banner

А малая радзіма цягне і сэрца кліча...

08 Августа’21
775
У гарадскім пасёлку Поразава адзначылі свята вуліц-суседак 1 Мая, Якуба Коласа і Лясной. Мерапрыемства прайшло ў парку адпачынку.

Не так часта атрымліваецца сабрацца жыхарам адной вуліцы. Быццам бы і побач усе жывуць, але паўсядзённыя справы і клопаты кружаць у сваім віры, не дазваляючы часцей сустрэцца, парадавацца поспехам суседзяў, адзначыць разам памятную дату або проста пагаварыць па душах. Такія святы вельмі патрэбны ў наш бурны век. Гэта дарагія моманты, якія надоўга застаюцца ў памяці.

Свята сабрала не толькі жыхароў трох вуліц, але і ўсіх, хто жыве побач з імі. Усе разам у гэты вечар радаваліся за суседзяў, родных і блізкіх.

Цёпла павітаў прысутных старшыня Поразаўскага сельскага Савета Віктар Акудовіч, адкрываючы мерапрыемства. Ён пажадаў поспехаў ва ўсіх пачынаннях, а таксама міру, дабра, узаемаразумення, шчасця, здароўя.

А далей пачалося ўшанаванне жыхароў вуліц-суседак. Кожны атрымаў на памяць пра свята сувенір. У гонар кожнага гучала музычнае віншаванне ад работнікаў Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу, Пацуеўскага сектара культуры і вольнага часу, а таксама мясцовых артыстаў, без якіх не абыходзіцца ні адно мерапрыемства ў пасёлку.

Першым віталі старасту вуліц Мечыслава Шапеля. Ён правая рука і надзейны памочнік старшыні сельсавета. Многа добрых слоў было сказана ў адрас найстарэйшых жыхароў вуліц. Яўгеніі Іванаўне Шарэнда сёлета споўнілася 92 гады. 89-гадовы дзень нараджэння адсвяткавала Марыя Уладзіміраўна Дмухоўская, 85-гадовы юбілей – Юзэфа Іосіфаўна Ярашэвіч. Цёплыя словы і пажаданні гучалі таксама ў адрас самых юных жыхароў – Багдана Траяна, Ксеніі Клімовіч і Кірыла Арсеньева. Тры сямейныя пары даўжэй усіх ідуць па жыцці разам. Віншаванні прымалі Іосіф Казіміравіч і Галіна Іосіфаўна Казановіч з вуліцы Якуба Коласа, Рамуальд Францавіч і Галіна Сямёнаўна Сакалоўскія з вуліцы 1 Мая, Вацлаў Іванавіч і Яніна Канстанцінаўна Кладкевіч з вуліцы Лясной.

Багаты гэты год на юбіляраў. Тры жыхары вуліц адсвяткавалі 70-гадовы юбілей. Гэта Валянціна Іванаўна Леванчук, Вера Станіславаўна Дмухоўская і Ганна Аркадзьеўна Шалкевіч. Валянціну Антонаўну Саўко, Станіславу Віктараўну Мікшуту і Марыю Уладзіміраўну Бараноўскую павіншавалі з нагоды 60-гадовага юбілею.

З 50-годдзем віншаванні прымала Марыя Чаславаўна Галась – выдатная жанчына, педагог і любячая мама. Залаты юбілей святкаваў таленавіты чалавек, самадзейны артыст, пастаянны ўдзельнік усіх культурна-забаўляльных мерапрыемстваў Сяргей Анатольевіч Ермаковіч. Пяцьдзясят год таксама адзначылі Генадзь Іосіфавіч Радошка, Іван Антонавіч Раманоўскі, Віктар Вацлававіч Кладкевіч, Генадзь Станіслававіч Дмухоўскі. Павіншавалі і самую маладую ў спісе юбіляраў – Таццяну Іванаўну Акудовіч, якой споўніцца ў гэтым годзе 40 гадоў.

