18 мая мы адзначалі Міжнародны дзень музеяў. Гэта свята з’явілася ў святочным календары не так ужо і даўно.
У 1977 годзе на чарговым пасяджэнні Міжнароднага савета музеяў была прынята прапанова аб зацвярджэнні такой культурнай падзеі. З 1978 года свята стала адзначацца больш чым у 150 краінах свету. У гэты дзень у музеях праводзяцца розныя мерапрыемствы: выставы, навучальныя праграмы, лекцыі, навуковыя канферэнцыі.
Кожны год свята мае сваю тэму, прысвечаную пытанням музейнай дзейнасці. Напрыклад, такім, як незаконны вываз музейных каштоўнасцей, роля музеяў у культурным развіцці грамадства і іншае. Тэма бягучага года – “Музеі і культурныя ландшафты”. На мой погляд, яна як найлепш падыходзіць да Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея, бо менавіта ўпрыгожванню прылягаючай тэрыторыі музейныя работнікі аддаюць шмат часу.
Свае дзверы для наведвальнікаў музей гасцінна расчыніў у восем гадзін раніцы і запрасіў свіслачан і гасцей горада на тэматычныя экскурсіі і выставу мастачкі Л. К. Ламашкевіч “У хвіліны натхнення”. Але асноўныя мерапрыемствы свята разгарнуліся апоўдні. Літаральна ля сцен музея распачала працу выстава-продаж сувенірнай прадукцыі. Сувеніры, цацкі і іншыя вырабы народных майстроў-умельцаў можна было набыць за грошы, а можна было і выйграць, паўдзельнічаўшы ў бяспройгрышнай латарэі. У былым гаспадарчым памяшканні адкрылася этнаграфічная выстава “Тут карані, адсюль вытокі”, прысвечаная Году культуры. На ёй былі прадстаўлены экспанаты з уласных фондаў музея: прадметы хатняга побыту, рамесныя інструменты і прылады працы, посуд і вырабы ткацтва.
На пляцоўцы перад музеем ладзілі дзіцячую гульнёвую праграму ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” з Грынок. “Жабкі”, “коцікі”, “зайчыкі” – каго тут толькі не было. Дзеці з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і конкурсах. Пераможцы атрымлівалі салодкія прызы, а ўсе разам – зарад бадзёрасці і добрага настрою. А потым дзеці доўга і зачаравана назіралі за тым, як у руках майстра В. Аніські кавалак гліны ператвараецца ў прыгожы збаночак.
На пленэр “Музей вачамі дзяцей” запрасілі юных мастакоў, навучэнцаў мастацкага аддзялення Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў. Ім было адведзена тры гадзіны на тое, каб адлюстраваць сваё бачанне музея. Кожны з іх выбраў свае ракурс і тэхніку, і праца закіпела. Яе вынікам стала выстава, разгорнутая з дапамогай музейных супрацоўнікаў, непасрэдна каля яго сцен.
Вячэрняя праграма сабрала шмат гледачоў. Гэта і зразумела, бо на музейнай пляцоўцы ладзілі свае выступленні народны хор ветэранаў працы “Сузор’е” і народны фальклорны калектыў “Крынічанька”. Цудоўна падабраны рэпертуар, прыгожыя галасы артыстаў – усё гэта нікога не пакінула раўнадушным. Узнагародай таленавітым землякам былі шчодрыя апладысменты паклоннікаў іх таленту.
Напрыканцы святочных мерапрыемстваў усіх прысутных ветліва запрасілі на прагляд фільма “Свіслаччына сёння”, падрыхтаванага работнікамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Тэма Дня музея 2016 года падкрэслівае адказнасць музеяў за іх культурныя ландшафты, а таксама за захаванне спадчыны незалежна ад таго, знаходзіцца яна ў сценах музея ці па-за яго межамі.
Ігар БАЯРКІН.
Фота аўтара и Грыгорыя ШЫРАЕВА.





