Рака майго дзяцінства

08 Февраля’10
3834

Рака майго дзяцінстваЗімовыя канікулы. Студзень. Мароз скаваў рэчку і балота. Чаму балота? Бо рачулка Рось, якая працякае ля нашых Заполічаў, мініяцюрная ў шырыню, а для круцёлкі, якую наладжвалі падлеткі, патрэбна досыць прастору. Круцёлка – гэта сані, прыкручаныя да жэрдкі, якая, у сваю чаргу, замацоўвалася на коле ад воза. Кола фіксавалася ў лёдзе, і яго трэба было круціць, каб саначкі шпарка беглі па крузе. Гэткая карусель у стылі 60-х. Пракаціцца на ёй – блакітная мара майго дзяцінства, бо часцей на сані ўсаджваліся старэйшыя, а нас, малых, ці то з абавы, каб нешта не надарылася, ці проста таму, што малыя, дапускалі да круцёлкі нячаста.

Але затое мы мелі час, каб даследаваць рэчку, у якой плёскаліся, не прасыхаючы, кожнае лета.

Якія цікавыя рэчы адкрываліся!.. Вось на гэтым месцы, дзе давалі нурца і скакалі, акунаючыся з галавою, “баба сеяла гарох...”, можна звычайна прайсціся. Недаступны летам чарот можна памацаць рукамі. Праўда, зараз ён зусім сівы, нібы дзед з раскудлачанай барадой.

Пакуль старэйшыя шумяць на круцёлцы, мы спрабуем пакатацца на лёдзе. Дагэтуль помніцца тое расчараванне, калі падэшвы адмаўляюцца коўзацца, бо то тут, то там праз лёд павыбівалася балотная расліннасць. Яна і перашкаджае адчуць сапраўдную асалоду...

Тое месца, дзе наладжвалася круцёлка, называлася ў вёсцы Карчы. Наша карусель размяшчалася якраз на там, дзе раней было старое русла. Аб гэтым даведалася пазней, да свайго шчырага здзіўлення, і гэта было яшчэ адно адкрыццё пра маю рэчку. Наша рака, аказваецца, мяняла свой шлях, пакідаючы за сабой небяспечную дрыгву і падземныя крыніцы.

Але вернемся да назвы. Чаму Карчы? Усё проста: абапал берагоў тырчалі карчы старых альшын, якія раслі тут спрадвеку.

Былі і іншыя купальні, гэта значыць, месцы, на якіх мы разнастайвалі свой летні адпачынак. Часамі мы дамаўляліся ісці на Улянку альбо Лысаўскае. Калі паходжанне назвы Улянка, пэўна, тлумачыцца тым, што там стала плёскаліся гусі, якіх у вёсцы гадавалі гуртамі, а падзывалі звычайна “улі-улі”, то назва Лысаўскае мае больш сучаснае паходжанне. Тут меў звычай адпачываць настаўнік, якому дзеці (здагадайцеся з аднаго разу, чаму?) далі мянушку Лысы. Дарэчы, добры быў настаўнік, і, пэўна, мянушка яму дасталася дзякуючы толькі недобрасумленным вучням. Сяргей Аляксандравіч Шкуноў. Хай яму гэты ўспамін будзе маім знакам удзячнасці за тое, што менавіта ён выклікаў у мяне цікавасць да мовы. Строгі быў, непадобны да мясцовых сваімі звычкамі. Тутэйшыя мужчыны ў яго ўзросце рэдка хадзілі на рэчку проста пакупацца. А ён вельмі любіў водныя працэдуры на свежым паветры... Можа, што сам родам з Волгі. Нават аднарукасць (левая рука па локаць адсутнічала) не перашкаджала яму шпарка рабіць адмашкі. Заплывы Сяргея Аляксандравіча вызывалі вялікую цікавасць, асабліва ў дзяцей. Поразава, дзе мы вучыліся, стала для яго і месцам апошняга прытулку. Неардынарны быў чалавек. Ужо зараз з вышыні ўласнага ўзросту гэта разумееш асабліва. Ён даваў трывалыя веды, вучыў на ўсё жыццё. Яго схемы правіл на дошцы і зараз перад вачамі. І філфак я абрала таму, што была ўпэўнена ў сваіх ведах. Светлая яму памяць!

