banner

Мастацтва гліны і агню

14 Июля’20
1547
Порозово-конкурс.jpgПоразаўская бібліятэка – цэнтр краязнаўства дзяржаўнай установы культуры «Свіслацкая раённая бібліятэка» стала пераможцам у рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».

ХХVIII Рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» праводзіўся ў мэтах умацавання ролі публічных бібліятэк у фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджвання ідэі беларускасці, прапаганды нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры, падтрымкі і развіцця чытання. У конкурсе прынялі ўдзел 35 публічных бібліятэк: 14 цэнтральных і 21 бібліятэка-філіял, сярод якіх 15 гарпасялковых і сельскіх.

Калі звярнуцца да гісторыі, яшчэ ў канцы XIX – пачатку XX ст. г. п. Поразава з’яўляўся адным з буйнейшых ганчарных цэнтраў Беларусі і адзіным на Гродзеншчыне па вырабу чорназадымленай керамікі, а менавіта посуду гаспадарчага прызначэння.

Бібліятэкары Поразаўскай бібліятэкі – цэнтра краязнаўства і члены дзіцячага краязнаўчага аб’яднання «Спадчына» правялі значную пошукавую працу па даследаванні развіцця ганчарнага рамяства ў дадзенай мясцовасці. Маючы ўнікальныя матэрыялы і экспанаты, у 2017 годзе быў рэалізаваны праект па адкрыцці музейнага пакою «Мастацтва гліны і агню», экспазіцыя якога прысвечана традыцыям вырабу чорназадымленай керамікі ў Поразаве.

Для далейшага развіцця музейнага пакою, адраджэння тэхналогіі ганчарных вырабаў поразаўскіх майстроў быў распрацаваны праект «Адроджанае рамяство», на рэалізацыю якога ў 2019 годзе атрыманы грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праект адкрыў новыя магчымасці, дазволіў стварыць умовы для адраджэння ганчарнага рамяства ў сучасных умовах і перадачы яго падрастаючаму пакаленню, уключыць дзяцей і падлеткаў у актыўную пазнавальную дзейнасць. У рамках праекта «Адроджанае рамяство» ў Поразаўскай бібліятэцы – цэнтры краязнаўства створана і працуе аматарскае аб’яднанне «Спадчына» для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, мэта якога – выхаванне паважлівых адносін да культурнай спадчыны краю, цікавасці да ганчарнага мастацтва, фарміравання пачуцця нацыянальнай годнасці праз паглыбленае вывучэнне спецыфікі развіцця, традыцый і тэхналогіі вырабу поразаўскай чорназадымленай керамікі.

Немалаважна, што музейны пакой стаў адным з аб’ектаў турыстычнага маршруту па Свіслацкім раёне.

Для турыстаў бібліятэкарамі распрацаваны пазнавальны тур «Поразаўская чорназадымленая кераміка», куды ўключана тэматычная экскурсія па музейным пакоі «Мастацтва гліны і агню» з інтэрактыўнымі элементамі, групавымі і індывідуальнымі майстар-класамі на ганчарным крузе. Для папулярызацыі традыцыі вырабу поразаўскай чорназадымленай керамікі распрацаваны і выдадзены інфармацыйна-рэкламныя буклеты «Музейны пакой «Мастацтва гліны і агню» на рускай, англійскай і польскай мовах.



На рэспубліканскі конкурс бібліятэка прадставіла матэрыялы аб адраджэнні ганчарства ў Поразаве, музейным пакоі «Мастацтва гліны і агню», працы аматарскага аб’яднання «Спадчына». Матэрыялы згрупіраваны па тэматычных раздзелах. Прычым прадстаўлена ўсё гэта ў незвычайнай форме. Журы ацаніла старанне бібліятэкараў: праца Поразаўскай бібліятэкі – цэнтра краязнаўства адзначана дыпломам першай ступені Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы».

Вольга БОТВІЧ

Предыдущая статья

ЦИК зарегистрировал пять кандидатов в Президенты Беларуси