На базе Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся методыка-практычны семінар для выкладчыкаў вакальна-харавых прадметаў і кіраўнікоў харавых калектываў дзіцячых школ мастацтваў Гродзенскага метадычнага аб’яднання.
У рабоце семінара прынялі ўдзел 39 выкладчыкаў з 16 дзіцячых школ мастацтваў Гродзеншчыны, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва, выкладчыкі і навучэнцы Свіслацкай ДШМ, Мастоўскай ДШМ, Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа.
З прывiтальным словам да ўдзельнiкаў звярнулася дырэктар Свіслацкай ДШМ М. М. Далідоўская. Яна пазнаёміла прысутных з гісторыяй і дзейнасцю навучальнай установы, якая ў бягучым годзе адзначыць сваё 50-годдзе. Напярэдадні юбілею дзейнасць калектыву адзначана на абласным узроўні: школа атрымала дыплом І ступені па выніках абласнога конкурсу “Установа культуры года-2015” сярод дзіцячых школ мастацтваў.
Падчас семінара адбылася творчая справаздача педагогаў і навучэнцаў Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнікам семінара быў прапанаваны музычны спектакль “Рознакаляровы мір дзяцінства”, у якім прагучалі выступленні дзіцячых харавых калектываў школы, вакальных ансамбляў, салістаў. Разам с выканаўцамі і вакальнымі ансамблямі выступілі ўзорны ансамбль народных інструментаў “Калінка” пад кіраўніцтвам Т. К. Вайцяхоўскай, ансамбль скрыпачоў (кіраўнікі І. В. Чуланава, І. А. Барэль), інструментальнае трыа “Improvisation”.
Цудоўнае рознакаляровае падарожжа па музычным сусвеце суправаджалі вядучыя тэатралізаванага прадстаўлення Маленькі Прынц і Хлопчык (Леў Пучкін і Уладзіслаў Ванюкевіч). Выступленні ўсіх удзельнікаў музычнага спектакля выклікалі ў слухачоў незабыўнае яркае мастацкае ўражанне.
У другім аддзяленні семінара творчую справаздачу трымалі нашы госці: педагогі і навучэнцы Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Падчас семінара адбыўся абмен думкамі па шырокаму колу пытанняў выкладання вакальна-харавых прадметаў, развіцця харавога мастацтва.
Ігар БАЯРКІН.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.