У мінулую суботу ўсе дарогі аматараў пажартаваць і пасмяяцца вялі ў Вердаміцкі сельскі філіал-клуб. Тут праходзіла традыцыйнае свята гумару «Гумараць землякі».
Думаецца, вялікі рускі паэт Аляксандр Пушкін згадзіўся б з намі, што «все возрасты покорны» не толькі любові, але і гумару. Вердаміцкае свята – яскравае таму пацверджанне. Самай малодшай удзельніцы мерапрыемства – Аксанцы Крайковай – усяго чатыры гады, а старэйшыя жартаўнікі – ужо ветэраны працы.
Са сваімі гумарыстычнымі нумарамі на сцэну выйшлі «Вердаміцкія весялухі» – заўсёднікі аматарскага аб’яднання мясцовага філіяла-клуба «У самовара». Яны запрасілі гледача ў «Шлюбнае агенцтва», тут жа разыгралі «Падкідыша», «Свякруху», «Пенсіянерак», распавялі, «як прадавала баба мужыка на базары». Добра зразумелы вясковы жарт лёгка ўспрымаўся залай і расплываўся ўсмешкамі на тварах.
Не адставалі ад дарослых і малыя жыхары аграгарадка. Яны таксама сказалі сваё слова. Дакладней, праспявалі – спецыяльны рэпертуар падрыхтаваў да свята гумару клубны дзіцячы вакальны гурток «Вдохновение». Вы б бачылі, як харызматычна і прыгожа выканалі юныя спевакі «Балалайку»!
Няма ніводнай тэмы, на якую б ні адгукнуўся сваёй лірычнай песняй народ. У багатай песеннай спадчыне беларусаў нямала і юмарыстычных твораў. Аб гэтым нагадаў сваім выступленнем народны калектыў «Сузор’е» (кіраўнік – Ірына Ягорава) Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Цікава і актыўна ладзілася забаўляльна-конкурсная праграма з гледачамі. Для дзетвары працавалі атракцыёны. Было весела ўсім. Дамоў вярталіся з зарадам добрага настрою, якога, пэўна, хопіць роўна на год – якраз да наступнага, ужо чацвёртага па ліку, свята гумару.
Алена ЧМАК, загадчык Вердаміцкага сельскага філіяла-клуба:
– «Гумараць землякі» – свята асаблівае, незвычайнае. Бо такіх – раз-два і аблічыўся. Мы прапануем нашым гасцям забаўляльную праграму, непаўторны гумар, конкурсы, а разам з імі – зарад бадзёрасці, смеху і пазітыву. Чаму наша ўстанова зрабіла сваім брэндам смех? Мы ўсе вясёлыя, умеем жартаваць, аптымістычна ставімся да жыцця і дзелімся гэтай мудрасцю з іншымі. Вясёлым быць – доўга і шчасліва жыць!
Наталля ТУРКО