banner

Гуляць дык гуляць!

29 Ноября’20
1290

Весела бавілі час з Марыяй Самалевіч госці Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.

«Яе ноччу разбудзі і папрасі правясці гульнёвую праграму – яна гэта зробіць. І зробіць бліскуча», – кажуць калегі пра загадчыка Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу Марыю Самалевіч і яе народны тэатр-студыю гульні «Карагод». Праўда. А той, хто хоць адзін раз пагуляў з гэтымі артыстамі, адразу «запісваецца» ў рады іх прыхільнікаў. Чым жа падабаюцца грынкаўскія карагодаўцы гледачу? Прывабнымі касцюмамі, жыццёвымі сюжэтамі, каларытнымі вобразамі, сакавітасцю гаворкі і той душэўнай лёгкасцю, з якой яны робяць сваю справу.

Я люблю гуляць, – кажа Марыя Мікалаеўна. – Адкуль гэта? Я заўсёды кажу, што, пэўна, усё заложана ў чалавека ад бацькоў. У нас тата быў такі вясёлы чалавек, устане раніцай і абавязкова якую-небудзь трапную фразу скажа. А робім якую справу па гаспадарцы, напрыклад, дровы складваем, – усё неяк гуляючы, лёгка так. Люблю гэта ўспамінаць і люблю гуляць. Ці, скажам, баба Волька пляце карункі кручком. Як сёння памятаю, сядзіць і лічыць: раз, два, тры, раз, два, тры... Нам давала пагуляць – і мы то нявесты ў тых карунках, то каралеўны. А драўляныя шпулькі падкладвалі сабе ў шкарпэткі і хадзілі, нібы на абцасах. Так было цікава! Вось, пэўна, усё адтуль. І так склалася, што, прыйшоўшы ў клуб, я ўзяла накірунак на гульню. Па мне, гэта самае цікавае ў рабоце. Цяпер гульня ідзе праз усе нашы мерапрыемствы. За гэтыя гады ў нас назбіралася столькі прылад для гульні. Мы, што важна, любім, каб атрыбут быў цёплы, свой, таму робім і шыем самі. Напрыклад, тыя вялізарныя мышы, яблыкі з тканіны ці морквачкі. Збярэмся якую-небудзь гульнёвую праграму рабіць – робім і атрыбут. Потым выкарыстоўваем яго і надалей. І тады працаваць вельмі проста. Усё пад бокам, усё мы маем – сабраўся і паехаў з двума кошыкамі гэтага «скарба».

Калі і як «Карагод» нарадзіўся? На сцэну грынкаўскія культработнікі са сваімі гульнямі выходзяць з 2002 года. Пачыналі безназоўнымі (над назвай задумаліся пазней). А першай іх праграмай была каларытная «Бульбачка Смятанаўна», якую падрыхтавалі на раённы конкурс. Трэба сказаць, вельмі добра яна ўспрынялася гледачамі, без перабольшвання – прагрымела не слабей за гром у навальніцу. Дзе толькі карагодаўцы з ёю пасля ні былі, каму толькі ні паказвалі, з кім толькі ні гулялі!

«Бульбачку Смятанаўну» адразу запрасілі ў Воранава на абласны фестываль гульнёвых праграм. Потым – у Мір. Гэты поспех і падштурхнуў Марыю Мікалаеўну да думкі: патрэбна мець творчы гульнёвы калектыў. Тым больш што гульня як форма зносін з залай падабалася і самім артыстам, і гледачам, асалоду атрымлівалі абодва бакі. У 2003-м яны ўжо тэатр-студыя. І назва нарадзілася. «Карагод» – суполка людзей, якія весяляцца разам. Трапна. Лепш, здаецца, і не прыдумаеш! 

– Гулялася лёгка і цікава, – успамінае Марыя Мікалаеўна. – І паляцела-паехала...

З’явілася новая праграма «Весяліся ад душы на вясёлым кірмашы». Пабачылі яе метадысты з вобласці і сказалі... рыхтавацца да звання народнага. І вось ужо ў 2007 годзе «Карагод» атрымлівае яго.

