Аб гэтым расказала намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
Свята пройдзе 10 чэрвеня на пляцоўцы каля Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Мерапрыемства прымеркавана да Года міру і стварэння і праходзіць у рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва на Гродзеншчыне.
Самабытнае народнае мастацтва Панямоння займае пачэснае месца ў скарбонцы беларускай традыцыйнай культуры. Яно прадстаўлена ткацтвам падвойных дываноў, белаўзорыстых ручнікоў, каляровых узорных посцілак і дываноў, а таксама мастацкіх габеленаў.
Як расказалі ў Гродзенскім метадычным цэнтры народнай творчасці, свята аб’яднае знакамітых ткачых з усёй вобласці, якія не пакідаюць спрадвечнага жаночага занятку, рупліва і грунтоўна засвойваюць мясцовыя традыцыі па-сапраўднаму народнага рамяства – ткацтва.
– Сёння для большасці з нас ткацтва стала цікавым захапленнем. У аддзелах рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці Гродзенскай вобласці працуюць таленавітыя майстры, дзейнічаюць гурткі і праводзяцца майстар-класы па навучанні гэтаму рамяству. На нашым свяце будзе магчымасць сесці за сапраўдныя народныя кросны, выткаць невялікую палоску тканіны або паспрабаваць з нітак змайстраваць пояс ці тэкстыльную стужачку. У кожнага з прысутных будзе цудоўная магчымасць апрабаваць свае сілы ў гэтым рамястве разам з нашымі шаноўнымі майстрамі, – адзначыла намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
У рамках святкавання ўпершыню будзе прэзентавана тэкстыльнае палатно «Квецень Панямоння», якое складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных усімі аддзеламі рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці вобласці.
Акрамя гэтага госці змогуць пазнаёміцца з экспазіцыяй габеленаў Алены Шунейка, творчасць якой занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Менавіта Алена Шунейка атрымала грант Прэзідэнта на рэалізацыю праекта «Ад прадзіва да ткацтва», што ў сваю чаргу будзе спрыяць адраджэнню ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва і іх выкарыстанню ў практыцы работы арганізацый культуры, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці.
Милана ДУДКО