banner

Душэўна і духоўна

11 Октября’19
1306

Напярэдадні Дня маці аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў пры падтрымцы Свіслацкага касцёла святога Францiшка Асізскага і раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» арганізавала для сваіх маладых наведвальнікаў, іх мам і актыўных пенсіянераў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту экскурсію па каталіцкіх храмах горада Гродна.


Знаёмства з культавымі будынкамі пачалі з Сабора святога Францішка Ксаверыя, або Фарнага касцёла. Гэты прыгожы храм – адна з візітных картак горада. На свае вочы ўдзельнікі экскурсіі пераканаліся, што сабору ёсць чым уразіць: трохсотгадовай гісторыяй, драўляным алтаром з фігурамі апосталаў, мецэнатаў і святых, вежавым старадаўнім гадзіннікам, веліччу, багаццем і манументальнасцю. Ад наведвання гэтай святыні засталіся цёплыя ўспаміны. У многім дзякуючы таму, што з ёй знаёміў свіслачан ксёндз Андрэй Каўшук, наш зямляк.


Курыя каталіцкай Гродзенскай епархіі, Брыгіцкі касцёл, манастыр сясцёр-назарацянак, лямус манастыра, Вышэйшая духоўная семінарыя – такім быў далейшы маршрут гэтага дня. Кожнае ўбачанае месца здзівіла. Брыгіцкі касцёл – сваім унікальным музеем. Манастыр – традыцыяй дзяліцца ежай з беднымі (рабяты з аддзялення таксама пакінулі для іх пачастункі). Лямус – тым, што збудаваны без выкарыстання цвікоў і клямараў. Цікава было пабываць і ў сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі – адной з двух каталіцкіх семінарый Беларусі разам з семінарыяй Пінска, дзе рыхтуюць святароў.


Нягледзячы на ​​багатую праграму, час праляцеў незаўважна. А самае галоўнае, усе былі задаволеныя – паездка атрымалася душэўнай і духоўнай. Па вяртанні рабяты з аддзялення далі сваім мамам яшчэ адну нагоду для ўсмешкі – падарылі ім падсвечнікі, зробленыя сваімі рукамі.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

В пункте пропуска "Берестовица" открыли крупный транспортно-логистический центр