banner

Помнiць сасна-хутаранка...

16 Февраля’10
3034

Помнiць сасна-хутаранка...Прыгажуня-сасна сустракае вас, бадай што, на ўездзе ў вёску Грынкі. Ёй пашчасціла больш за сваіх сябровак: колькі год яе абдуваюць вясновыя вятры, лашчыць летняе сонейка, закутвае ў белы вэлюм зіма… А сябровак няма. Няма ні елачак, ні сасонак. Каго ссеклі на дровы, іншыя парадавалі людзей на навагоднія святы, а, мо, якая стала і добрай мэбляй… А былі гады, калі сёння такая адзінокая сасна з цікаўнасцю дзівілася на жыццё хутарскіх людзей…

Хутар Клеціска з’явіўся, мо, у другой палове ХІХ стагоддзя, калі асвойваліся лясныя масівы пушчы. А ў 30-я гады тут пражывала дваццаць адна сям’я, амаль кожная мнагадзетная.

Жыў хутар адной вялікай дружнай сям’ёй. Кожны трымаў гаспадарку, зямлі мелі па дзесяць дзесяцін. Таму працавалі многа і старанна. У кожнага члена сям’і былі ўласныя абавязкі, якія добрасумленна выконваліся. Для парадку сярод дзяцей пад бэлькаю ў бацькі вісеў дубчык. Але, здаецца, гэты дубец ніколі не быў у справе, бо тут заўжды панавала ўзаемаразуменне. Жанчыны займаліся ткацтвам, вучылі яму дзяўчынак. Трэба сказаць, сярод хутаран былі і свае майстры на ўсе рукі. Так, Аляксандр Трафімавіч Воўчык быў добрым бондарам. Свае вырабы вазіў нават на кірмаш у Гродна. Меў сваю кузню Іосіф Іванавіч Кічкайла і з задавальненнем выконваў заказы жыхароў хутара.

Асабліва жаданымі і чаканымі былі тут вялікія святы. Усе збіраліся ў адной хаце, наймалі музыканта. Дзяўчаты «фарсілі» новымі сукенкамі, хлопцы пільна «цікавалі»: каго ж на танец запрасіць? Да самага рання гучала музыка ды разліваўся смех. Усім хутарам гулялі і вяселлі, збіраліся на хрэсьбіны, праводзілі ў армію.

Помнiць сасна-хутаранка...Маладой шаснаццацігадовай дзяўчынай Кацярына з Масева выйшла замуж за хутарскога хлопца Паўла. Так з’явілася яшчэ адна дружная сям’я — Кічкайла. Кацярына прыйшла на хутар пісьменнай, умела і любіла чытаць, выхавана была ў веры да Бога. Усё гэта яна старалася перадаць сваім дзецям. Трынаццаць гадоў пражыла Кацярына са свекрывёй, якая была знакамітай на ўсю акругу бабкай-павітухай. Павітухай ад Бога. Прыме дзіцятка, пазавіхаецца каля парадзіхі, а яшчэ і прадкажа, якой будзе жыццёвая дарога немаўляці.

Трыццаць пяць гадочкаў доўжылася шчаслівае сямейнае жыццё Кацярыны і Паўла. Ва ўзаемапавазе, беражлівых адносінах адзін да аднаго. Галасамі васьмярых дзетак звінела іх утульная хатка. А калыска так і не пакінула свайго месца: спачатку ў ёй гадаваліся дзеці, а потым — унукі.

Першым нарадзіўся Павел. Нідзе далёка не ад’ехаў ён ад роднае хаты. Усё жыццё адпрацаваў у мясцовым калгасе. А ў мінулым 2009 годзе адзначыў са сваёй Надзеяй Дзям’янаўнай, карані якой таксама хутарскія, залатое вяселле.

Помнiць сасна-хутаранка...У 1939 годзе нарадзілася Марыя. Хоць маленькай яшчэ была, але вайна засталася ў памяці і голадам, і холадам, і жыццём у лясных зямлянках… І назаўжды запомніла дзяўчынка таго салдата, які ў апошнія дні вайны падарыў ёй званочак і мяшочак цукерак. Пасля гэты званочак шмат гадоў гучаў 1 верасня ў школе. Марыя ж скончыла сямігодку і да пенсіі працавала ў райспажыўсаюзе.

Зусім маленькай памерла Насця. Даўно няма на гэтай зямлі і сыноў: Івана і Валодзі.

Таццяна, скончыўшы школу, доўгі час жыла і працавала на Урале. Потым вярнулася на бацькаўшчыну. На Украіне знайшоў сваё шчасце Георгій. Анатоль з сям’ёй жыве ў Брэсце. Ларыса закончыла курсы бухгалтара, працавала ў Свіслацкім гарсавеце.

Дзень 22 чэрвеня 1941 года пакінуў адметны след у лёсе сям’і Кічкайла. Да таго часу сям’я была прызнана кулацкай і раніцай рыхтавалася ад’ехаць у Сібір. Але… пачалася вайна. І хутаране сустрэлі яе на сваёй зямлі. На сваёй зямлі і засталіся.

У 50-я гады, калі працягвалася стварэнне калгасаў, пачалося перасяленне з хутароў. Але лёгкім яно не было. Больш пашанцавала тым, хто атрымаў калгасную хату ці кватэру «ад працы». Кацярыне Трафімаўне разам з дзецьмі, зяцямі ды нявесткамі прыйшлося доўга і цяжка будаваць новы дом. (У 1961 годзе не стала мужа.) Пабудавалі. Дом вялікі, светлы, прасторны і ўтульны. З белай цэглы. Перабрацца сюды з хутара змаглі толькі ў 1981-м.

Апошняй з хутара з’ехала Яўгенія Іванаўна Гінч.

Хутар. Хутар… Яго сцяжынкі-дарожкі. Зараснікі малінніку. Спеў птушак. Казачная цішыня. Скрып палазоў. Духмяныя яблыкі. Звон кузні… Ён і зараз стаіць у вушах тых, хто нарадзіўся ці вырас тут, хто з гадамі ўсё часцей і часцей успамінае далёкія часы дзяцінства, маладосці… І ці было дзе больш утульна, больш спакойна на Зямлі, як сярод квецені роднага саду! Ён яшчэ доўга пасля ад’езду сваёй апошняй гаспадыні радаваў вяскоўцаў яблыкамі, грушамі, малінай, парэчкай… А потым не стала і яго…

Даўно няма ўжо і Кацярыны Трафімаўны Кічкайла. Яна так і не змагла прызвычаіцца да жыцця «у людзях». Увесь час завіхалася па гаспадарцы, выхоўвала ўнукаў, вучыла дамашніх жыццёвай мудрасці, у вольны час шмат чытала… Ніхто не бачыў, каб яна проста сядзела на вясковай лаўцы. Хутар навучыў Кацярыну Трафімаўну жыць з павагай да людзей. А шлях да Бога, які адкрыла яна сваім дзецям, прывёў яе дачок Марыю, Таццяну, Ларысу да царквы. Апошнія гады яны ўвесь свой час аддаюць храму.

Вось так і засталася адна, зусім адна сасна-хутаранка. Сёння яна стаіць наўзбоч дарогі, што вывела былых жыхароў хутара ў людзі і пусціла ў добры шлях.

М. САМАЛЕВІЧ,

в. Грынкі.

На здымках: сасна-хутаранка; хата Кацярыны Кічкайла на хутары; хутарскія дзяўчаты (1957 год).

Предыдущая статья

Как живешь, ветеран?