banner

Масленіца ў суправаджэнні мяцеліцы

16 Февраля’10
3132

Масленіца ў суправаджэнні мяцеліцыАдно з самых вясёлых і захапляючых свят — “Масленіцу” — адзначылі свіслачане і госці горада ў нядзелю. На народнае гулянне гукаць вясну сабраліся і дзетвара, і дарослыя, і людзі сталага ўзросту. А як жа інакш?! Забаў і гульняў хапала на ўсіх — выбар рабіў кожны на свой густ.

Надвор’е ў гэты дзень выдалася снежным — зіма быццам на развітанне вымятала апошнія снегавыя запасы, не збіраючыся ўступаць дарогу вясне. Тут і дарэчы тэатралізаванае прадстаўленне — сустрэча Зімы з Вясною, — падрыхтаванае работнікамі РДК. Ствараючы святочны настрой, свае цудоўныя прыпеўкі і песні дарылі свіслачанам самадзейныя артысты: народны фальклорны калектыў “Крынічанька”, народны хор ветэранаў працы “Сузор'е”, жаночая вакальная група “Мілавіца”, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Пушчанскія напевы”. Не абышлося народнае гулянне без традыцыйных абрадаў — спальвання чучала і першага вясенняга карагода.

Масленіца ў суправаджэнні мяцеліцыСамыя актыўныя і спартыўныя памераліся сіламі і павесялілі акружаючых, удзельнічаючы ў конкурсах лесарубаў, сямейных каманд, спартыўных спаборніцтвах, займальных праграмах. А вось “Свіслацкі стоўб” адолеў толькі Д. Б. Ладашчук. Роўных яму ў гэтым годзе не знайшлося. Упершыню быў арганізаваны конкурс “Ва ўладзе лёду і снегу”, у якім сваю фантазію праявілі вучні школ райцэнтра і выхаванцы Дома пазашкольнай работы. Пераможцам конкурсаў былі ўручаны заахвочвальныя прызы.

Масленіца ў суправаджэнні мяцеліцыЖадаючыя з задавальненнем адведалі гарачых духмяных бліноў, якія на гэтым свяце сімвалізуюць сонца. Здаўна лічылася: хто адведае масленічны блін, будзе здаровым і вясёлым круглы год. Даспадобы свіслачанам прыйшліся і іншыя прысмакі.

Адгуляла “Масленіца” у Свіслачы. Стрэлася Зіма з Вясною. Але, відаць, прыйдзецца пачакаць вясновага надвор’я, бо пакуль назіраецца нейкі збой у зімова-вясновым пагадненні.

Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

90 узлётаў, жыцця паваротаў...