Душой адчуць водар дзяцінства

07 Июля’26
63

У запаведным куточку Белавежскай пушчы схавалася маленькая вёсачка Нямержа. Сёння там пражывае толькі трынаццаць чалавек, у асноўным сталога ўзросту. А калісьці тут было шумна і весела, спраўляліся вяселлі, нараджаліся дзеткі. Кожнай вясною вёска тапілася ў квецені садоў, летам прыцягвала да сябе ліпавым водарам, восенню купалася ў золаце лісцяў, а зімою была падобна на бялюткі казачны краявід з крыштальнымі дамамі. Віўся срэбны дымок з каміноў, і так гасцінна свяціліся ў кожнай хаце вокны. Завіхаліся ля печы гаспадынькі, пахла свежаспечаным хлебам і смажанымі скварачкамі. А за вокнамі звонкім рознагалоссем заліваліся птушкі. Цудоўна было калісьці. Таму зараз так прыемна ўспомніць тыя часы, акунуцца з галавой у незабыўнае “ўчора” і душой адчуць водар дзяцінства.

Так яскрава вярнуцца ў мінулае дапамаглі вяскоўцам работнікі Ціхавольскага філіяла-клуба-бібліятэкі, якія наладзілі цудоўны фэст для жыхароў Нямержы. На свята вёскі прыйшлі не толькі пастаянныя жыхары, да бацькоў, дзядуль і бабуль прыехалі дзеці, унукі праўнукі. Іх раскідаў лёс па розных куточках Беларусі, але ў гэтым пушчанскім куточку засталіся іх карані, тут, сярод векавых соснаў і елкаў блукае іх дзяцінства і заве, заве да сябе, хоць не надоўга.

Упрыгожыла свята сваімі вырабамі майстрыха з залатымі рукамі Надзея Барэль. Яна шмат гадоў пражыла ў суседняй вёсцы Рудня, а зараз – у дачкі Марыны. Нельга выказаць словамі тую прыгажосць, якую здольны вырабляць яе працавітыя рукі.

На свята вёскі прыйшлі шаноўныя госці. А гэта старшыня Дабравольскага сельскага савета Ігар Галавач, дэпутат мясцовай акругі Святлана Гутар, старшыня ветэранскай арганізацыі Дабравольскага сельсавета Тэрэза Іванюк, старшы інспектар па рабоце з насельніцтвам пагранічнай заставы “Тушамля” Дзмітрый Ганчароў.

Кожны з іх звярнуўся да прысутных з добрымі словамі прывітання і падзякі, з пажаданнямі здароўя, шчасця і дабрабыту.

У гэты святочны дзень была ўшанавана старэйшая жыхарка Нямержы Глафіра Іванаўна Акудовіч, якая сёлета адзначыла 84 гады. Працавала настаўніцай пачатковых класаў у Руднянскай школе, потым – у Ціхавольскай. Глафіра Іванаўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра мінулыя гады, расказала пра сябе.

Шчырыя словы павагі былі адрасаваны сямейным парам, якія ў згодзе пражылі шмат гадоў. А гэта Рыгор і Галіна Пейзары, якія прайшлі шлях даўжынёю ў 54 гады, Алег і Марына Баралі, якія жывуць разам 42 гады.

З падзякай і пашанай звярнулася вядучая свята Таццяна Казакевіч да жыхароў вёскі Лідзіі Рыгораўны Філіповіч, Кацярыны Васільеўны Шымчык, Валерыя Іосіфавіча Акудовіча, Жанны Міхайлаўны Сафронавай. У кожнага з гэтых вяскоўцаў свой лёс, свая жыццёвая гісторыя, часам сумная і балючая, але гэтыя людзі не ўпалі духам, шмат гадоў аддалі працы і сёння з’яўляюцца прыкладам для многіх. Усім ім былі ўручаны падарункі.

Што такое сапраўдная настальгія ведаюць былыя вяскоўцы Марына Анатольеўна Кузьміцкая, Яўген Анатольевіч і Ганна Іванаўна Смактуновічы. Ім таксама было што успомніць, аб чым расказаць сваім аднавяскоўцам. Тыя ўспаміны грэюць сэрцы далёка ад родных мясцін, натхняюць і падымаюць дух.

У гэты святочны дзень свае віншаванні і добрыя пажаданні вяскоўцам адрасавалі Ігар Галавач, Святлана Гутар, Тэрэза Іванюк, Дзмітрый Ганчароў.

А яшчэ былі песні. Шмат цудоўных песняў, якія дарылі самадзейныя артысты Ірына Янушкевіч, Таццяна Казакевіч, Лілія Шмыга, Ірына Скібіцкая, Валянціна Янкоўская, Ала Данільчык, Вераніка Бондзюш, Таццяна Філіновіч, юныя артысты Уладзіслаў Бондзюш і Марыя Шыманюк.

Прыгожае, цудоўнае атрымалася свята, работнікі культуры прадумалі ўсё да дробязей. А кульмінацыяй дня стала частаванне немяржоўцаў смачнымі пірагамі і піражкамі, спечанымі руплівымі рукамі вяскоўцаў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

 

 

Предыдущая статья

Период усиленного контроля. Что находится под пристальным вниманием правоохранителей во время уборочной и заготовительной кампаний? Отвечает старший участковый инспектор милиции отделения охраны правопорядка и профилактики РОВД Артур Прокопик