Было яшчэ адно месца, на якім, па ўспамінах маёй мамы, купаліся яе равеснікі ў дзяцінстве. Называлася яно Рызец. Там мы бывалі радзей. Рызец быў плыткі, многа мулу, і плёскаліся там звычайна гусі, ды каровы хадзілі на вадапой. Падыходы да Рызца былі забалочаныя, вытаптаныя жывёламі. Але быў там адзін утульны паўвастравок, акружаны альшыной, на якім многія любілі адпачываць.

Дарэчы, пра забалочанасць. Акрамя Карчоў, да ўсіх нашых купален можна было прайсці толькі па балоце. Помніцца гэтая вытаптаная сцежачка, якая месцамі станавілася зусім непрыдатнай для вандроўкі ў абутку, і тады мы знімалі свае сандалі і шлёпалі па гразі набасанож, каб потым адным акунаннем у раку змыць яе з сябе.

Яшчэ адно месца было на маёй рацэ дзяцінства – Кладка. Яна і зараз выконвае сваю адвечную ў Заполічах функцыю: тут жанчыны мыюць бялізну. Але колькі ўсяго адбывалася на Кладцы, акрамя прання!.. Тут абмяркоўваліся ўсе вясковыя навіны. Размовы, сустрэчы, нават прызнанні ў каханні.

А колькі разоў мы ў самыя непадыходзячыя моманты падалі ў рэчку, паслізнуўшыся на кладцы! Колькіх збянтэжаных, ачмурэлых падзеннем выцягвалі з вады! І самой здаралася акунуцца прама пад кладку, і мая дачушка прадоўжыла гэтую «традыцыю» і была выкупана ў гаючай вадзе Росі.

А якая гэта была кладка! Усім кладкам кладка! У два ярусы. На верхнім можна было прысесці, паставіць побач тазік з зачэрпнутай з ракі вадой і заняцца праннем. З яе можна было пабоўтаць нагамі ў вадзе. На ніжнім звычайна калацілі пранікам (гэта такое прыстасаванне з дрэва) ходнікі.

Часта пад вечар, калі нікога на кладцы не было, мы, дзеці, наладжвалі суботнік і да белі шаравалі дошкі кладкі.

А як звычайна неслі з рэчкі дамоў мыла? Звычайнае гаспадарчае. У спалучэнні з рачной вадой ніякі “Арыэль” не можа параўнацца па эфекту з ім. Дык вось, гэтае мыла, мокрае, слізкае, аблепвалася лісцем альшыны, да якой толькі працягнуць руку з кладкі, і так прыносілася дамоў. На яго паверхні адбіваўся непаўторны прыродны ўзор ад тоненькіх пражылак лісточка.

Рака майго дзяцінстваЧасам мы прадпрымалі вандроўкі па рэчцы на надзьмутай камеры ад кола ГАЗа. Ну і страшна было! Асабліва калі заплывалі ў такія мясціны, дзе за высокім чаротам не відаць было дарогі.

На рацэ заўсёды (і да гэтага часу) раслі гарлачыкі. Калі яны толькі распускаліся, мы рабілі з іх упрыгожанні на шыю, нейкім немудрагелістым прыёмам ствараючы са сцябліны два ажурныя ланцужкі.

Сядзелі ў рэчцы цэлымі днямі. Дагэтуль памятаю, як трасецца ўсё цела ад холаду, а няма ніякай сілы вылезці з вады. Нарэшце разумееш, што трэба ісці дахаты. Забяжыш, крыху сагрэешся – і зноў на Карчы.

