аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі раёна: гісторыка-культурныя каштоўнасці, былыя сядзібы, мемарыялы, помнікі драўлянага дойлідства.

Трэба дадаць, што да свята Ліда абнавiлася і прыхарашылася. Напрыклад, на мясцовай пешаходнай вуліцы Замкавай стала на адну знакавую лакацыю больш: на бульвары князя Гедыміна з'явілася алея арт-лавак. У кожнай – сваё непаўторнае аблічча. Уражаннi гарантаваны.

Свята стане не толькі данінай павагі да гісторыі пісьменства, але і выдатнай магчымасцю пагрузіцца ў атмасферу беларускай культуры. Гасцей чакаюць тэматычныя пляцоўкі, выстаўкi, мабiльная экспазiцыя, інтэрактывы, горад майстроў, канцэрты, ваенна-гiстарычная рэканструкцыя, гастранамiчны фэст. 
І гэта далёка не поўны спіс.

Нам ёсць што паказаць

Свае таленты прадэманструе ў Лiдзе i Свiслаччына. Нам ёсць што паказаць, чым прыцягнуць увагу гледача, чым ганарыцца. На Дні беларускага пiсьменства будзе красавацца поразаўская банкуха, якая ў 2019 годзе ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама вырабы майстроў аддзела рамёстваў i традыцыйнай культуры. На святочных пляцоўках выступяць творчыя калектывы Свiслацкай дзіцячай школы мастацтваў, народны фальклорны калектыў «Крынiчанька», народны вакальны калектыў ветэранаў працы «Спадчына», народны тэатр эстрадных мініяцюр «СуперСтар» i народны ансамбль музыкі і песні «Пушчанскiя напевы». На адной сцэне з баяністамі-гарманістамі з усёй вобласці сыграюць нашы музыканты-віртуозы Вiктар Барэль i Юрый Прасняк.



Дзень беларускага пісьменства нагадае нам пра важнасць захавання роднай мовы, павагу да сваіх традыцый і каштоўнасцей. Свята пройдзе, але ўражанне ад яго застанецца ў сэрцах людзей, якія любяць беларускае слова і захапляюцца прыгажосцю роднай культуры.



Іван ЛАМАШКЕВІЧ
 Дарогі

У кожнага свая дарога,
Свая сцяжынка ці свой шлях 
Найперш да школьнага парога,
А потым – і ў жыцця размах.

Іх шмат прадстане перад намі,
Ды толькі – па якой ісці,
Каб крочыць вернымі шагамі,
І як патрэбную знайсці?

Калі ёсць мэта – быць сцяжыне,
Галоўнае – не скрочыць убок,
Да храма хай яна не згіне,
Сюды нас кліча Творца-Бог.

Шырокія жыцця сцяжыны,
Але і многа ў іх спакус,
Ды помні, што ты сын Айчыны,
І не забудзь, што беларус.

О вы дарожанькі-сцяжыны,
Куды б нi клікалі вы нас,
Хай толькі шлях той будзе мірны
І каб у добры, добры час!
Я – сын Прынямоння

Купала і Колас
Нібы ў адзін голас
Праславілі нашу святую зямлю.
Таму, можа, сёння
Я, сые Прынямоння,
Зямлю маіх продкаў,
Як маці, люблю.

Бо тут нарадзіуся
І тут Пахрысціўся,
Тут матчыну мову спасціг
у буквары. 
Тут песняй салоўка
Будзіў нас на золку,
Зязюлькадарыла гады
ў гушчары

Тут з маці ў полі
Лён сіні палолі,
Спявала мне песні матуля
штодня.
Спеў з рэхам зліваўся,
А я дзіваваўся
Якая ж ты казка, Радзіма мая!

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Осязаемое будущее. Заглянули в Центр компетенций робототехники и цифрового инжиниринга в БрГТУ