banner

...І гудзелі быццам рой, Грынкі

18 Марта’16
2371

...І гудзелі быццам рой, Грынкі

Аграгарадок Грынкі прымаў раённы конкурс “Я – сялянка”. Сюды з’ехаліся прадстаўніцы сельскіх саветаў Свіслаччыны, каб пакарыць журы і гледача сваёй прыгажосцю, талентам, артыстычнасцю, пачуццём гумару і – як вынік – назвацца лепшай вясковай жанчынай.

 

За гэты тытул змагаліся А. С. Мацейка (Навадворскі сельсавет), М. А. Гаўрылавец, М. М. Казлоўская (Нязбодзіцкі сельсавет), Ж. Т. Сыраежка (Поразаўскі сельсавет), С. У. Цясноўская (Дабравольскі сельсавет) і С. М. Мартыновіч (Вердаміцкі сельсавет). Яны, работнікі сфер культуры, адукацыі, сельскай гаспадаркі, раскрывалі свае таленты, удзельнічаючы ў трох конкурсах.
Лейтматывам візіткі стала фраза “Жыву ў вёсцы і тым ганаруся”. Вядома, у кожнай удзельніцы жыццё склалася па-свойму. Але ёсць між імі і нешта агульнае: ні адна з іх не шкадуе, што звязала свой лёс з вёскай. Бо тут суседзі з душой наросхрыст, ёсць свой кавалак зямлі, свая гаспадарка, “малачко сваё і скварка”. Словам, ёсць прастора для шчасця. Хочацца жыць, кахаць і спяваць.

 

 

 

 

Да другога конкурсу, “Свет маіх захапленняў”, кожная ўдзельніца падрыхтавала маленькую выставу, дзе прадставіла вынік сваіх любімых заняткаў. Так, Святлане Мартыновіч з Вялікага Сяла па душы рукадзелле і выпечка. Яе здоба даспадобы і дамачадцам, і гасцям, якім у гаспадыні заўсёды ёсць што прапанаваць да чаю.

 

 

 

 

 

 

Марыя Максімаўна Казлоўская з Грынок таксама любіць завіхацца ля пліты. Акрамя таго, паспявае нарыхтаваць на зіму дары лесу, агародніну і садавіну. Найбольшая яе слабасць – капустка: квашаная, марынаваная... А яшчэ Марыя Максімаўна любіць спяваць разам са сваімі сяброўкамі з вакальнай групы “Спадчына”.
А творчая натура Марыны Гаўрылавец з Нязбодзічаў просіць прыгажосці. І маладая жанчына, каб задаволіць свае душэўныя патрэбнасці, стварае дзіўныя рэчы. Яе рукатворны скарб – розныя пляцёнкі, шкатулкі, куфэркі.
Хоць і шмат часу адбірае ў Алены Мацейкі праца (яна брыгадзір вытворчага ўчастка ў жывёлагадоўлі), знайсці хвілінку для любімай справы ўсё ж удаецца. І тады Алена Станіславаўна вяжа дзіўныя шалі і хусткі, кофтачкі і шапачкі. Можа і ходнічкі сплясці.

 

 

 

 

 

 
У хаце настаўніцы Святланы Цясноўскай з Ціхаволі тры дарослыя мужчыны. Таму і хобі склалася само сабой: гатаваць і карміць. Ды не проста бульбай з маслам: прысмакаў на яе шчодрым стале багата. А яшчэ Святлана Уладзіміраўна любіць спяваць і вершы складаць.
Жанна Сыраежка з Сакольнікаў па-майстэрску выконвае карціны з паперы – выцінанкі. Ёсць у Жанны Тадэвушаўны яшчэ адна падстава для гонару – цацкі, выкананыя кручком у японскай тэхніцы амігурумі. “Мне б рук трохі болей, суткі расцягнуць даўжэй, – шкадуе аб недахопе часу майстрыха, – і абучыць хоць аднаго вучня”.

 

 

 

 

 

 


Апошні конкурс закрануў, бадай што, самыя трапяткія пачуцці сялянак. Ім давялося расказаць, аб чым марыць сучасная жанчына. Дык аб чым жа? Каб у хаце пахла хлебам. Каб былі ў ёй мір і лад. Каб шчасліва склаўся лёс дзетак. Мараць заставацца патрэбнымі людзям і дасягаць поспехаў у працы.
Як ні складана было журы вылучыць адну лепшую, усё ж выбар быў зроблены. Дыплом пераможцы конкурсу “Я – сялянка” адправіўся ў Навадворскі сельскі савет. Яго ўладальніцай стала Алена Мацейка.
В. А. Суботка, старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў:
– Хачу адзначыць, што ўсё ўдалося. Патрапілі і з выбарам удзельніц. Сёння вы такія розныя: і па ўзросту, і па прафесіі. Але і агульнага паміж вамі нямала. Гэта і рознабаковы лад жыцця, і актыўная жыццёвая пазіцыя. Дзіўлюся, як вы ўсё паспяваеце?! І дзякую. І ўдзельніцам, і камандам, якія іх рыхтавалі. Хочацца бачыць вас зноў і зноў на розных мерапрыемствах. А конкурсу – быць!
Г. М. Чыжыкава, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”:
– Вы цудоўныя жанчыны, лепшыя маці, прафесіяналы сваёй справы. На гэтай сцэне вы прадставілі лепшы вобраз жаночай паловы раёна. Той, якой пад сілу быць не толькі клапатлівай гаспадыняй, добрай дачкой, каханай жонкай, пяшчотнай маці, але і дасягаць значных поспехаў у выбранай прафесіі.
І. Э. Паўлючэня, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Гэта ўжо другі па ліку конкурс “Я – сялянка”. Два гады таму ў сценах Грынкаўскага філіяла-клуба нарадзілася сама ідэя такога творчага спаборніцтва. Яе падтрымалі аддзел культуры, сельскія саветы, раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын. І ўсё атрымалася. Наступны раз сустрэнемся ў Новым Двары, на тэрыторыі сённяшняй пераможцы.
І. В. Саўко, балельшчыца:
– Я прыехала на конкурс з Новага Двара, каб падтрымаць сваю пляменніцу Алену Мацейка. Са мною тут дачка, зяць і ўнучка. Кінулі гаспадарку і прыехалі. Вельмі хваляваліся. Алена пасля жараб’ёўкі перажывала, што ёй першы нумар дастаўся. Вядома, першай цяжка выступаць. А я ёй ад душы пажадала: “Хай ён і ў канцы будзе першым”. Атрымліваецца, напрарочыла.

 

 

 

Наталля ТУРКО.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Во всем первые