Плён натхнёных рук

16 Февраля’24
1184
photo_2024-02-14_14-34-38.jpgУраджэнка Новага Двара Ніна Ботвіч першая і пакуль што адзіная ў раёне была ўдастоена ганаровага звання «Народны майстар Беларусі». Пабачыць унікальныя вырабы выбітнай зямлячкі можна ў музейным пакоі народнага ткацтва ў Новым Двары.

Людзі адыходзяць, а іх справы застаюцца. У Новым Двары, напрыклад, вельмі добра памятаюць народнага майстра Беларусі Ніну Паўлаўну Ботвіч. 

А як жа?! Гэта была вядомая на ўсю акругу ткачыха. Шмат могуць расказаць пра майстрыху ў мясцовым сельскім філіяле-клубе: творчы лёс Ніны Ботвіч натхніў клубных работнікаў на стварэнне музейнага пакоя народнага ткацтва. Дзверы для наведвальнікаў ён адчыніў у 2021 годзе.

За сваё жыццё, а лёс адмераў ёй девяноста пяць гадоў, Ніна Ботвіч выткала сотні рэчаў. Самае галоўнае – таленавітая рукадзельніца апіралася на мясцовыя звычаі, тым самым адрадзіла старажытны від ткацтва і сваёй працай унесла неацэнны ўклад у развіццё і захаванне традыцый гэтага народнага рамяства ў нашым раёне.

– Ніна Паўлаўна Ботвіч нарадзілася ў Новым Двары ў 1923 годзе, – распавядае загадчык Навадворскага сельскага філіяла-клуба Наталля Ганчарэвіч. – З ранняга дзяцінства пазнала бядноту і цяжкую працу “ад цямна да цямна”. Нямала выпрабаванняў выпала і на яе далейшы лёс. У Вялікую Айчынную вайну на тры гады была вывезена ў Германію на прымусовыя работы. Затым прыйшло вызваленне і доўгачаканае вяртанне дамоў. Як кожная маладая дзяўчына, Ніна марыла аб шчасці. Самастойна рыхтавала вясельны пасаг, сярод якога былі тканыя дываны, абрусы, вышытыя дарожкі і ручнікі. Вырабіла шмат вясельных паясоў. Ведаеце, яе хата нагадвала кветкавую паляну: так прыгожа яна была прыбрана саматканымі палавікамі, стракатымі дыванамі, яркімі накрыўкамі. Свайму майстэрству Ніна Паўлаўна навучыла дачку Марыю. Многія вясковыя жанчыны таксама перанялі ад яе ткацкае рамяство.

Ніна Ботвіч валодала цікавай тэхнікай пляцення паясоў – “на назе”, калі аснова нацягваецца на каленях. У творчай калекцыі навадворскай майстрыхі сустракаюцца паясы сярэдніх і вузкіх памераў адвольнай даўжыні з бардовым, ружовым, сінім, фіялетавым, карычневым, цёмна-чырвоным, блакітным, зялёным узорамі па льняной ці белай аснове і рознакаляровымі пругамі. Усе паясы якасна выкананы з шарсцяных і льняных нітак. Асноўныя ўзоры – “ёлачка”, “у клетку”, “у шашкі”, “ланцужок”. Некаторыя паясы заканчваюцца махрамі альбо кістачкамі з асновы, іншыя аздоблены кутасамі. Шмат сваіх вырабаў майстрыха падаравала, раздала “на моду” (як узор для навучання), “на музей”. Яе работы сёння захоўваюцца не толькі ў навадворскім клубе, але і ў мясцовым школьным музеі, прысутнічаюць у этназборах аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Непаўторныя ўзоры, выкананыя натхнёнымі рукамі, – каштоўная спадчына.



Так, ткаць некалі ўмелі ўсе жанчыны. Не дзіўна. Кросны былі амаль у кожнай сялянскай хаце, і дзяўчынкі з маленства асвойвалі гэта рамяство. А вось дасягнуць высокага майстэрства ўдавалася далёка не кожнай рукадзельніцы. Ніна Паўлаўна Ботвіч мела такі талент. У ёй жыла беларуская традыцыйная культура. За адраджэнне, захаванне і папулярызацыю ткацтва паясоў у 2016 годзе яна атрымала званне «Народны майстар Беларусі». Гэты статус надаецца майстру народных мастацкіх рамёстваў, вырабы якога характарызуюцца арганiчным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту беларускага народа, маюць выразную нацыянальную самабытнасць i мастацкую вартасць. І хто ведае, можа, вырабы Ніны Ботвіч калі-небудь лягуць узорам натхнення на сэрца аднаго з маладых наведвальнікаў навадворскага музейнага пакоя, і ён працягне яе справу.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Председатель райисполкома встретился с коллективом деревообрабатывающего завода ООО «ЭйчЭс Белакон»