Потым і мой сын гэтак жа добрасумленна да фіялетавага колеру губоў «працаваў» на вадзе. Выгнаць яго з рэчкі было немагчыма. А калі я з’яўлялася на гарызонце, каб загнаць яго дахаты, яму так хацелася паказаць свой спрыт на вадзе, што я пакорліва і даравальна назірала за яго нурцамі і заплывамі, успамінаючы сябе самую.

Мае дзеці ўсё лета праводзілі ў Заполічах. І зараз іх цягне сюды, нібы магнітам. Ужо і маіх унукаў прывозяць і ходзяць на рэчку карміць лебедзяў. І я з радасцю разумею, што і яны будуць сюды спяшацца.

Рака майго дзяцінства пахла альшыной, гарлачыкамі і... шышамі. Гэта звычайныя рыбкі-калючкі, якіх мы ў перапынках паміж купаннямі лавілі рукамі. Пападаліся сярод іх экзэмпляры з чырвонымі бакамі. Лічылася за гонар злавіць такога. Іх чамусь называлі “масквічамі”. Яшчэ лавілі на вудачку кялбоў, вадзіліся ў рэчцы ракі, п’яўкі і валасяніцы, якіх баяліся асабліва. Апошнія былі двух відаў: адна – як танюсенькая нітачка-вуж, другая – у выглядзе жучка з вусікамі.

Калі прыйдзеш на кладку зранку, яна ўся усыпана слімакамі і аршыткамі. Апошнія звонку нагадваюць звычайныя драўляныя трубачкі, а ў сярэдзіне – жывая істота. На іх таксама лавілі рыбу.

У спякотныя дні над рэчкай то тут, то там узлятаюць стракозы. Пападаюцца вялікія экзэмпляры, якія пераліваюцца цёмна-сінім перламутрам. Сталыя насельнікі нашага лугу і рэчкі – зялёныя конікі. А таксама камары, авадні і слепакі. Апошнія жаляць балюча, але і прышлёпнуць іх не стварае цяжкасці.

Калі гаварыць пра нашу рэчку, немагчыма не ўспомніць пра Мост. Цяпер ён – нейкае прымітыўнае прыстасаванне. А некалі...

Некалі гэта было амаль архітэктурнае збудаванне, створанае рукамі нашых дзядоў і прадзедаў. Бервяно да бервяна, сапраўдныя круглякі складалі яго аснову. Завяршалі мост масіўныя парэнчы, на якіх амаль штодня, за рэдкім выключэннем, сушыліся стракатыя ходнікі. Гаспадыні пакідалі іх на цэлы дзень, а то і на ноч, пакуль не высахнуць. І нічога не прападала.

Пад мостам у вадзе – замшэлыя, пакрытыя аршыткамі і слімакамі палі. Між імі мы часта плавалі на тых жа камерах, даследуючы кожны закуток.

Мост – справа і клопат усёй вёскі. Калі нешта трэба ў ім наладзіць, мужчыны дамаўляліся і выходзілі на работу талакой.

Мост – аб’ект стратэгічны, таму што на другім беразе – паша для статка кароў. Таму і клопат аб яго спраўнасці быў такім важным для вёскі.

У кожнага з нас свая Рака Дзяцінства. Мне нават здаецца, што рэчка дзяцінства – гэта адзін з нашых жыццёвых выхавацеляў. Там многае было заложана. Найперш – любоў да родных людзей і мясцін. Тыя пахі да гэтага часу свежыя. Тыя галасы – жывыя, тая вада – ачышчальная.

Ядвіга КУРЫЛА.

На здымках: на кладцы летам (фота з сямейнага альбома).

 

Ад рэдакцыі. Паважаныя чытачы! Будзем рады атрымаць ад вас допісы аб дарагіх сэрцу мясцінах. У кожнага яны свае. А разам — гэта наш родны край.

Предыдущая статья

Пограничная зона открыта, если...