banner

Праект "Бацькаўшчына": Мінулае і сучаснае

13 Июня’22
1212
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

У 1876 годзе для забеспячэння нармальнымі настаўніцкімі кадрамі школ Гродзенскай губерні была адкрыта Свіслацкая настаўніцкая семінарыя – апошняя ў шэрагу пяці настаўніцкіх семінарый Віленскай навучальнай акругі.

З 1879 па 1901 год Свіслацкай настаўніцкай семінарыяй было зроблена 23 выпускі і падрыхтавана 475 настаўнікаў, што ў сярэднім складала 20 настаўнікаў у год. Усе выпускнікі семінарыі былі прызначаны на настаўніцкія пасады пераважна ў Гродзенскай губерні.


Свіслач. Настаўніцкая семінарыя. Пачатак XX стагоддзя.

Свіслацкая семінарыя рыхтавала настаўніцкія кадры і надалей да 1915 года, падчас першай нямецкай акупацыі (1915–1919), а таксама падчас знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.
У настаўніцкія семінарыі прымаліся пераважна юнакі праваслаўнага веравызнання, якія скончылі двухкласныя сельскія вучылішчы (пяць гадоў навучання). Курс навучання ў настаўніцкай семінарыі – трохгадовы, дзе вывучаліся Закон Божы, асновы педагогікі, руская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, землямер’е, лінейнае чарчэнне, руская і ўсеагульная геаграфія, руская і ўсеагульная гісторыя, звесткі аб прыродзе, чыстапісанне і спевы. Вялікая ўвага надавалася выпрацоўцы педагагічных навыкаў. Педагагічная практыка прадугледжвала назіранне за працай настаўнікаў, правядзенне пробных урокаў і самастойнае вядзенне ўрокаў на працягу тыдня. Тыя, хто скончылі курс і вытрымалі выпрабаванні, атрымлівалі пасведчанне аб прысваенні ім звання настаўніка пачатковых вучылішчаў. Казённыя стыпендыяты абавязваліся пры паступленні на службу праслужыць на пасадзе настаўніка пачатковых вучылішчаў не менш за чатыры гады.

Пасля падпісання 18 сакавіка 1921 года Рыжскай мірнай дамовы свіслацкі край, як і ўся Заходняя Беларусь, увайшоў у склад адроджанай польскай дзяржавы. На далучанай тэрыторыі польскі ўрад пачаў ствараць новую сістэму адукацыі, асновай якой былі паўшэхныя (усеагульныя школы).

Паўшэхным школам не хапала настаўнікаў. Для вырашэння гэтай праблемы ў Свіслачы 24 студзеня 1924 г. была адкрыта настаўніцкая семінарыя. Ініцыятарам стварэння семінарыі і яе першым дырэктарам быў вядомы педагог Баляслаў Борыс, які скончыў біялагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які кіраваў семінарыяй з 1924 па 1927 год.


Выкладчыкі Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. 1930-я гады

Семінарыя размяшчалася ў будынку, дзе некалі функцыянавалі гімназія і руская настаўніцкая семінарыя. Пры семінарыі на час адкрыцця былі бібліятэка на 2 212 тамоў і інтэрнат для выхаванцаў, які мог змясціць да 150 чалавек.

Семінарыю ўзначальвалі высокаадукаваныя кіраўнікі: Баляслаў Вайцюлевіч (1927–1929 гады кіраўніцтва семінарыяй) – біёлаг, які скончыў з адзнакай Кракаўскі ўніверсітэт; Аляксандр Літвін (1929–1930 навучальны год) – філолаг, вядомы дыдакт, выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта; Станіслаў Куніш (1930–1935 гады) – біёлаг, выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта.


Літаральна дакрануцца да гісторыі можна і ў наш час

У 1924–1925 навучальным годзе ў семінарыі вучылася найменшая колькасць чалавек – 23, а ў 1930–1931 навучальным годзе найбольшая колькасць – 91. Важнай падзеяй у гісторыі семінарыі было адкрыццё ў 1926 годзе невялікага заапарка, у якім былі некалькі коней, воўк, лісы, ласі, казулі, некалькі відаў птушак. У заапарк пускалі не толькі навучэнцаў, але і любога, хто выяўляў жаданне.

У 1932 годзе польскі ўрад пачаў ажыццяўленне рэформы адукацыі, адным з мерапрыемстваў якой была ліквідацыя настаўніцкіх семінарый. Па рашэнні спецыяльнай камісіі было прынята рашэнне рэарганізаваць Свіслацкую настаўніцкую семінарыю ў гімназію. Апошнія пасведчанні аб заканчэнні навучальнай установы атрымаў у 1935 годзе 21 чалавек. Гэта быў апошні год існавання семінарыі.

Астатнія 16 навучэнцаў V курса заканчвалі навучальныя ўстановы Гродна і Слоніма.


Сёння ў былых памяшканнях семінарыі (гімназіі) аддзяленні раённай бальніцы

Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

"Россию будут душить до предела, а заодно и нас". Александр Лукашенко актуализировал задачи по работе на российском рынке