banner

Бацькаўшчына. Мінулае і сучаснае побач

17 Января’23
1147
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Летам 1915 года Гродзенская губерня, у якую ўваходзіла і тэрыторыя цяперашняга Свіслацкага раёна, была акупіравана кайзераўскімі войскамі. Каля 70 працэнтаў насельніцтва Свіслаччыны, каб уратавацца ад нямецкай акупацыі, выехала ўглыб Расіі. 

У Свіслач немцы ўвайшлі 14.08.1915 года. На занятай тэрыторыі акупанты ўстанавілі рэжым тэрору, рабункаў і гвалту. Кайзераўцы вывозілі ў Германію ўсё, што мела гаспадарчую каштоўнасць. Асабліва вялікі ўрон быў нанесены Белавежскай пушчы. За час свайго гаспадарання ворагі вывезлі адсюль 5 млрд кубаметраў лесу і 100 тысяч вагонаў чарназёму.


Свіслач. Кайзераўскія салдаты. 1916 год.

Для таго каб настроіць мясцовае насельніцтва супраць Расіі, акупацыйныя ўлады выкарыстоўвалі нацыянальныя пачуцці беларусаў.

На акупіраванай тэрыторыі было дазволена адкрыць нацыянальныя школы. У Свіслачы была створана настаўніцкая семінарыя для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў для беларускіх школ (пра гэта мы пісалі раней).

Сядзіба Багудзенкі ў Поразава была пабудавана ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя Тадэвушам Бутаўт-Анджэйковічам, жанатым на Юзэфе Гельтман (памерла прыкладна ў 1935 г.). Тадэвуш быў адным з найбагацейшых памешчыкаў Гродзеншчыны. Ён першым у гэтых мясцінах набыў аўтамабіль і, кажуць, часам ездзіў абедаць у Варшаву. Апошнім уладальнікам сядзібы стаў іх сын Вітольд (памёр у 1945 г.), заручаны з Антанінай Брадоўскай.


Багудзенкі. Сядзібны дом. 1930-я гады.

Бутаўт-Анджэйковічы – старадаўні шляхецкі род герба “Грыф” у Гродзенскай губерні. Па сямейнай легендзе, род браў свой пачатак ад Вялікага князя Літоўскага – Гедыміна. Асаблівага статусу Бутаўт-Анджэйковічы дасягнулі з 1819 года, калі губернатарам Гродзенскім быў прызначаны Міхаіл Фадзеевіч Бутаўт-Анджэйковіч.

Сядзіба Багудзенкі ўключала ў сябе жылы драўляны дом і парк, які займаў больш за 4 гектары зямлі. У 1937 годзе сядзібу выкупілі жыхары пасёлка для арганізацыі тут бальніцы і жылля для мясцовага ўрача. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе крыху скарэктавала планы мясцовых жыхароў, але бальніца ўсё ж была арганізавана. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся і лагер для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, і нямецкае лясніцтва. У пасляваенныя гады ў сядзібе зноў была арганізавана бальніца, якая дзейнічала да 2002 года.


Свіслач. Нямецкі шпіталь. 1916 год.

Сам дом уяўляе сабой помнік драўлянай архітэктуры з элементамі барока і класіцызму. Будынак мае складаныя кампазіцыйныя формы – высокі ломаны дах, бакавыя фасады з двухпавярховымі вежамі, якія завяршаюцца шатровымі дахамі. Галоўны фасад мае кантаваны эркер з ламаным дахам і парадны ганак з чатырма слупамі, на якія абапіраецца мансарда.


Сядзіба Багудзенкі. 1920-я гады.

З дарогі да сядзібы вяла шырокая выязная алея, якая заканчвалася вялікім круглым кветнікам і доўгім радам туй. Таксама дзве алеі вядуць да штучных вадаёмаў, размешчаных у розных канцах парка. Сярод дрэў пераважаюць таполі і ліпы.

У доме абсталявана пячное ацяпленне. У савецкі час побач была прыбудавана ўласная кацельня, але частка печак захавалася. Будынак мае ўсяго адзін паверх. На другім паверсе толькі пакоі ў вежах.

Сёння сядзіба Багудзенкі знаходзіцца на балансе УЗ “Свіслацкая ЦРБ”.



Падрыхтавала Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Более 200 тысяч детей в Гродненской области стали участниками мероприятий в ходе акции «Наши дети»