banner

Праект "Бацькаўшчына": Свіслаччына. Мінулае і сучаснае

28 Марта’22
1042
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. “Свіслацкая газета” – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Жонка графа Вінцэнта Тышкевіча Тэрэза Панятоўская адразу пасля замужжа запатрабавала перабудаваць Свіслач так, каб мястэчка было падобнае да Варшавы. І клапатлівы муж пачаў ажыццяўляць не толькі наказ жонкі, але свае даўнія ідэі. Ім была праведзена поўная перапланіроўка мястэчка. 

У цэнтры створана прасторная – накшталт Версальскай – чатырохбаковая плошча. Ад плошчы, як промні сонца, разыходзіліся прамыя вуліцы: Мсцібаўская (Каліноўскага), Брэсцкая (Леніна), Гродзенская (Камсамольская), Варшаўская (Савецкая), Рудаўская (Першамайская) і Дворная (Дзяржынскага). У канцы кожнай з названых вуліц, акрамя Дворнай, былі ўзведзены масіўныя аркі, якія мелі чыста дэкаратыўны сэнс. Паміж Мсцібаўскай і Рудаўскай размяшчаўся Гандлёвы двор – велічэзнае каменнае збудаванне ў форме чатырохкутніка на 48 крам з памяшканнямі для жылля гандляроў і танцавальнай залай. Вуліца Дворная вяла ў сядзібу Тышкевічаў да былога палаца Крышпінаў-Кіршанштэйнаў.


Свіслач. Уязная брама на вул. Варшаўскай. 1920-я гады

Вуліца Брэсцкая – самая шырокая вуліца мястэчка Свіслач, заканчвалася двайной уязной аркай з невялікай капліцай паміж уездамі. Аркі пабудаваны з каменя і цэглы ў 80-я гады XVIII стагоддзя і з’яўляліся своеасаблівым упрыгожваннем мястэчка. Вышыня іх дасягала 10 метраў, шырыня – на ўсю вуліцу. Таўшчыня аркі ў падставе каля 2-х метраў і дагары звужалася да 1-го метра.



За аркамі знаходзілася прадмесце “Рудня” і дамы, прызначаныя для шляхетных гасцей графа Вінцэнта Тышкевіча.

Першыя згадкі пра капліцу Анёлаў-Ахоўнікаў адносяцца да першай паловы XVIII стагоддзя. Фінансаваў яе пабудову старадубскі суддзя Жыгімонт Біспінг. Да 1839 года капліца дзейнічала як уніяцкая царква. Пасля 1839 года лічылася недзеючай.


Свіслач. Уязная брама на вул. 3-га мая (Рудаўскай). 1930-я гады

Капліца ўяўляла сабой невялікі прамавугольны драўляны будынак на каменным падмурку пад двухсхільным дахам, крыты гонтай. Галоўны франтон быў звернуты на поўнач, уваход у храм аформлены прастакутнымі двухстворкавымі дзвярыма, над уваходам і ў бакавых сценах меліся паўкруглыя вокны. Ганак упрыгожаны невялікім порцікам з чатырма драўлянымі калонамі. Над дахам капліцы ўзвышалася невялікая вежа, на кубападобным цокалі якой размяшчаўся чацвярык, увянчаны крыжом. У час Вялікай Айчыннай вайны капліца выкарыстоўвалася каталікамі для богаслужэнняў.

17 ліпеня 1944 года падчас вызвалення Свіслачы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў капліца, як і большая частка драўляных пабудоў мястэчка, згарэла.

Сёння вуліцы нашага горада, сучасныя і дагледжаныя, па-ранейшаму поўныя зачаравання. Магчыма, спяшаючыся па справах, мы яго не заўважаем. Але ў фатаграфіях і гэтыя дамы, і гандлёвыя аб’екты, і адміністрацыйныя будынкі захаваюцца ў гісторыі Свіслацкага раёна назаўжды.


Вуліца Камсамольская сёння

Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Киберобман: почему жители региона продолжают верить интернет-мошенникам