Дзе толькі ні бавілі час карагодаўцы! Выступалі на станах палявых, на фермах, на зернетаках, у людзей на падворках, і ў раёне, і па-за яго межамі, праводзілі святы, ездзілі на семінары, дзяліліся вопытам. Кіраўнік калектыву Марыя Самалевіч удзельнічала ў абласных семінарах: у красавіку 2018 года ў Гродне – «Асноўныя напрамкі дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці. Крэатыўнасць і наватарства стварэння  анімацыйных і гульнёвых праграм»; у 2019-м у Лідзе – «Аматарскія аб’яднанні як форма развіцця сацыяльнай актыўнасці і арганізацыі вольнага часу людзей сталага ўзросту». Узнагароды лічыць не бярэмся. Іх «Карагод» прывозіць амаль з кожнага конкурсу. 

Колькі на сённяшні дзень у спісе тэатра-студыі гульнёвых праграм, цяжка сказаць. Самыя адметныя – «Весяліся ад душы на вясёлым кірмашы», «Добра ў вёсачцы жывецца», «Вясковая ідылія», «Прыгоды маленькага Зубраняці», «Мухамор  жэніцца», тэатралізаваныя святы «Вясёлы кірмаш», «Новогодние приключения начинаются», «Тыквенный разгуляй», тэатралізаваныя канцэрты «Добры вечар, шчодры вечар!», «Зноў Калядкі надыйшлі – радуйцеся, людзі!», «Расплятае лета косы», гульні-віншаванні «Вясёлы выхадны», «Святкуем імяніны», гульня-падарожжа «Заве ў госці Пушча», «Запрашаем вандраваць, свет пазнаць ды… пагуляць», гульні-забавы «Сувенірная лаўка», «Вясковая аптэка», кулінарна-забаўляльная праграма «Смачная субота».

– Самая цікавая гульнёвая праграма – калі яна з жыцця, – кажа Марыя Самалевіч. – Не трэба нічога выдумляць. Пра тое трэба гуляць, як мы жывём. Апошняя праграма «Добра ў вёсачцы жывецца» хораша ўспрынялася, бо там усё зроблена на мясцовым матэрыяле і каларыце. Гэта праграма пра тое, як прыязджае ў вёску турыст і мы даем яму пасмакаваць нашу беларускую працу. Што адметна, ніхто не сядзіць на гэтай гульні, гуляюць усе. Там ёсць блокі і для дзяцей, і для дарослых. Амаль уся зала на сцэне. І пішуцца праграмы на адным дыханні. Кожная з чагосьці нараджаецца. Бывае, з адной фразы. Пачула «Турыст папёр!» – і з’явілася праграма «Добра ў вёсачцы жывецца». Зачэпішся за адно слова – і пайшло.

Дарэчы, кожная праграма ў «Карагода» аўтарская. Па той простай прычыне, што Марыі Мікалаеўне цікава прыдумваць сваё. За гады існавання тэатра-студыі яна мае тры зборнікі з гульнёвымі праграмамі, якія выдаў абласны метадычны цэнтр. Плануе ў хуткім часе распачаць працу над кнігай пра «Карагод», абавязкова ўключыць у яе ўсе сцэнарыі і, вядома, дабавіць фотаздымкаў з дарагімі вобразамі.

Няма ні кроплі сумнення, што наперадзе ў калектыва яшчэ шмат ідэй і станоўчых эмоцый – і асабістых, і на тварах прыхільнікаў весела бавіць час.

– Яшчэ пагуляем! – упэўнена Марыя Мікалаеўна.


У маі 2017 года «Карагод» стаў пераможцам у адкрытым фестывалі-карнавале роставых лялек і гульнёвых праграм «Совершенный мир сказки» ў Дзятлаве, дзе была паказана цудоўная праграма «Мухамор жэніцца». Плённымі былі выступленні калектыву ў 2018 годзе. Карагодаўцы паўдзельнічалі амаль ва ўсіх брэндавых мерапрыемствах Свіслацкага раёна. Цікавым было выступленне і на рэгіянальным фестывалі «Гамоняць пушчы беларускія…». У 2019 годзе калектыў зноў стаў пераможцам на дзятлаўскім фестывалі з сюжэтна-забаўляльнай праграмай «Добра ў вёсачцы жывецца». З ёю калектыў выступіў і ў Слоніме на Дне беларускага пісьменства, і ў Астраўцы – на абласных Дажынках.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Субботнюю "прямую линию" провела заместитель председателя райисполкома Оксана Шейко