9 снежня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча. З нагоды юбілейнай даты класіка беларускай літаратуры ў бібліятэках раёна ў рамках абласной акцыі “Чытаем разам” паэтычныя радкі песняра прадэкламавалі дзясяткі чытальнікаў рознага ўзросту і прафесій.
На паэтычнай гадзіне “Застаецца ён непаўторным” у Свіслацкай раённай бібліятэцы першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ М. В. Рудоміна разам са старшакласнікамі СШ № 2 прыгадалі факты творчай біяграфіі беларускага паэта. Усяго дзесяць гадоў пісаў таленавіты сын беларускай зямлі, але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да неўміручых радкоў класіка ўсё з большай сілай цягнуцца шчырыя людскія сэрцы. У зале гучалі цудоўныя радкі. Вучні эмацыянальна чыталі ўголас лепшыя паэтычныя творы Багдановіча, якія і сёння выклікаюць цікавасць: “Страцім-лебедзь”, “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”, “Ціха па мяккай траве”, “Плакала лета, зямлю пакідаючы”. М. В. Рудоміна пранікліва прадэкламавала ўрывак з паэмы “Вераніка”.
У Грынкаўскай бібліятэцы намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла “Нязбодзічы” ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” З. Т. Пелеш, майстар-наладчык філіяла М. У. Гошка разам з актыўнымі чытачамі дэкламавалі вядомыя вершы, вялі гутарку пра жыццё і творчасць Багдановіча. Літаратурная вечарына “Зорка беларускай паэзіі” застанецца добрым успамінам у памяці яе ўдзельнікаў.
З мэтай папулярызацыі жанравай і тэматычнай разнастайнасці творчай спадчыны Максіма Багдановіча супрацоўнікі Корнадзьскай бібліятэкі – цэнтра эстэтычнага выхавання, сельскага філіяла-клуба правялі літаратурны агеньчык “І не знікнуць паэтам вечна”. Запрошаныя на свята эканаміст УСП “Новы Двор-Агра” М. І. Ганчарэвіч, настаўніца пачатковых класаў Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы А. М. Жалоба, настаўніца матэматыкі І. В. Санюкевіч, выхавацель дзіцячага сада А. В. Лашкевіч разам з дзецьмі чыталі вершы “Слуцкія ткачыхі”, “Кніга”, “Зімовая дарога”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Да мамы лячу я”, “Кешка”. У выкананні А. А. Кулініч прагучала знакамітая “Зорка Венера”.
У Нязбодзіцкай бібліятэцы – цэнтры краязнаўства на паэтычнай вечарыне “Зорка Максіма” ў музыкальным суправаджэнні гучалі “Зорка Вянера” і “Вераніка”. Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы Багдановіча на тэму любові да сваёй Радзімы, узоры інтымнай і філасофскай лірыкі на беларускай і рускай мовах.
Удзельнікі акцыі “Чытаем разам” пераканаліся ў тым, што творчасць Максіма Багдановіча заўсёды будзе захапляць аматараў беларускай літаратуры.
Алена РАБЧАНКА,
метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі.