Вам, суседзі, вам, кумочкі,
…Беларусы-галубочкі,
Пяю з сэрца, падцягайце,
Вы грамадой голас дайце.
Зложым песню цэлым людам…
Цётка
Сёння 140 гадоў з дня нараджэння беларускай паэтэсы і грамадскага дзеяча Алаізы Пашкевіч – Цёткі.
Яна нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын у сям’і дробнага шляхціча. Лізенька, як пяшчотна яе называлі ў сямейным коле, з маленства вылучалася сваімі здольнасцямі да навукі. Падрыхтаваная хатнімі настаўнікамі да гімназіі, Алаіза паступіла ў 1894 годзе ў 4 клас прыватнай жаночай гімназіі В. Прозаравай у Вільні. У 1902 годзе пасля спецыяльных іспытаў атрымала пасведчанне на званне хатняй настаўніцы. Алаіза марыла працягваць вучобу, і ў 1903 годзе паступіла на вышэйшыя адукацыйныя курсы П. Лесгафта ў Пецярбургу.
Пад час вучобы Алаіза Пашкевіч удзельнічала ў гуртку беларускіх студэнтаў, пачала друкавацца ў нелегальных выданнях гуртка. Тады і пачаўся яе шлях у літаратуру.
Алаіза пісала вершы, выступала на беларускай мове на мітынгах і сходах. У 1905 годзе Пашкевіч была дэлегаткай ад віленскіх работніц на жаночым з’ездзе ў Маскве, удзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні.
У 1904 годзе Алаіза Пашкевіч пачала працаваць у віленскай бальніцы, адначасова прымала актыўны ўдзел у кіраўніцтве Беларускай сацыялістычнай грамадой, пакуль у 1905 годзе з-за пагрозы арышту не была вымушана пакінуць межы Расійскай імперыі.
У эміграцыі Алаіза вучылася ў двух універсітэтах – у Кракаве і Львове, дзе вывучала філасофію, філалогію і гісторыю. Узяўшы шлюб і памяняўшы прозвішча, яна вяртаецца на Радзіму. Працуе артысткай тэатра Ігнація Буйніцкага, рэдактуе часопіс для моладзі «Лучынка». З 1915 года Алаіза Пашкевіч многа працуе па арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні дзіцячых прытулкаў.
З пачаткам Першай сусветнай вайны яна стала працаваць сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага вайсковага шпіталю. У студзені 1916 года атрымала паведамленне аб смерці бацькі і выехала ў Ліду. Пасля пахарон наведала Стары Двор, дзе і засталася дапамагаць хворым землякам, але сама заразілася і на пачатку лютага памерла ад тыфу. Пахавана ў в. Стары Двор Шчучынскага раёна.
Дванаццаць гадоў пісала Цётка, пакінуўшы нам каля чатырох дзясяткаў вершаў, апавяданні і крытычныя артыкулы. Яна аўтар паэтычных зборнікаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», кніг для дзяцей «Першае чытанне для дзетак беларусаў», «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», аўтар шэрагу апавяданняў, у тым ліку і для дзяцей («Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты», «Сварба», «Сірата»), а таксама шматлікіх публіцыстычных артыкулаў («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова», «Аб душы маладзёжы»), якія ўспрымаюцца сёння як духоўны запавет пісьменніцы беларусам.
Ігар БАЯРКІН.