banner

Крыжы — наш абярэг

08 Октября’10
2171

Крыжы — наш абярэгДзіўная вёска Кусянцы. І вяскоўцы ў ёй жывуць незвычайныя, нібы Божым знакам памечаныя. Можа, гэта і сапраўды так?

Каму хоць раз давялося быць у Кусянцах, той не мог не заўважыць на ўездзе ў вёску тры вялікія крыжы. Гэта і ёсць той абярэг, які дзесяцігоддзямі ахоўвае сяло ад розных няшчасцяў і навалаў. І маюць гэтыя крыжы сваю дзіўную гісторыю, якая гадамі перадаецца з вуснаў у вусны. А нам яе паведала старэйшая жыхарка Кусянцоў Алена Аляксандраўна Агеец.

– Я добра памятаю, як усё адбывалася. Падлеткам тады была, нават сама ўдзельнічала ў той акцыі. Вайна вакол бушавала, людзі ў страху жылі за сябе, за дзяцей. На ўсіх адна бяда была, барані Бог, каб яшчэ калі такая спаткала.

Але людзі ў нас былі на дзіва дружнымі. Ніколі ніхто нікога не выдаў. Маму маю ў 1940-м годзе дэпутатам выбралі. Каб, крый Божа, немцы аб гэтым даведаліся, яна не пазбегла б расправы. Але ніхто не выдаў. І чалавека, якога немцы солтысам назначылі, таксама ніхто не выдаў, потым ужо, пасля вайны.

Немцы ў Кусянцах не стаялі, толькі ў Поразаве, але гэта ж зусім блізка ад нас. Не сказаць, каб вельмі часта ў вёску прыходзілі, але сяды-тады наведваліся. Хадзілі па дварах, курэй стралялі, правяралі, ці карова дае малако, ці ёсць свіння ў хляве, патрабавалі аддаваць малако, мяса, праўда, не ўсё, палову ўсё ж дазвалялі сабе пакідаць.

Алена Аляксандраўна ненадоўга змаўкае, як бы нешта прыпамінаючы, яе твар, які нават з гадамі не згубіў сваёй прывабнасці, робіцца вельмі сур’ёзным і засцярожаным. Вочы глядзяць некуды ўдалячынь, у мінулае.

– А потым па вёсках пагалоска прайшла, што калі за адну ноч у вёсцы ўзвесці тры крыжы, то любая бяда яе абміне, ніхто не загіне, – працягвае жанчына. – І тады неяк вечарам сабраліся разам усе мужыкі, бабы і нават падлеткі на вясковую раду. А потым падзяліліся на тры групы і ўзяліся за працу. Мужыкі ў лес падаліся дрэвы высокія пілаваць, а потым габлявалі іх, збівалі крыжы ды ўстанаўлівалі на горцы ў пачатку вёскі. Бабы павінны былі лён высушыць, нацерці, патрапаць, начасаць, спрасці і выткаць рушнікі, каб тыя крыжы абвязаць. І гэта ўсё за адну ноч. На самым досвітку ў сяле ўжо ўзвышаліся тры высачэзныя крыжы, абвязаныя льнянымі рушнікамі.

І, дзякуй Богу, за ўсю вайну не было выпадку, каб каго забілі ў вёсцы. Мінавалі наша сяло расстрэлы і здзекі.

Калі ўжо немцы пачалі адступаць у 44-м, усе вяскоўцы ў зямлянках хаваліся, бо страляніна была страшэнная, снарады падалі, бомбы рваліся. Вось сядзімо мы ў той зямлянцы, а немцы з боку ракі пачалі агнём паліваць па хлявах. Бачым, гараць хлявы, стрэхі ж саламяныя былі. Тады людзі кінуліся кожны да свайго хлява, каб агонь не пусціць да хатаў. І ўратавалі ж. Толькі хлявы згарэлі, а хаты ўсе ўцалелі. А суседнія Кавалі згарэлі.

Пасля вызвалення ўсе мужыкі пайшлі на фронт. Засталіся толькі старыя, бабы ды дзеці. Плакалі, галасілі мацяркі, жонкі, выпраўляючы з хаты сыноў, мужыкоў. І Богу маліліся, каб убярог, каб жывымі вярнуліся дадому.

Крыжы — наш абярэгІ што вы думаеце? Усе кусянцоўскія мужыкі вярнуліся дадому. Хто паранены, хто хворы, але жывыя. Мой будучы муж прыйшоў з вайны вельмі слабым, перанёс моцнае раненне. Яго медсястра са шпіталя прывезла, сам не даў рады. Потым стаў папраўляцца паціху. Ён праз плот ад мяне жыў. А я ж тады яшчэ маладзенькаю зусім была. Усяго пятнаццаць гадкоў. Вось ён мяне і запрыкмеціў праз плот, – бабулька ўсміхаецца, яе вочы свецяцца цеплынёй, і яна проста на вачах маладзее. – У 48-м у верасні мы з Юльянам маім пажаніліся. Я яму двух сыноў нарадзіла і дачушку. Старэйшы Уладзімір – доктар сельскагаспадарчых навук, жыве ў Мінску, дачушка Ганна – у Ваўкавыску, ужо на пенсіі, а малодшы Яўген – у Гродне, на заводзе карданных валаў працуе. Яго фота пастаянна на Дошцы гонару. Добрыя дзеці, шчырыя, працавітыя. Вось толькі бацьку нядоўга прыйшлося імі цешыцца. У 79-м раптам памёр. Вось з тых пор я ўдавіцай жыву. Але дзеці пра мяне не забываюць, шкадуюць, дапамагаюць. І мне ні за аднаго не сорамна. Дай Божа ўсім такіх дзяцей.

А крыжы, вы бачылі, і сёння стаяць. Толькі гэта ўжо іншыя. Тыя, што ў вайну ставілі, струхнелі. Дык на іх месца новыя паставілі. Але гэта ўжо потым, у 90-х гадах. Гэта наш абярэг, наша абарона ад розных бедаў. А з тых, хто тады меў дачыненне да ўстаноўкі крыжоў, я, бадай, адна і засталася. Не дзіва, столькі гадоў мінула. А мне здаецца, што ўчора было. І калі тое жыццё прамільгнула?

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Случайные встречи