Памятнымі падарункамі ад пярвічнай арганізацыі Поразаўскага сельскага Савета РГА «Белая Русь» узнагароджаны жыхары вуліц Іосіф Іванавіч Дмухоўскі і Валянціна Антонаўна Саўко за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці пасёлка.

Не маглі не ўспомніць на свяце жыхарку вуліцы 1 Мая Ганну Станіславаўну Шалкевіч. Хаця яна і нарадзілася ў суседнім Бераставіцкім раёне, але Поразава стала для яе другой малой радзімай. Яна бясконца палюбіла гэтую мясціну і ўслаўляе яе сваім кулінарным майстэрствам. Разам з паразаўчанкай Аленай Чаславаўнай Козюк яны выпякаюць банкуху – пірог, які ў 2019 годзе быў занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. І толькі яны ведаюць, як правільна выпякаць, каб  пірог атрымаўся смачным, духмяным, такім, як калісьці быў у поразаўскіх гаспадынь. Ганне Станіславаўне ўручылі дыплом «За адраджэнне малой радзімы» і памятны падарунак.





З некаторымі жыхарамі вуліц удалося пазнаёміцца крыху бліжэй.

Марыя АЎРАМАВА (у дзявоцтве Шарэнда) нарадзілася на вуліцы 1 Мая. Даўно з’ехала з Поразава. Спачатку атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Мінску. Потым па размеркаванні паехала ў Баранавічы, дзе сустрэла сваю другую палавінку. Муж быў ваенным, таму прыйшлося за ім пакалясіць па воінскіх часцях, пакуль не аселі ў Баранавічах. Там і жывуць цяпер. Ніколі не забывала Марыя Міхайлаўна малую радзіму. Апошнія гады разам з мамай кожнае лета адпачываюць у бацькоўскай хаце.

Віктар і Ганна ШАЛКЕВІЧ у Поразаве жывуць з 1982 года. Ганна Станіславаўна – ураджэнка Бераставіцкага раёна. З будучым мужам-паразаўчанінам пазнаёмілася ў Гродне. Віктару Станіслававічу падабалася гарадское жыццё, але па сямейных абставінах прыйшлося вярнуцца дадому. Разам з ім прыехала і Ганна Станіславаўна. Прыехала і прыкіпела душой і сэрцам да гэтых прыгожых мясцін. Ніводнай хвіліны не шкадуе, што так распарадзіўся лёс. Тут яна адбылася як жонка, маці, праславіла другую малую радзіму на рэспубліканскім узроўні.


Марыя Аўрамава, Віктар і Ганна Шалкевічы

Дзмітрый і Ганна ТРАЯН – маладая сямейная пара. У іх двое цудоўных хлапчукоў. Старэйшаму Іллі чатыры гады. Ён вельмі дапытлівы і не па гадах сур’ёзны. Малодшаму Багдану толькі адзін месяц. Кроха – самы юны жыхар вуліцы 1 Мая. Віншаванні ў свой адрас ён прымаў, мірна сапучы на руках мамы.



Рамуальд Францавіч і Галіна Сямёнаўна САКАЛОЎСКІЯ ў мінулым педагогі. А пазнаёміліся тут, у Поразаве.

Рамуальд Францавіч – мясцовы жыхар. У свой час служыў у радах Узброеных Сіл у Краснаярску. Там жа, яшчэ вайскоўцам, паступіў на завочную форму навучання ў педагагічны інстытут. Ураджэнка Бераставіцкага раёна Галіна Сямёнаўна прыехала ў Поразаўскую школу па размеркаванні. Маладыя педагогі звязалі свае лёсы і пайшлі разам па жыцці, дапамагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго і дома, і на рабоце. У Рамуальда Францавіча 50 гадоў працоўнага стажу. Ён працягваў некаторы час працаваць, і пасля пенсійнага ўзросту. Галіна Сямёнаўна аддала педагагічнай дзейнасці 37 гадоў.



Людміла БАЛЫШ

Предыдущая статья

Состоялась матчевая встреча 2 лиги чемпионата Республики Беларусь по футболу между командами «Свислочь» и «Чайка»