banner

Добра ў вёсачцы жывецца!

18 Июня’19
1941
З дыпломам I ступені вярнуліся ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні «Карагод» Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу з III Адкрытага рэгіянальнага фестывалю-карнавалу роставых лялек і лялечных тэатраў «Дасканалы свет казкі», што праходзіў у Дзятлаве 15 чэрвеня.



У гэтым фестывалі нашы землякі ўдзельнічаюць ужо трэці раз запар (само мерапрыемства нарадзілася ў 2014 годзе і ладзіцца цяпер раз у два гады). Без перабольшвання кажучы, кожны выхад грынкаўцаў на фестывальную пляцоўку – гэта поспех. Дыплом прызёра яны мелі за сваё дэбютнае выступленне. Наступным разам сталі пераможцамі і атрымалі ў падарунак роставую ляльку Сонейка. І вось, уключыўшы гэтае самае Сонейка ў свежы нумар, зноў паехалі здзіўляць дзятлаўскую публіку. Атрымалася! Зноў перамога і першае месца!

Чым жа так адгукнулася ў сэрцах гледачоў і судзейства грынкаўская гульнёвая праграма «Добра ў вёсачцы жывецца»? Па-першае, гэта быў адзіны на фестывалі нумар на беларускай мове. Гэты факт і адзначыла журы, падзякаваўшы артыстам за асалоду роднай мовы і патрыятычнасць. Паспяховай была і ідэя выступлення (грынкаўцы паказалі, як на Свіслаччыне сустракаюць замежных турыстаў, і нават уцягнулі гледачоў у клопат пра іх гаспадарку). Вядома, сімпатыю выклікалі і самі «карагодаўцы»: Марыя Самалевіч, Святлана Шмыга, Таццяна Завацкая і Дар’я Самалевіч. На дыплом пераможцы таксама папрацавалі арыгінальнасць і каларытнасць праграмы.

Прыемна, што разам з грынкаўскім народным тэатрам-студыяй гульні «Карагод» журы адзначыла і яшчэ адных канкурсантаў з нашага раёна. Дыплом II ступені атрымалі артысты народнага тэатра гульні «Вясёлы дворык» Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Пра што піша міністр інфармацыі. Аляксандр Карлюкевіч прэзентаваў свае новыя кнігі на свяце ў Мірскім замку