Чвэрць стагоддзя служэння Богу

24 Октября’26
362

Настаяцель касцёла Святога Францішка з Асыжу ў Свіслачы Антоній Пажэцкі будуе нешта нябачнае вокам, але самае трывалае – масты паміж чалавечымі душамі і Богам. Яго прыветлівасць – гэта не проста ветлівая ўсмешка, а сапраўдная радасць ад сустрэчы з кожным чалавекам. Ён умее слухаць так, як сёння мала хто ўмее: не перабіваючы, без асуджэння, раздзяляючы трывогу і боль. Ён бачыць тое лепшае, што схавана ў глыбіні сэрца. У яго позірку няма дакору – толькі глыбокае разуменне. На мінулым тыдні споўнілася 25 гадоў, як ксёндз Антоній прыйшоў у святарства.

  

Пакліканне

У храм Антонія цягнула з маленства. Кожны дзень з бацькамі ён спяшаўся ў Францішканскі касцёл, уважліва сачыў за святаром, слухаў кожнае яго слова. Хлопчыку падабалася ўбранства касцёла, святыя лікі на абразах, чароўная арганная музыка, спеў хору. Чым больш ён хадзіў у дом Божы, тым больш прыцягвала да сябе яго атмасфера, той дух, які лунаў пад купалам храма. Антоній трохі падрос і стаў міністрантам. З задавальненнем прыслужваў святару і ўсё больш сцвярджаўся ў думцы, што стане такім жа слугой Божым. 

Тым больш што ў гэтым касцёле, куды хадзіў хлопчык, некалі служыў Святы Максіміліян Кольбэ, які ў час Другой сусветнай вайны дабравольна аддаў сваё жыццё за другога чалавека ў канцынтрацыйным лагеры Аушвіц. А ў час Першай сусветнай другі святар, Мельхіор Фордан, рызыкуючы сваім жыццём, выратаваў ад смерці адзінаццаць чалавек. 

Гэтыя прыклады так паўплывалі на Антонія, што ён усёй душой захацеў служыць Богу. Скончыў школу са срэбным медалём і адразу паехаў паступаць у семінарыю ў Польшчу. А пасля, калі адкрылася семінарыя ў Санкт-Пецярбургу, паступіў туды адразу на другі курс. Было няпроста. Семінарыя знаходзілася ў былой фабрыцы, якая абанкруцілася. Не было самых простых умоў для пражывання: электрычнасці, ацяплення, вады, каналізацыі. Але гэта толькі загартавала будучых святароў. 

Пасвячэнне адбылося ў Маскоўскім храме. Там жа малады ксёндз Антоній правёў сваё першае служэнне. 

– Я вельмі хваляваўся, але душа была перапоўнена радасцю і неверагодным святлом. Гэта немагчыма выказаць словамі, можна толькі адчуваць. І я адчуваў! – успамінае айцец Антоній. – Дзесяць гадоў служыў у храме ў Санкт-Пецярбургу і там не раз сутыкаўся з людзьмі, якія паслужылі прыкладам, як трэба служыць Богу і людзям. Потым вярнуўся ў Гродна, у Францішканскі касцёл. І там хваляваўся, бо на мяне глядзелі не толькі вочы прыхаджан, але і маіх маці з бацькам. Яны мяне благаславілі і за мяне хваляваліся. Таму адчувалася двайная адказнасць. Там, у Гродне, шмат чаго было зроблена. Быў абноўлены стары арган, уладкавана тэрыторыя, удалося адкрыць капліцу на тэрыторыі храма, якая заўсёды адкрыта і дзе людзі могуць звярнуцца да Бога ў цішыні. Калі выпадае  магчымасць прыехаць туды, часта чую словы падзякі ад былых прыхаджан. Гэта вельмі радуе, напаўняе душу адчуваннем, што ўсё было недарма. 

Вось ужо шосты год айцец Антоній служыць у Свіслачы, у касцёле Святога Францішка з Асыжу. Можна захапіцца, ужо толькі ступіўшы за вароты і трапіўшы на тэрыторыю касцёла. Тут стаяць фігуркі Святых, высокі Крыж, да якога ідуць прыхаджане. Кожнае дрэўца, кожны кусцік, кожная кветка пасаджаны з густам. Убранства самога касцёла прадумана і абсталявана на самым высокім узроўні. За пяць гадоў прабывання айца Антонія ў Свіслачы была зроблена грандыёзная работа, якая не заўсёды і бачна воку, але за якой стаяць і бяссонныя ночы, і матэрыяльныя выдаткі, і бясконцыя малітвы да Бога, каб дапамог вырашыць тую ці іншую патрэбу.

Чвэрць стагоддзя служыць Богу

У мінулую суботу айцец Антоній адзначыў срэбны юбілей з моманту, калі атрымаў пасвячэнне. Вакол алтара ў гэты дзень сгуртавалася вялікая духоўная сям’я. Раздзяліць радасць прыехалі браты ў святарстве не толькі з Гродзенскай  дыяцэзіі, а і другіх, у тым ліку і з Санкт-Пецярбурга, дзе айцец Антоній пачынаў сваё служэнне Богу.

З глыбокай, натхняльнай пропаведдзю ў час святой імшы да вернікаў і юбіляра звярнуўся арцыбіскуп Тадэуш Кандрусевіч. Словы духоўнага пажадання і прызнання заслуг прагучалі таксама ад біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя.

Плённае служэнне айца Антонія і яго ўклад у адраджэнне духоўнасці былі адзначаны  і раённай уладай. Словы падзякі святару прагучалі ад начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Свіслацкага райвыканкама Ірыны Паўлючэні, яна ўручыла падзячны ліст ад імя старшыні Свіслацкага райвыканкама. Ад імя СШ №2 імя М.П. Масонава словы ўдзячнасці выказала намеснік дырэктара Наталля Кулікова, якая падкрэсліла важнасць супольнай працы дзеля захавання ў падрастаючага пакалення маральных каштоўнасцей.  

25 гадоў святарства – гэта тысячы выслуханых споведзяў, сотні хрышчэнняў  і шлюбаў, гэта чвэрць стагоддзя чужога болю і чужой радасці, прапушчаных праз уласнае сэрца.

Самым кранальным і цёплым момантам сталі віншаванні ад парафіян. Кветкі і шчырыя словы ад дзяцей, моладзі і старэйшага пакалення пацвердзілі, што айцец Антоній стаў для вернікаў сапраўдным духоўным бацькам.

Неверагодна прыгожым і запамінальным момантам сталі 25 запаленых свечак. Іх цёплае, жывое святло сімвалізавала кожную малітву, кожную выратаваную душу і кожны дзень, аддадзены Богу.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

17-летний хакер из Гродно создал опасный вирус для кражи денег со смартфонов