banner

Праект "Бацькаўшчына": Мінулае і сучаснае

14 Февраля’22
904
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і наогул адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Праект ставіць перад сабой вельмі важную задачу – вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну беларускага народа. Аўтарская калекцыя паштовак і фатаграфій канца XIX – пачатку XX стагоддзя Уладзіміра Ліхадзедава (яна налічвае каля 50 тысяч экземпляраў старажытных фотаматэрыялаў) дапаможа вырашыць яе максімальна наглядна і цікава. Бо старая фатаграфія – гэта ўнікальная сведка, якая праўдзіва расказвае пра гістарычнае мінулае. Некаторыя здымкі будуць апублікаваны ўпершыню.Сярод іншых напрамкаў праекта – літаратурная дзейнасць, стварэнне выстаў і музейных экспазіцый, захаванне і вяртанне культурна-гістарычнай спадчыны. Сімвалічна, што праект стартаваў менавіта ў 2022 годзе, які аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.


Паштовая адкрытка. Карта Гродзенскай губерні. Пачатак XX стагоддзя

Першай цаглінкай у вялікім новым будынку-праекце, які будзе будавацца на працягу года, па праву можна лічыць кнігу Уладзіміра Ліхадзедава «Ад Свіслачы да Белавежскай пушчы. Падарожжа ў часе». Прэзентацыя яе адбылася летась у снежні. Нядаўна выйшаў у свет аднайменны вечны каляндар «Бацькаўшчына» Уладзіміра Ліхадзедава. Там прадстаўлены архітэктурныя помнікі, а таксама гістарычныя аб’екты, якія захаваліся або ўжо зніклі.

Творчая біяграфія вядомага гісторыка і калекцыянера даволі багатая. Ураджэнец старажытнага горада Полацка шырока вядомы ўсім аматарам гісторыі не толькі ў Беларусі. Уладзімір Аляксеевіч – аўтар 35 кніг-альбомаў, большасць з якіх станавіліся лаўрэатамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Кнігі выдаваліся на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай, арабскай і турэцкай мовах. Многія з іх сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Фрагмент паштовай адкрыткі з мястэчкамі Свіслач і Поразава. Пачатак XX стагоддзя

На старонках газеты чытачы ўбачаць, як з часам мяняліся населеныя пункты Свіслацкага раёна, як апраналіся нашы продкі і якімі рамёствамі займаліся. Дзякуючы рэдкім фотаздымкам і паштоўкам мы перанясёмся на сто і больш гадоў таму.


Фрагмент карты Ваўкавыскага павета з наваколлем Свіслачы. Пачатак XX стагоддзя

Віленская і Слонімская (Гродзенская) губерні былі ўтвораны 14 снежня 1795 г., а 6 лютага 1797 г. гэтыя губерні былі аб’яднаны ў Літоўскую губерню. 9 верасня 1801 г. указам Аляксандра І яны зноў адноўлены, прычым Слонімская губерня атрымала назву Гродзенскай. Тады ж адкрыта Гродзенскае губернскае праўленне. Змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным ладзе губерні завяршыліся ў 1842 г. На пачатак ХХ стагоддзя яна налічвала 9 паветаў (Гродзенскі, Беластоцкі, Бельскі, Брэсцкі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Пружанскі, Слонімскі, Сакольскі), 178 валасцей (гмін), 25 гарадоў (з іх 16 заштатных), 62 мястэчкі і 9 357 астатніх паселішчаў. Плошча – 33 900,8 кв. вярсты (36 164,7 кв. км), насельніцтва – 1 974,4 тысячы чалавек.

Сёння Гродзенская вобласць – самы маленькі рэгіён краіны, яе плошча складае 25,1 тыс. кв. км. У Гродзенскую вобласць уваходзяць 17 раёнаў і 2 раёны ў горадзе Гродне, 1 горад абласнога падпарадкавання, 14 гарадоў раённага значэння, 16 пасёлкаў гарадскога тыпу, 4 295 сельскіх населеных пунктаў, у тым ліку 226 аграгарадкоў. На пачатак 2021 года колькасць насельніцтва Гродзенскай вобласці складала 1 017 976 чалавек, у тым ліку ў гарадскіх паселішчах – 772 345 чалавек, у сельскай мясцовасці – 245 631 чалавек.

Тэкст Вольгі БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Болото Дикое в Беловежской пуще очистят от поросли и кустарников