У рамках абласной акцыі “Чытаем разам” у бібліятэках Свіслаччыны прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.
Вучні, настаўнікі і дарослыя чытачы Нязбодзіцкай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства былі запрошаны на літаратурную сустрэчу “Кандрат Крапіва – байкапісец”. Для прысутных быў праведзены агляд літаратуры “Постаць і творы”, дзе былі прадстаўлены матэрыялы аб пісьменніку з фотаздымкамі, а таксама яго творы – усенародна любімыя камедыі, байкі і сатырычныя вершы, напісаныя ў розныя гады. Прагляд электроннага выдання “Паэт і час” даў поўную ўяву аб шматграннай творчасці Кандрата Кандратавіча.
Бібліятэкар Вердаміцкай бібліятэкі сумесна з настаўнікамі мясцовай школы правялі для вучняў 4–6-х класаў літаратурнае знаёмства “Кандрат Крапіва – байкапісец”. Адкрыць для дзяцей самабытны талент паэта-сатырыка дапамаглі яго вядомыя байкі, прачытаныя настаўнікамі музыкі А. А. Скібіцкай і пачатковых класаў І. С. Раманоўскай.
У Ханявіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства на сустрэчы ў літаратурнай гасцёўні “Патрыярх беларускай сатыры” прагучалі байкі ў выкананні запрошаных гасцей: кіраўніка справамі Ханявіцкага сельскага Савета М. І. Саўко, настаўніцы нямецкай мовы мясцовай школы А. А. Мацкевіч, загадчыка сельскага філіяла-клуба А. І. Пісар і ўсіх жадаючых.
Удзельнікі літаратурнай вечарыны “Майстэрства К. Крапівы – байкапісца” ў Корнадзьскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства чыталі і інсцэніравалі байкі, казку.
На літаратурнай вечарыне “Майстар пякучага слова” ў Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства запрошаныя госці – старшыня Поразаўскага сельскага Савета В. В. Акудовіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УСП “Саўгас “Поразаўскі” Т. М. Здрадоўская – дэкламавалі вершы і байкі Кандрата Крапівы. У выкананні вучняў А. Леванчука і М. Здрадоўскага паказана інсцэніроўка байкі “Мурашка і жук”. Напрыканцы сустрэчы ўсе разам па радку прачыталі байку “Дыпламаваны баран”.
Алена РАБЧАНКА,
метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі.