Канец 2016 года запомніўся святочнай цырымоніяй уручэння нацыянальнай турыстычнай прэміі «Пазнай Беларусь», што праходіла ў снежні ў Мінску. Разам з маёй сястрой Раісай Качароўскай мы таксама былі запрошаны на ўрачыстую ўзнагароду пераможцаў.
Фотаконкурс «Я пазнаю Беларусь», аб’яўлены ў 15-ы раз Нацыянальным агенцтвам па турызму, стаў для нас добрай матывацыяй, каб аб’ездзіць мілую сэрцу старонку, намілавацца яе краявідамі, убачыць многа новага і адкрыць для сябе зноў нашу родную Беларусь. Мы здзейснілі падарожжа па Свіслацкаму, Ваўкавыскаму і Мастоўскаму раёнах. 9 мая – свята Перамогі – сустрэлі ў Брэсце і з задавальненнем пабывалі не толькі ў Брэсцкай крэпасці, але і пашпацыравалі па вуліцах цудоўнага горада. У вандроўцы па Іўеўшчыне нашым гідам стаў старэйшы брат Валянцін Пракопік, які дзесяць гадоў адпрацаваў старшынёй райвыканкама. Шмат цікавага даведаліся мы ў гэтым падарожжы, а потым па дарозе заглянулі ў Ліду ды Шчучын. І, вядома, былі зачараваны цудоўным горадам Віцебскам падчас фестывалю «Славянскі базар». У Мінску пабывалі на канцэртнай праграме Філіпа Кіркорава «Я», зрабіўшы перад гэтым пешую пяцігадзінную экскурсію па гораду. Ды, наогул, Мінск я асабіста лічу лепшым горадам на свеце, люблю яго пах, шум вуліц, музеі, тэатры. Бываю тут штогод і планую свае паездкі зноў і зноў.
Па ўмовах конкурсу трэба было зрабіць фотаздымкі ля аб’ектаў, якія прадстаўлены ў спісе Нацыянальнага агенцтва і адправіць іх арганізатарам. І хоць у сваёй намінацыі мы не перамаглі, уражанняў ад цырымоніі было шмат.
Лёгкі фуршэт з цудоўнай жывой музыкай, розныя фотазоны для фотаздымкаў, знаёмства з праспектамі нашых санаторыяў, музеяў, выданнямі газет і часопісаў і, безумоўна, размовы з такімі ж апантанымі людзьмі зачароўвалі. Па чырвонай дарожцы мы прыйшлі ў кангрэс-хол «Мінск». Нас вітаў Георгій Калдун, і свята пачалося. Да ўзнагарод прадстаўлены лепшыя экскурсавод, тураператар, сродкі масавай інфармацыі... Удзельнікі прэміі атрымоўвалі ганаровыя граматы, сувеніры, падарункі і, бясспрэчна, цудоўныя музычныя нумары. Словы падзякі за ўдзел у конкурсе прагучалі ад памочніка Прэзідэнта па пытаннях турызму і спорту Максіма Рыжанкова.
Прыгожым акордам свята стала песня «Белавежская пушча» Аляксандры Пахмутавай у выкананні Валерыя Дайнекі, кіраўніка ансамбля «Беларускія песняры».
Цырымонія скончылася, а эмоцый засталося праз край. І мы добра ведаем, што ў новым годзе таксама адправімся ў вандроўку па родным краі, каб адкрываць яго для сябе зноў і зноў…
Марыя САМАЛЕВIЧ,
аг. Грынкi.